Маладзечанскі пісьменнік з Германіі напісаў верш у памяць Пеці Надточага
Увечары пасля публікацыі паведамлення пра смерць 6-гадовага вілейчаніна Край.бай атрымаў пісьмо ад пісьменніка і паэта Сяргея Брандта з вершам у памяць хлопчыка.
Нагадаем, што Пеця з самага нараджэння пакутаваў на рэдкае генетычнае захворванне, з-за якога ў яго была вельмі крохкая скура. Нягледзячы на дапамогу шматлікіх людзей, яго не стала 31 мая.
Увечары 2 чэрвеня пасля паведамлення парталам пра адыход хлопчыка маладзечанец Сяргей Брандт, які зараз жыве ў Германіі і піша там дзіцячыя і дарослыя вершы, казкі, гісторыі на рускай і беларускай мовах, прыслаў у рэдакцыю Край.бай верш, прысвечаны Пецю.
ЛIХТАРЫК
Памяці Пеці Надточага
Хлопчык памёр – Лiхтарык,
Дарослым стаў яго тварык.
А ён не зрабiў нiчога,
Анёлам каб быць каля Бога.
Ён не пайшоў у школу,
Памёр i трапiў да долу.
Маленькi i шчыры агеньчык,
Жыцця гаварлiвы струменьчык.
Смерць – яна цётка чужая,
Лiхтарык у цемру схавае.
А нам застануцца зноў кветкi,
Яны, як маленькiя дзеткi.
Сяргей Брандт, 02.06.2014