Паслухаць музыку Аляксандра Дзяругі і пазнаёміцца з яго творчасцю. 115-годдзе кампазітара адзначаць у Смаргонскім раёне
23 жніўня спаўняецца 115 год з дня нараджэння беларускага кампазітара, ганаровага грамадзяніна Смаргоні Аляксандра Дзяругі. З гэтай нагоды ў Сінькоўскай сельскай бібліятэцы Смаргонскага раёна 10 жніўня адбудзецца час краязнаўства “Жыццёвымі сцежкамі Аляксандра Анісімавіча”.
Як распавяла Край.бай бібліятэкар Сінькоўскай сельскай бібліятэкі Ірына Астрынская, 115-годдзе кампазітара ў сценах іх установы адзначаць невялічкім экскурсам у жыццё і творчасць Аляксандра Анісімавіча Дзяругі.
– У гэты дзень наведвальнікам бібліятэкі будзе прадстаўлена невялічкая выстава з фотаздымкамі і звесткамі пра жыццёвы шлях Аляксандра Дзяругі. Таксама будзе магчымасць праслухаць музыку гэтага кампазітара, нажаль, толькі ў электронным варыянце, так як выхаванцы Смаргонская дзіцячай школы мастацтваў яшчэ на канікулах, – адзначыла Ірына Астрынская.
Даведка: Аляксандр Дзяруга нарадзіўся 23 жніўня 1901 года ў Ракаве (па іншых звестках, у Мінску) у шматдзетнай сям'і. У гады вайны Аляксандр Дзяруга жыў у Смаргоні, удзельнічаў у партызанскім руху. Аўтар шэрагу апрацовак для цымбальнага аркестра, у тым ліку беларускай народнай песьні «Лянок» і польскай «Трамблянка». Напісаў «Марш піянераў Смаргоні», вальс «Нарач», «Святочную» і іншыя. Зрабіў шмат запісаў беларускага песеннага і інструментальнага фальклору («У Марцінавым саду», «Залескія прыпеўкі», «Смаргонская полька»). Памёр Аляксандр Анісімавіч 25 мая 1979 года на 78-м годзе жыцця. Пахаваны на старых могілках у Смаргоні. Ганаровы грамадзянін Смаргоні (1993 г.). Яго імем названа вуліца ў Смаргоні.
shkola.of.by
Мерапрыемства з нагоды 115-годдзя Аляксанра Дзяругі ў Сінькоўскай бібліятэцы запланавана на 10 жніўня.
Сяргей ЮРЭВІЧ