Опубликовано: 06 февраля 2014, 20:20
50

У 2013 годзе смаргонская бальніца набыла новую медтэхніку і зрабіла рамонт у аддзяленнях

Галоўны ўрач ЦРБ Уладзіслаў Галяк расказаў аб выніках работы і перспектывах на новы год цэнтральнай раённай бальніцы ў Смаргоні.

Аб гэтым піша газета “Светлы шлях”.

– Уладзіслаў Робертавіч, якія леташнія дасягненні Вы лічыце найбольш каштоўнымі для аховы здароўя насельніцтва Смаргоншчыны?

– Мінулы год быў для медыцынскіх работнікаў вельмі паспяховым у плане асваення новых тэхналогій, набыцця новага сучаснага абсталявання. Мы набылі новы УЗІ-апарат.

Укараняліся нанатэхналогіі ў траўматалогіі, гэта аддзяленне, дарэчы, летась атрымала статус міжраённага. Урачы-траўматолагі пачалі праводзіць аперацыі па двухполюсным эндапратэзіраванні сустава. Між іншым, нашы ўрачы-траўматолагі прааперыравалі 37 чалавек з іншых раёнаў вобласці. У гэтым годзе пералік аперацый будзе значна пашыраны. Бясспрэчная заслуга ў гэтым і нашага няўрымслівага прафесіянала Ігара Дзям’янчука, які трымае руку на пульсе часу і імкнецца асвойваць новыя метады і тэхналогіі.

Рашэннем Міністэрства аховы здароўя ў нашым раёне праводзіцца скрынінг або, іншымі словамі, метад спецыяльнага дыягнастычнага даследавання, пры якім выяўляюцца асобы з якой-небудзь паталогіяй або фактарамі яе развіцця. Спецыяльнае абследаванне прастаты прайшлі больш за пяць тысяч мужчын, было выяўлена пяць выпадкаў анкалогіі на ранняй стадыі. У ліпені пачаў працаваць мамограф, з дапамогай якога ў чатырох жанчын выяўлена анкалогія малочнай залозы на пачатковай стадыі. Як вядома, выяўленне такіх захворванняў на самым пачатку дае магчымасць паспяхова праводзіць лячэнне.

Добра працуе міжраённае аддзяленне гемадыялізу. Цяпер тут праходзяць лячэнне 16 чалавек. Хутка атрымаем для аддзялення яшчэ два апараты штучных нырак.

Нам удалося дааснасціць рабочыя месцы тэрапеўтаў камп’ютарамі, што зрабіла даступнай для іх базу дадзеных пацыентаў раёна. Пачалі ўкараняць запіс на прыём да тэрапеўта праз інтэрнэт. Спецыяльнае запісваючае абсталяванне ўстаноўлена ў рэгістратуры бальніцы, гэта ў значнай ступені паспрыяла зніжэнню скаргаў на грубасць як з боку пацыентаў, так і медперсаналу.

Загадчык аддзялення неўралогіі Генадзь Тамашоў і галоўны ўрач Уладзіслаў Галяк каля новага апарата, з дапамогай якога праводзіцца электранейраграфія

Изображение 1

– Як вырашаецца праблема кадравага забеспячэння?

– Летась да нас прыехалі восем маладых спецыялістаў, сярод якіх тэрапеўты, рэаніматолаг, педыятр, стаматолаг. Вельмі імпануе, што апошнім часам моладзь да нас прыязджае актыўная, падрыхтаваная прафесійна і з пачуццём высокай адказнасці. Толькі станоўчыя водгукі можна чуць ад пацыентаў і калег у адрас урача Наталлі Філіпчык, якая, між іншым, перамагла ў раённым конкурсе маладых спецыялістаў.

Праблемы нечакана ўзніклі са стаматолагамі, бо пяць спецыялістаў звольніліся і з’ехалі за межы вобласці. Некамплект у нас атрымаўся з лабарантамі, фельчарамі, патрабуецца правізар для аптэкі. Фельчарска-акушэрскія пункты ўкамплектаваны пераважна медыцынскімі работнікамі пенсійнага ўзросту, а хацелася б, каб былі там маладыя спецыялісты, бо пенсіянер у любы момант можа пайсці на заслужаны адпачынак, і тады ФАП апусцее. Быў час, калі заставаліся без работы медыцынскія сёстры, сёння гэта праблема вырашана, фактычна ўсе працаўладкаваныя.

– Як Вам удаецца штогод набываць дарагую новую медтэхніку, абсталяванне, рабіць рамонт у аддзяленнях?

– Па-першае, нам вельмі дапамагае мясцовая ўлада – неабходныя фінансавыя сродкі выдзяляе раённы выканаўчы камітэт. Атрымалі развіццё платныя паслугі. Летась мы зарабілі 3 млрд 700 млн рублёў, якія таксама пайшлі на набыццё новага абсталявання, напрыклад, купілі новы аперацыйны стол для аддзялення траўматалогіі, які спрашчае работу ўрачоў. Па лініі Міністэрства аховы здароўя атрымалі новы цыстаскоп.
Хачу яшчэ пахваліцца, што гэты год мы ўпершыню за многа гадоў сустракалі, не маючы запазычанасці за медыкаменты і за абсталяванне. Своечасова за ўсё разлічыліся і цяпер маем магчымасць даўкамплектаваць акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне, стварыць там сучасную аперацыйную, бо хочам і тут адыходзіць ад так званых поласцевых аперацый, а рабіць лапараскапічныя.

Што да рамонтаў, то за апошні год мы асвоілі каля 4 млрд рублёў. Закончылі рамонт дзіцячага аддзялення, перайшлі ў аддзяленне рэабілітацыі, пачалі рамонт у хірургічным аддзяленні. Завяршылі рамонт інфекцыйнага аддзялення, зрабілі там прыгожы фасад. На гэты год мяркуем гаспадарчым спосабам асвоіць вельмі ўнушальную суму. Праводзячы рамонт, мы імкнёмся зрабіць поўнае пераабсталяванне аддзяленняў, таму набываем новую мэблю, бо некаторым тумбачкам і ложкам за 30 гадоў. Каб захоўваць неабходны тэмпературны рэжым, будзем уцяпляць дзіцячы корпус і аддзяленне неўралогіі, бо ў будынку, дзе яны размяшчаюцца, таўшчыня сцяны не адпавядае патрабаванням. Вельмі хацелася б правесці поўную рэканструкцыю харчовага блока, але на гэта патрабуецца звыш 100 млрд рублёў, а гэта амаль гадавы бюджэт ЦРБ. Таму шукаем інвестара. Не можам пакуль сабе дазволіць і будаўніцтва новай паліклінікі на тэрыторыі ЦРБ, бо таксама вельмі дарагі праект.

Изображение 2

– А якія прыемныя моманты былі ў медыкаў акрамя прафесійных дасягненняў?

– Наша каманда КВЗ паспяхова выступіла на міжраённым конкурсе ў Астраўцы. Дыплом першай ступені прывезла наша каманда з першага абласнога турыстычнага паходу ў межах мэтавага прафсаюзнага праекта “Дорогой вереска”. Трэцяе агульнакаманднае месца занялі нашы прадстаўнікі на абласным конкурсе вадзіцеляў хуткай дапамогі.

– Ад работы медыцынскіх устаноў у вялікай ступені залежыць і дэмаграфічная сітуацыя. З якімі вынікамі мы завяршылі 2013 год?

– Нараджальнасць вырасла ў параўнанні з папярэднім годам на 12,5%. Многія маладыя сем’і нараджаюць другое і трэцяе дзіця. У свой час было зроблена вельмі шмат для аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі жанчынам і нованароджаным немаўлятам. Што да паказчыка смяротнасці, то ён таксама павялічыўся на 6,5%. Аднак аналіз паказаў, што пераважна паміралі старыя людзі, чый узрост складаў звыш 80 гадоў.

– А што акрамя здароўя Вы хацелі б пажадаць смаргонцам?

– Не буду арыгінальным, калі скажу, што большасць хвароб – ад нерваў. Таму хачу параіць берагчы свае нервы і нервы іншых людзей. Усім жадаю ўзаемапавагі, стрыманасці, цярплівасці.

Паводле газеты “Светлы шлях”

Читайте также

Крыша бани сгорела ночью в Поставском районе
В деревне Муляры Поставского района сегодня ночью, 20 декабря, горела баня на частном подворье. Крыши больше нет. 55-летняя хозяйка находилась дома и не пострадала.
«Лес растет независимо от доллара». На региональной ярмарке узнали, что елки в Молодечно не дорожают третий год, и глянули, чем еще торговали
В Молодечно на пешеходной улице Притыцкого 21 декабря прошла региональная Рождественская ярмарка. Молодечненский лесхоз продавал елки по цене трехлетней давности, Голиб торговал пятирублевым шашлыком и пловом, а продавец меда Олег сетовал, что ярмарке не хватило рекламы.
Доктор Ядвига Войцеховская: «Футболисты знают друг друга и травм стараются не наносить». 11 мини-футбольный тур состоялся в Молодечно
В Молодечно на паркете зала игровых видов спорта Ледового дворца 15 декабря прошел 11 тур открытого чемпионата города по мини-футболу. В центральном матче тура вилейская «Мехатроника» выиграла у «Молодечногаза» со счетом 2:0.