Пілігрымы з розных мясцін Беларусі сустрэліся ў Будславе Мядзельскага раёна (ФОТА)
У першы дзень урачыстасцяў, 4 ліпеня, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася імша для пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў з розных дыяцэзій Беларусі.
Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, піша catholic.by.
У Эўхарыстыі прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікае духавенства, кансэкраваныя асобы.
Пілігрымаў з розных мясцін Беларусі прывітаў на пачатку Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падзякаваў усім, хто прыняў запрашэнне Касцёла і прыбыў у Будслаў.
Віцебскі ардынарый сказаў у гаміліі, што “чарговы раз дарогай у Будслаў ішлі тыя, каго вяла сюды вера, тыя, хто гэтую веру шукае”.
Сёлета ўрачыстасці ў Будславе праходзілі 4-5 ліпеня пад дэвізам “Марыя – узор малітвы”. Яны прысвечаны таксама падзяцы за кананізацыю Яна Паўла ІІ. На ўрачыстасці былі сімвалы Сусветнага дня моладзі – крыж і абраз Маці Божай “Salus Populi Romani”, якія здзяйсняюць перэгрынацыю па Беларусі, і рэліквіі св. Яна Паўла ІІ, якія захоўваюцца ў нарачанскім касцёле.
Паводле catholic.by