Начная Імша ў Будславе Мядзельскага раёна сабрала дзясяткі тысяч вернікаў
«Марыя прымае ўсіх. Яна адорвае ўсіх і кожнага паасобку сваёй радасцю, якая найперш выплывае са спаткання з Яе Сынам», — падкрэсліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у час святой Імшы, якая адбылася ў Будславе ў ноч на 6 ліпеня.
Край.бай анансаваў гэтую падзею.
Перад літургіяй прадстаўнікі чатырох дыяцэзій унеслі копію абраза Маці Божай Будслаўскай, якая здзяйсняла перэгрынацыю па Беларусі, і адбылася працэсія з копіяй абраза вакол будслаўскага парка. Пра гэта паведамляе сайт catholic.by.
Распачынаючы літургію, Мітрапаліт прывітаў пілігрымаў, якія прыбылі на юбілейныя ўрачыстасці ў будслаўскім санктуарыі. Арцыпастыр заклікаў удзельнікаў Імшы прасіць Маці Божую Будслаўскую, між іншым, аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця і за Беларусь, каб «яна сапраўды была белай і святой».
Як заўважыў Мітрапаліт у гаміліі, падобна святой Альжбеце «і мы павінны прывітаць Марыю яе словамі: “Адкуль гэта нам, што Маці нашага Пана прыйшла да нас, прыйшла на нашу зямлю?”» Яна, па словах іерарха, у цудатворным абразе прыйшла ў Будслаў чатыры стагоддзі таму, была з намі ў цяжкія гады ганенняў на Касцёл і сёння ёсць з намі.
«Мы найчасцей просім Бога, каб нас выслухаў і дапамог. Але ці памятаем аб тым, што трэба і дзякаваць? А мы, сапраўды, маем за што дзякаваць і праслаўляць Бога, — адзначыў арцыпастыр. — Марыя прымае ўсіх. Яна адорвае ўсіх і кожнага паасобку сваёй радасцю, якая найперш выплывае са спаткання з Яе Сынам, дзякуючы чаму мы атрымліваем дар веры, без якой няма збаўлення».
Мітрапаліт нагадаў, што вернікам дапамагае таксама святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, рэліквіі якой наведваюць Беларусь і ў час гэтых урачыстасцяў прабываюць у Будславе. Гэтая «юная святая, якую называюць таксама Малой Тэрэзай, служэннем іншым і малітвай, (...) духоўнымі разважаннямі і тэалагічнымі думкамі, запісанымі ў аўтабіяграфічнай кнізе “Гісторыя адной душы”, сталася вялікай у Божым Валадарстве».
«Марыя, наша Маці і Валадарка, мы моцна верым, што Ты вядзеш нас да Езуса, — дадаў іерарх. — Усё, аднак, залежыць ад нас саміх, ад таго, прымем мы гэтую дапамогу ці ад яе адвернемся; будзем вырашаць нашы справы з Божай дапамогай і давяраючы Яму ці толькі разлічваючы на свае сілы».
Арцыпастыр падкрэсліў, што сёння трэба шукаць духоўнага ліхтару, якім з’яўляецца Марыя — Маці нашай веры.
Напрыканцы Імшы Мітрапаліт прывітаў вернікаў на розных мовах.
Пасля літургіі распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую праводзіла моладзь. Таксама вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус і праз усю ноч прыступіць да сакрамэнту споведзі.
Больш навінаў пра будслаўскі фэст – ТУТ.
Па матэрыялах catholic.by
Фота з сайта catholic.by