Опубликовано: 21 февраля 2017, 11:41
47

Мядзяльчанін змайстраваў з паперы арган: «Спачатку гэта задумвалася як музычная шкатулка» (відэа)

Ролік, выкладзены мужчынам на сваім youtube-канале, ужо паглядзела 262 тысячы карыстальнікаў. Многія цікавяцца арганам, які мужчына змайстраваў з паперы.

Catholic.by адшукаў таленавітага майстра і распытаў яго пра незвычайнае хобі.

«Я не вынаходнік, я проста цікаўлюся мадэляваннем»

Мадэляваннем Аляксей захапіўся яшчэ ў школьныя гады. Дзякуючы часопісу «Юны тэхнік» і дадатку да яго хлопчык майстраваў свае першыя простыя мадэлі. Наўрад ці ён здагадваўся, што гэта захапленне пяройдзе з ім і ў дарослае жыццё.

Відэа Aliaksei Zholner з сайта www.youtube.com

Сёння ён з умешкай дадае, што, магчыма, гэта спадчыннасць: яго дзядуля не толькі майстраваў мэблю, але і мог пабудаваць дом, а таксама ўмеў на слых падабраць мелодыю на скрыпцы, на якой навучыўся іграць у адзіночку; бабуля навучыла першым крокам у мадэляванні з паперы і саломкі, а дзякуючы маці, якая працавала ў бібліятэцы, пад рукой заўсёды было дастаткова тэхнічнай літаратуры.

Аляксей таксама калісьці займаўся музыкай, іграючы на акардыёне ў Мядзельскай музычнай школе.

«Памятаю, як аднойчы мы адмыслова ездзілі ў Нарачанскі касцёл, каб паглядзець, як выглядае арган, з чаго складаецца», – прыгадвае мужчына.

Гэтых ведаў, аднак, было недастаткова, калі ў студзені 2017 года ён вырашыў майстраваць арган з паперы.

«Давялося пачытаць спецыялізаваныя сайты і вывучыць “начынне” аргана. Напрыклад, язычковыя трубы аргана – вельмі складаныя ў мадэляванні, нават не ведаю, ці рэальна іх перадаць паперай, – прыгадвае Аляксей. – А вялікія арганныя трубы працуюць як вялікі свісток – з імі прасцей. Дастаткова высветліць частату, а пасля разлічыць, якой даўжыні і дыяметру будуць трубы».

Арган з паперы не адзінае «вынаходніцтва» інжынера Аляксея Жолнера. На сваім youtube-канале мужчына ўжо шэсць гадоў выкладае відэасправаздачы зробленых ім мадэляў. Cярод найбольш цікавых – мініяцюрная мадэль 8-цыліндравага рухавіка з паперы, а таксама мадэль рэактыўнай сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град», якая «страляе» папяровымі ракетамі.

Мужчына прызнаецца, што слова вынаходнік у дачыненні да яго не зусім правільнае слова, бо ніякага вынаходніцтва па сутнасці няма:

«Гэта ўсё журналісцкія трукі, – усміхаецца 31-гадовы Аляксей. – Я не вынаходнік, я проста цікаўлюся мадэляваннем. Каб зрабіць арган, я проста аб’яднаў разам тыя ідэі, якія былі».

«Яшчэ са школы я хацеў стварыць працоўны рухавік»

Мужчына дадае, што самае важнае ў мадэляванні – ідэя. Асноўны ж час, як адзначае Аляксей, ідзе на планаванне – як увасобіць ідэю ў жыццё.

Ідэя зрабіць арган з паперы, як прыгадвае Аляксей, прыйшла выпадкова – спачатку мужчына разважаў над прапановай жонкі змайстраваць папяровую музычную шкатулку.

«Галоўнае – зразумець, як дзейнічае ўнутраная механіка, – дадае Аляксей. – Яшчэ са школы я хацеў змайстраваць з паперы працоўны рухавік. Некалькі разоў спрабаваў, але толькі ў 2010-м гэта атрымалася. Пазней некалькі разоў перарабляў – сёння такіх рухавікоў некалькі».

У сваёй працы мужчына выкарыстоўвае паперу і кардон (апошні – для эканоміі часу). Свае напрацоўкі Аляксей публікуе на сайце only-paper.ru, дзе, абменьваючыся вопытам, збіраюцца аматары мадэлявання.

«Гісторыя з папулярнасцю майго відэа здарылася раптоўна, – прызнаецца напрыканцы Аляксей. – Выкладваў толькі для дэманстрацыі такім жа аматарам, як і я. Але раптоўна за адну ноч відэа набірала вялікую колькасць праглядаў».

«Гэта проста хобі, – заключае мужчына. – Калі натхненне прыйдзе, тады і працую».



Читайте также

Прокуратура Витебской области обнаружила нарушения, связанные с убоем крупного рогатого скота
Органы прокуратуры Витебской области проверили соблюдение ветеринарно-санитарных правил, регламентирующих убой сельскохозяйственных животных филиалами Витебского облпотребобщества в Браславском, Верхнедвинском, Докшицком, Лепельском, Сенненском и Ушачском районах.
Как будут работать поликлиники и больницы во время майских праздников
Минздрав утвердил график работы учреждений здравоохранения в выходные и праздничные дни в мае.