Опубликовано: 10 апреля 2013, 17:31
49

Відэапраект «Край.BY» завяршае першы сезон

На некаторы час праект сыходзіць з экранаў, каб хутка вярнуцца з новымі гісторыямі ды захапляльнымі падарожжамі па беларускіх мясцінах.

Якія высновы зрабілі стваральнікі за гэты час і чаго чакаць у новым сезоне? Расказвае мастацкі кіраўнік праекта Зміцер Бейнарт-Саладуха.

Зміцер Бейнарт-Саладуха

Изображение 2

— Ці падводзіце вы для сябе пэўныя вынікі за гэты перыяд?

— Вядома ж. І па змесце, і па форме, і па тэхналогіі вытворчасці. У наступным сезоне мы маем намер больш веерна, але пры гэтым і больш глыбока асвойваць родную прастору. Дзякуй Богу і суайчыннікам — маем шмат цікавых прапановаў і запрашэнняў, атрымліваем цудоўны фідбэк.

— Паводле серыяльных канонаў у наступным сезоне павінен быць новы сюжэтны віток і перанос герояў у нечаканыя абставіны. Чаго чакаць у новых серыях «Край.BY»?

— Наш праект сфармуляваны так, што мы абсалютна не заклапочаныя серыяльнымі канонамі. Усе нечаканасці — унутры фармату. Калі зараз параўнаць некалькі нашых сюжэтаў пра розныя мясціны, нават не самы ўважлівы глядач знойдзе ў іх не меней за 10 адрозненняў. Праект у прынцыпе прадугледжвае высокую ступень імправізацыі і гнуткасці, таму мы вельмі чуллівыя да першаснага матэрыялу — да тых месцаў, пра якія апавядаем. Менавіта яны нам і падказваюць большасць нечаканасцяў. І цудоўны акцёрскі талент вядоўцы на апошніх этапах вытворчасці таксама падкідвае часцяком стос сімпатычных вырашэнняў.

Мы, я б сказаў, наадварот, не хочам пакуль нічога мяняць. Удасканальваць знойдзенае — гэта адназначна. Бо ў шэрагу вартасцяў праекта адной з самых заўважных ёсць яго інфарматыўнасць — яна нас далёка ад магістралі не адпусціць.

О, скарыстаюся нагодай і папрашу прабачэння за хібы і недакладнасці фактаграфіі, якіх нам ніяк не атрымоўваецца пазбегнуць. У першую чаргу праз тое, што на сёння не існуе “кананічнай” гісторыі Беларусі. Мы карыстаемся максімальнай колькасцю дасяжных нам крыніцаў, але часцяком даводзіцца абіраць штосьці з некалькіх супрацьлеглых. Таму мы гатовыя і далей атрымліваць заўвагі і дапаўненні ад зацікаўленай аўдыторыі. Будзем напраўду вельмі ўдзячныя. Бо адзінае, што мы ведаем дакладна, — гэта тое, што ўсяго ведаць проста немагчыма!

— Ці зразумелі вы па першым сезоне, хто асноўная аўдыторыя праекту, на якую трэба больш разлічваць у будучыні?

— Пакуль партрэт вымалёўваецца надзіва сімпатычны: гэта прыгожая дзяўчына/мужчына ў веку ад 16 да 45 гадоў, магчыма, з дзецьмі школьнага ўзросту, чалавек, схільны да авантураў, цікаўны да сапраўдных каштоўнасцяў, адкрыты, камунікатыўны, сучасны. Прычым, што крыху нечакана, не ўсе з нашай аўдыторыі пазначаюць сябе беларусамі паводле паходжання, не ўсе размаўляюць па-беларуску. Некаторыя нават не разумеюць! А глядзяць! Прыемна.

— Наколькі ўвогуле патуралі масаваму гледачу? Чым ахвяравалі, каб зрабіць праект больш папулярызатарскім? А што пакінулі, хоць і была небяспека, што гэта знізіць колькасць наведнікаў?

— Папраўдзе, ніколькі не патуралі і нічым не ахвяравалі. Мы самі адчуваем праект такім, якім яго і аддаём аўдыторыі. Нездарма ў трэйлеры праекта вядоўца прамаўляе: “… усё шчыра і па-сапраўднаму!” Так і ёсць. Нам важна, каб нам самім было цікава яго глядзець. Калі карыснасць спалучаецца з цікавасцю — галоўная мэта дасягнутая. Нам самім пакуль цікава.

Изображение 1

— Якія промахі праекта выправіце наступным разам?

— Ведаеце, гэта — “кухня”. Не пра ўсё хочацца і варта расказваць. Цяпер у нас невялікі тайм-аўт перад новым сезонам, і мы наўмысна не падсумоўвалі сваіх высноваў па выніках зробленага. Праз тыдзень-другі збяромся, парадзімся, паплануем. Тады можна будзе дакладна адказаць. А пакуль — самым агульным чынам: мы ведаем свае хібы і ўсё з магчымага адкарэктуем. Бо гэта наша годнасць і павага да аўдыторыі.

— Раскажыце, які быў ваш уплыў як мастацкага кіраўніка праекта? Што вы вынеслі для сябе з гэтай працы? Як тэатральнага рэжысёра вас задавальняе драматургія перадачы ці, можа, трэба шукаць нейкія новыя хады?

— Першая і першасная задача — сфармуляваць праект, убачыць яго, быць пераканаўчым у трансляцыі ідэі. Гэта было цікава, і таму не дужа цяжка. Наступны этап — сабраць каманду. Гэта, як паказвае практыка, нашмат складаней. Пакуль мы дажыліся да цяперашняга кадравага стану, было ажно тры “прызывы” адмыслоўцаў. Цяпер магу шчыра і з хваляваннем сказаць, што ўрэшце збілася каманда, якую я люблю цалкам і паасобку. На такім праекце, апроч прафесійных якасцяў “не ніжэй за” і стандартнага наборчыка простых камунікатыўных параметраў, ад чалавека патрабуецца яшчэ шэраг вартасцяў: неабыякавасць да сваёй спадчыны, рамантызм, лёгкасць на пад’ём, ахвярнасць, непрагматычнасць, сапраўдная цікавасць да культуры ў шырокім разуменні, жаданне вучыцца і спазнаваць… Вось з такімі людзьмі мне ўрэшце даводзіцца рабіць гэты праект. Уяўляеце, як мне пашэнціла?!

Што тычыцца майго рэжысёрскага погляду, дык я незадаволены абсалютна ўсім і пастаянна. І гэтая незадаволенасць не дазваляе мне “адпусціць” праект далёка ад сябе. Мой нос пакуль тырчыць у кожнай шчыліне. І мы ўвесь час штосьці спрабуем і ўдасканальваем.

— Якія выпадкі найбольш запомніліся пад час здымак першага сезона?

— Дзіўна, але “ВЫПАДКАЎ”, лічыце, не было. Хутчэй былі нечаканыя сустрэчы і адкрыцці. Амаль усе яны траплялі ў нашыя сюжэты. Мы ж шчырыя — нічога не хаваем. Галоўнае на сёння здарэнне — гэта сустрэча з сапраўднай Беларуссю. З мясцінамі і жыхарамі. Пра гэта так проста не раскажаш, нават у адмысловым інтэрв’ю. Таму пакуль адкажу дэкларатыўна: галоўнае ўражанне ад першага сезона — Беларусь непераможная ў сваёй сапраўднай беларускасці, якія б ветры над ёю не гулі. Разумейце, як хочаце.

— Ці быў нейкі «залаты» выпуск, які, на вашую думку, атрымаўся найлепшым?

— Тут я адкажу «папсова» – залаты выпуск наперадзе. Ён заўсёды наперадзе. Толькі пры такой умове праект жывы.

— Алесь Лапо казаў пра маленькія гістарычныя адкрыцці, якія рабіў пад час працы над перадачай. А якія адкрыцці, магчыма, для сябе зрабілі вы?

— Тое, што для Алеся як гісторыка маленькія адкрыцці, для мяне — вялікія. Па шчырасці, я не чакаў ад праекта, які сам прыдумаў, нейкіх адкрыццяў. Хутчэй — падцверджанняў вартасці такой ідэі. І гэта я ўвесь час атрымліваю. Так, мая Радзіма мае гіганцкую гісторыю сусветнага маштабу. Так, тут нараджаліся і раскрываліся людзі, што адным сваім існаваннем уплывалі на вялікую Еўропу і сусвет. Так, культура маёй радзімы — поўная, стваральная, самастойная і разнастайная. І так — гэта вядома не мне аднаму. Праз праект я напаўняюся любоўю да сваіх суайчыннікаў, былых і, што асабліва каштоўна, сучасных, да тых, каму пашэнціла існаваць, можа, у складанейшых умовах, чым мне. І гэта моцна дапамагае жыць цяпер і тут.

— Ці ёсць нейкая спецыфіка ў тым, што гэта менавіта беларускі праект? Калі б здымалі пра Расію, Польшчу, Украіну, перадача была б іншай, альбо ўсё ж гэты прынцып можна перанесці на любыя мясціны?

— Фармальна, напэўна, гэта зрабіць можна было б. Але нашто? Не люблю паняцце “фармат”, асабліва ў яго вульгарным паўсядзённым разуменні. Я шукаю нефармату, я на яго “вядуся”. Таму пра іншыя мясціны з іншымі складнікамі і расказваць хацелася б па-іншаму, сыходзячы з усяго аб’ёму пачуццяў і ведаў пра аб’ект цікаўнасці. Стандартамі ўжо хай дзяржстандарт апякуецца. Таму, канечне, у сваёй задуме гэта адназначна сучасны беларускі мультымедыйны праект з не да канца раскрытым патэнцыялам. З вельмі яшчэ не да канца раскрытым!

— Што прынесла ПАН-студыі гэтая супраца з «Будзьмай»? Можа, узніклі ідэі і на іншыя відэапраекты? Увогуле, як вы думаеце, якіх відэапраектаў сёння не хапае для папулярызацыі нашай культуры?

— Першае і галоўнае, што адразу ўсплывае — гэта сэнсоўнасць працы і супрацы. ПАН-студыя ў маёй асобе шчыра цешыцца, што ёсць магчымасць у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” рэалізаваць праект такога кшталту. Дзякуючы наяўнасці “Край.BY” і партнёрству з кампаніяй жыццё цяпер поўніцца не проста самарэалізацыяй, творчай рэалізацыяй, а вялікімі і малымі сэнсамі. Гучыць, можа, пафасна, але так я гэта напраўду ўспрымаю. Бо тое, што робіць кампанія ў сваіх праграмах, часам сумяшчае працу міністэрстваў адукацыі, культуры, спорту і турызму. Можа, яшчэ пра каго забыўся.

І канечне ж, супраца з культурніцкай кампаніяй такога кшталту і ўзроўню натхняе на крэатыў, раз-пораз мы абмяркоўваем чарговыя ідэі, прапановы, перспектывы. Спадзяюся, штосьці з гэтага пабачыць свет.

Пра тое, чаго не хапае, адкажу… па-рознаму. Эмацыйна — усяго не хапае! І болей! І рознага! Падумаўшы, адкажу — вострасучасных, трэндавых, модных, яркіх і ўплывовых. Яшчэ падумаўшы — такіх праектаў, што нейкім чынам зазіралі б у нашую будучыню, крышталізавалі б яе, рабілі б прывабнай і жаданай. Бо за апошнія гады адчуванне “вялікага жыцця” неяк згубілася. За чэмпіянатам свету па хакеі — вялікае і цьмянае “нішто”. І выразна не хапае праектаў пра ЛЮДЗЕЙ. Пра розных, маладых і сталых, таленавітых і нескладаных. Вельмі хочацца персаніфікаваць Радзіму, бачыць яе не мапаю ды лічбамі, а тварамі, лёсамі, імкненнямі.

Даведка: Зміцер Бейнарт-Саладуха – галоўны рэжысёр, мастацкі кіраўнік ПАН-студыі, выкладчык, крэатыўны прадусар. Скончыў Політэхнічны інстытут (гідрабудаўніцтва) і Акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). Працаваў рэжысёрам і галоўным рэжысёрам у беларускіх тэатрах і ў незалежных тэлекампаніях. Лаўрэат і дыпламант разнастайных конкурсаў і фестываляў.
ПАН-студыя больш за пяць гадоў займаецца праектамі ў галінах культуры, тэлебачання, рэкламы.

Відэафільмы праекта «Край.BY» можна паглядзець ТУТ.

Па матэрыялах budzma.org

Читайте также

«В качестве безграничной благодарности…» Футбольный клуб «Молодечно» бесплатно свозит болельщиков в Островец на финальный матч сезона-2024
Футбольный клуб «Молодечно» объявил о том, что организует бесплатную поездку своих болельщиков из Молодечно в Островец на свою финальную игру сезона-2024 с местной командой города атомных энергетиков.
Владимир Яцынович: "Я аплодирую вам!" Молодечненской детской школе искусств 75 лет
22 ноября прошли торжественные мероприятия по случаю 75-летнего юбилея Молодечненской детской школы искусств.
ДТП в Лидском районе: четверо погибших
Сегодня, 23 ноября, около 15 часов на автодороге М6 «Минск-Гродно» в Лидском районе вблизи деревни Бискупцы водитель автомобиля Opel при движении со стороны Минска в сторону Гродно, по предварительной информации, не справился с управлением и совершил наезд на дорожное ограждение.