Майстар-клас па вырабе анёлаў адбыўся на свяце паэзіі і песні ў Маладзечанскім раёне (ФОТА)
Каля музея ў Ракуцёшчыне 29 ліпеня працавала фотавыстава, прысвечаная жыццю і творчасці Максіма Багдановіча. Са сцэны гучалі вершы, песні і музыка.
Свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета-2012” прайшло 29 ліпеня ў філіяле музея “Фальварак Ракуцёўшчына”. Край.бай анансаваў імпрэзу.
Па дарозе на свята.
Фотавыстава, прысвечаная жыццю і творчасці Максіма Багдановіча.
“У беларускай літаратуры было тры вялікія Максімы: Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі і Максім Танк”, – адзначыў падчас свайго выступлення паэт, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп. Ён прачытаў тры вершы, прысвечаныя тром Максімам.
Ля музея ў гэты час працавала фотавыстава, дзеці і дарослыя маглі ўбачыць, што такое сапраўдная батлейка, прайсці майстар-клас па вырабе анёлаў, валанцёры з Мінска адкрылі “студыю роспісу па целе” – наносілі фарбамі ўзоры на рукі і твары ахвотных, найперш дзяцей і падлеткаў.
Батлейка.
На сцэне свята выступілі паэты Таіса Трафімава, Навум Гальпяровіч, Людміла Хейдарава, фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Крынічанька” Раеўшчынскага Дома фальклору, вакальная група “Талака” Дзіцячага цэнтра культуры “Расток”, вакальная група “Кантраст” Красненскага СДК, Ірына Грыцаль, іншыя паэты, калектывы і артысты. У канцэртнай праграме таксама ўдзельнічала Капэла Алеся Лася.
Капэла Алеся Лася.
Даведка: Алесь Лось (на здымку – крайні злева) – беларускі музыка і мастак, гаспадар аграсядзібы ў Валожынскім раёне.
Вялі імпрэзу Алег Вінярскі і Алеся Сівохіна. Алег Вінярскі напрыканцы свята прапанаваў са сцэны зрабіць у Ракуцёўшчыне сапраўдную глядзельную залу, абуладкаваць сцэну і залу тэнтамі ці навесамі. Гледачы падтрымалі прапанову апладысментамі.
Працавала выстава-продаж вырабаў майстроў.
Дзяжурылі пажарная машына и хуткая дапамога.
Сябры гістарычна-патрыятычнага клуба “Спадчына” з мястэчка Дварэц Дзятлаўскага раёна прачыталі са сцэны “Пагоню” Максіма Багдановіча ў перакладзе на французскую мову.
“Для кожнага, хто вызнае сябе беларусам, ёсць толькі два шляхі: або ў шэрагах Пагоні, што ляціць-імчыць па-над Беларуссю, або ў шэрагах тых, за кім ляціць Пагоня”, – сказала напрыканцы выступлення кіраўніца клуба Наталля Ляўкевіч.
Ля Максімавай крыніцы.
Святлана ЦІШКО
Фота Сяргея ЛЕСКЕЦЯ