Глыбачанам прапануюць напісаць гімн гораду
Свайму гораду на яго 600-годдзе глыбачане могуць прысвяціць дакументальны відэафільм, урачысты гімн ці канцэртную праграму.
Глыбоцкім райвыканкамам зацверджана палажэнне аб праекце “Мой горад - мой лёс”, прысвечаным 600-годдзю горада, піша “Веснік Глыбоччыны”.
Аддзелам культуры запланаваны мерапрыемствы на працягу дванаццаці месяцаў - з мая 2013-га па май 2014 года.
Пра праект “Мой горад - мой лёс” расказала дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Алена Заяц.
- З нагоды юбілея Глыбокага работнікі аддзела культуры сумесна з кіраўнікамі і работнікамі ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый горада падрыхтуюць цыкл мерапрыемстваў “Аб людзях харошых”.
У адным з бліжэйшых уславім пераможцаў конкурсу “Чалавек года Віцебшчыны”. Плануем таксама аднавіць святы вуліц, дамоў, мікрараёнаў. Пастараемся сабраць ад самых маленькіх да самых старэйшых насельнікаў вуліцы Маскоўскай, мікрараёна Беразвечча, аднаго з дамоў па вуліцы Садовай.
- У межах юбілейных урачыстасцей адметнымі стануць выставы народнай творчасці, дзіцячага малюнка, фотавыставы, пленэры, экскурсіі, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці горада, - працягвае свой аповед Алена Заяц. - Зацікавіць жыхароў горада і агляд-конкурс калектываў мастацкай самадзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый горада. Несумненна, тут засвецяцца новыя зоркі, талент якіх ведалі толькі ў вузкіх колах. Кожны глыбачанін за некалькі хвілін зможа стаць папулярным артыстам і застацца ў гісторыі.
“Пралеска сіняй Беларусі”
Такую назву прапанавалі арганізатары даць творчаму конкурсу на лепшы відэафільм да 600-годдзя Глыбокага. Кожны жадаючы любога ўзросту, адлюстраваўшы прыгажосць блізкіх сэрцу вуліц, паказаўшы адметнасць гістарычных мясцін, расказаўшы пра таленавітых, творчых, неардынарных жыхароў горада, можа прадставіць свае відэаматэрыялы на разгляд журы.
Умовы правядзення конкурсу. На адрас раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра (211800, г. Глыбокае, Віцебская вобласць, завул. Энгельса, д.41а, каб.11) трэба накіраваць заяўку (колькасць на аднаго чалавека не абмежаваная), у якой абавязкова ўказаць хранаметраж, назву фільма, аўтара. Працягласць відэафільма не павінна перавышаць 30 хвілін. Інтэрпрэтацыі старых фільмаў да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца. У выбары жанру аўтары не абмяжоўваюцца. Галоўнае патрабаванне: відэаматэрыял прадастаўляць у фармаце avi на дысках DVD.
Конкурс пачынаецца з мая гэтага года. Конкурсныя відэафільмы прымаюцца аргкамітэтам да 1 сакавіка 2014 года.
На працягу мая месяца глыбачане і госці горада змогуць стаць першымі гледачамі аўтарскіх відэаматэрыялаў: у кіназале Глыбоцкага гарадскога цэнтра культуры будзе наладжаны іх прагляд. Таксама з’явіцца магчымасць выбраць любімую “кінастужку”, каб уручыць аўтару заслужаную ўзнагароду - прыз глядацкіх сімпатый.
Пераможцаў чакаюць прызы. Лепшы відэафільм ацэньваецца ў пяць мільёнаў рублёў. Прадугледжаны і спецыяльныя прэміі: за лепшую рэдактарскую работу, лепшае рэжысёрскае рашэнне, высокае аператарскае майстэрства, лепшы сцэнарый - па 1,5 мільёна рублёў, прыз глядацкіх сімпатый - адзін мільён рублёў.
У Глыбокім ёсць сцяг і герб. А гімн?
Уласнага гімна горад не мае. Таму невыпадковым стала рашэнне Глыбоцкага райвыканкама, Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў і аддзела культуры райвыканкама арганізаваць творчы конкурс на напісанне гімна, паўдзельнічаць у якім змогуць усе жадаючыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Ад аўтараў патрабуецца скласці твор урачысты, патрыятычны і толькі на беларускай мове.
Умовы правядзення конкурсу. Падаваць заяўкі на ўдзел у конкурсе аўтары маюць магчымасць ужо з 1 сакавіка па 20 верасня гэтага года (адрас гл. вышэй). У заяўках трэба ўказаць прозвішча, імя, імя па бацьку ўдзельніка; хатні адрас, кантактны тэлефон; прапануемы варыянт гімна, які прымаецца ў запісе на электронным носьбіце (CD, USB), можна даслаць на электронны адрас: otdkul_pr@vitebck.by і ў пісьмовым выглядзе (тэкст, нотны варыянт).
Варыянты толькі ў пісьмовым выглядзе прымацца не будуць.
З 20 па 30 верасня ў журы будзе час ацаніць конкурсныя работы і правесці адбор трох лепшых варыянтаў гімна Глыбокага, каб да 1 кастрычніка 2013 вылучыць адзіны варыянт і аб’явіць пераможцаў конкурсу, якіх чакаюць грашовыя ўзнагароды: 1-е месца - тры мільёны рублёў, 2-е - два мільёны і 3-е месца - адзін мільён рублёў.
Пры ўзнікненні пытанняў звяртацца па тэлефонах 2-30-07, 2-38-66, факс 2-12-35, МТС 599-65-09, 593-89-08.
Па матэрыялах “Весніка Глыбоччыны”