Будславский фест – 2021 (программа)
Урачыстасці ў гонар Апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі пройдуць у 2021 годзе ў пятніцу, 2 ліпеня, і ў суботу, 3 ліпеня, паведамляе catholic.by.
Нягледзячы на пажар урачыстасці адбудуцца без зменаў.
Урачыстасці ў Будславе сёлета пройдуць у традыцыйным фармаце, але з захаваннем належных санітарных прадпісанняў і без арганізаваных пілігрымак. Тым не менш, усе ахвотныя могуць ладзіць пілігрымкі ў індывідуальным парадку. Так было і летась, калі ўпершыню ў новай гісторыі Будслаўскага фэсту з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў Нацыянальны санктуарый не ішлі вялікія арганізаваныя групы пілігрымаў.
Падчас фэсту доступ у пашкоджаны пажарам санктуарый па рашэнні адпаведных службаў будзе цалкам закрыты для ўсіх. З увагі на тэхніку бяспекі тэрыторыя вакол святыні будзе агароджана, у сувязі з чым споведзь будзе адбывацца за плябаніяй, а ўсе набажэнствы будуць праходзіць на вуліцы.
Цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай плануецца размясціць на палявым алтары, да якога паміж імшамі будзе адкрыты доступ.
25 чэрвеня была надрукаваная ўдакладненая праграма і план размяшчэння пілігрымаў і аўтатранспарту.
Праграма
2 ліпеня, пятніца
- 12.00 – святая імша з новапрэзбітэрамі (цэлебрацыю ўзначальвае біскуп Юрый Касабуцкі)
- 15.00 – вяночак да Божай Міласэрнасці
- 18.00 – святая імша для пілігрымаў (цэлебрацыю ўзначальвае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч)
- 20.00 – жывы місійны ружанец
- 23.30 – працэсія са свечкамі і копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай
3 ліпеня, субота
- 0.00 – святая імша ў інтэнцыі адбудовы будслаўскай святыні (узначальвае цэлебрацыю старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч)
- 8.45 – Фацімскі ружанец (праводзіць «Легіён Марыі»)
- 10.00 – святая імша (цэлебрацыю ўзначальвае Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч)
- на заканчэнне святой імшы – эўхарыстычная працэсія
Размяшчэнне пілігрымаў і аўтатранспарту
- З боку Даўгінава: паркоўка перад Будславам на полі;
- З боку Крывічоў: паркоўка на старым аэрадроме, намётавы гарадок;
- Уезд святароў з пропускам па нумарах машын адбываецца з боку Крывічоў;
- Намётавы гарадок для пілігрымаў будзе арганізаваны ў вёсцы Палессе на ўездзе з боку Крывічоў.
Запіс інтэнцый
Інтэнцыі на святую Імшу будуць прымацца і запісвацца ў двух намётах каля плябаніі і насупраць плябаніі.
Споведзь
Споведзь будзе адбывацца на вызначаным месцы за плябаніяй.
2 ліпеня, пятніца
З 11.00 да 13.00
Ад 17.00
3 ліпеня, субота
Ад 8.00
Увага! Падчас споведзі выкарыстанне медыцынскай маскі абавязкова.