Стогадовы юбілей Пятра Бітэля адзначаць у Вішневе
Літаратурнае свята да стагоддзя са дня нараджэння выбітнага паэта Пятра Бітэля пройдзе на базе Вішнеўскага СДК 8 верасня.
Праграмай святкавання і іншымі падрабязнасцямі з Kraj.by падзялілася кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Рунь” Валожынскага РДК паэтэса Валянціна Гіруць-Русакевіч.
“Пётр Бітэль – усімі любімы таленавіты пісьменнік і настаўнік Вішнеўскай школы. Дзень нараджэння паэта – 19 чэрвеня, але мерапрыемства было вырашана перанесці на верасень. Святкаванне пачнецца а 11 гадзіне з адкрыцця мемарыяльнай шыльды ў гонар Пятра Бітэля. На свята запрошана шмат вядомых беларускіх літаратараў, родных, землякоў паэта, якім ёсць што ўспомніць, ёсць што расказаць і чым падзяліцца з тымі, хто прыйдзе на літаратурнае свята. Сярод чаканых гасцей ёсць родныя Пятра Іванавіча, яго сын, дачка і ўнучка, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў, галоўны рэдактар газеты “Звязда” і старшыня Мінскага абласнога Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ Вячаслаў Рагойша, дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” (г. Мінск) Ліліяна Анцух. Свае ўспаміны пра Пятра Бітэля прыслаў кандыдат філалагічных навук, архівіст, краязнаўца і пісьменнік Язэп Янушкевіч, які, на жаль, сам не зможа прыехаць на свята па прычыне здароўя”, – расказвае Валянціна Гіруць-Русакевіч.
Далей чакаецца прэзентацыя кнігі “Маладыя галасы Валожыншчыны”, якая была напісана не адным аўтарам – іх больш за шэсцьдзесят. Сярод іх і паэтэса Валянціна Гіруць-Русакевіч. Кніга складаецца з твораў пісьменнікаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе “Маладыя галасы”, арганізатарамі якога з’явіліся народнае літаратурнае аб’яднанне “Рунь” Валожынскага РДК, аддзел культуры і аддзел па справах моладзі Валожынскага райвыканкама. Кніга ўтрымлівае больш за сто семдзесят старонак, на якіх размясціліся казкі, вершы і іншыя творы.
Наступным блокам святкавання будзе літаратурная гасцёўня, на якой будуць гучаць вершы Пятра Бітэля і яго вершы, пакладзеныя на музыку. Таксама будуць прадстаўлены вершы маладых паэтаў аб’яднання “Рунь” і аўтарскія песні.
Святкаванне скончыцца наведваннем магіл Пятра Бітэля, яго вернай спадарожніцы – жонкі, а таксама магілы паэтэсы Канстанцыі Буйло, пахаванай непадалёку ад іх. Будуць ускладзены кветкі, пройдзе малебен.
“Гэта мерапрыемства будзе асветай для ўсіх людзей, якія прыйдуць на літаратурнае свята”, – лічыць Валянціна Гіруць-Русакевіч.
Валерыя КІЧЫГІНА