На што часта скардзяцца маладзечанцы ў раённую арганізацыю абароны правоў спажыўцоў
Летась у раённую арганізацыю Беларускага таварыства абароны правоў спажыўцоў звярнуліся амаль 200 чалавек, сёлета – ужо больш за 50.
Што іх прывяло ў арганізацыю, пра гэта і іншае расказала старшыня раённай арганізацыі абароны правоў спажыўцоў Вольга Міхайленка, паведамляе «Маладзечанская газета».
Старшыня раённай арганізацыі абароны правоў спажыўцоў Вольга Міхайленка
– Калі скласці своеасаблівы «хіт-парад» скаргаў, то па якасці якіх тавараў ці паслуг найперш выказваюцца прэтэнзіі?
– Найчасцей спажыўцоў не задавальняе якасць бытавой тэхнікі і мабільных тэлефонаў. Сярод няякасных паслуг лідзіруюць устаноўка шклопакетаў і дзвярэй, выраб мэблі. Што тычыцца вытворцаў тавараў, то падводзяць пераважна кітайскія. Часам няякасным бывае і беларускі абутак. Хачу заўважыць, што спажыўцам трэба ўважліва чытаць правілы эксплуатацыі тавару, каб ён даўжэй служыў. А яшчэ звяртаць увагу на гарантыйныя правілы. Нярэдка, напрыклад, на тыя ж халадзільнікі ўкраінскай вытворчасці гарантыя распаўсюджваецца толькі на тэрыторыі краіны-вытворцы. Сумленнымі ў гэтым выпадку павінны быць і прадаўцы. Між тым, прыватнікі карыстаюцца няўважлівасцю пакупнікоў, уводзяць іх у падман, пазначаючы буйнымі наклейкамі на тавары «5 гадоў гарантыі».
– Дзень спажыўца сёлета праводзіцца пад дэвізам «Забеспячэнне абароны правоў спажыўцоў мабільнай сувязі».
– І гэта невыпадкова. Аператарам сотавай сувязі ёсць над чым працаваць. Даволі распаўсюджаныя выпадкі, калі ў продаж паступаюць няякасныя мабільныя ўстройствы і прылады да іх. Напрыклад, немагчыма актываваць новую sim-карту або яна хутка сапсавалася, як і сам тэлефон. Тым часам прадаўцы не пагаджаюцца замяніць тавар, адгаворваючыся, што гэта «не гарантыйны выпадак».
Нярэдка мабільныя тэлефоны, а таксама планшэты, ноўтбукі і нэтбукі набываюць праз інтэрнэт-магазіны. Гэта, канешне, зручна і больш танна. Але ў выпадку паломкі немагчыма знайсці прадаўца.
– Наколькі часта праблемы, з якімі звяртаюцца да вас спажыўцы, даходзяць да суда?
– Такія выпадкі ёсць, аднак нашы грамадзяне пакуль не гатовы абараняць свае правы. Яны баяцца або не хочуць, як самі гавораць, лішніх клопатаў. Існуе памылковае меркаванне, што за іх усё павінна зрабіць арганізацыя абароны правоў спажыўцоў. Падкрэслю, што наша і іншыя аналагічныя службы найперш кансультуюць. Гэта тычыцца як пакупнікоў, спажыўцоў, так і тых, хто аказвае паслугі, а таксама вытворцаў, прадаўцоў, якія апынуліся ў складанай сітуацыі.
Летась да нас звярнулася сям’я з Валожына. На яе прыватным участку спецыялісты адной са сталічных фірм праклалі кабель на глыбіні трох метраў замест пяці патрабуемых. Гэта высветлілася, калі жыхары зразумелі, што немагчыма праводзіць далейшыя будаўнічыя работы. Урэшце рэшт паслуга была аказана нанава з захаваннем неабходных патрабаванняў і выплачана кампенсацыя за маральны ўрон у памеры больш за два мільёны рублёў.
А пенсіянерцы з Маладзечна быў вернуты мільён рублёў: прыватны майстар па вырабе мэблі зацягнуў выкананне заказу амаль на чатыры месяцы.
– А ці ўважліва чытаюць спажыўцы дакументы, на якіх ставяць свой подпіс, калі набываюць тавар у растэрміноўку?
– Уважлівасці нашым грамадзянам не хапае. Шмат было выпадкаў, калі людзі спакушаліся на ўгаворы прадаўцоў дарагіх фільтраў для ачышчэння вады, а потым, ацаніўшы сітуацыю, прыходзілі да высновы, што ім не пацягнуць такую суму. Так, адна гараджанка вырашыла датэрмінова скасаваць дагавор аб набыцці тавару ў растэрміноўку і ў адпаведнасці з яго патрабаваннямі, якія няўважліва прачытала, заплаціла паўтара мільёна няўстойкі.
– Як часта праводзяцца экспертызы тавараў ці паслуг?
– Правядзенне экспертызы звязана з судовымі цяжбамі, але яе можна правесці і самастойна за свае грошы. На такі крок незадаволеныя спажыўцы ідуць рэдка. Экспертызы даволі дарагія – ад 600 тысяч да 20 мільёнаў рублёў. У нашым раёне можна правесці хіба толькі экспертызы па выкананні будаўнічых работ, для чаго неабходна звяртацца ў органы дзяржбуднагляду. Іншыя выпадкі ў кампетэнцыі адпаведных сталічных службаў – як дзяржаўных, так і недзяржаўных. Заўсёды дапамогуць і ў Беларускім таварыстве абароны правоў спажыўцоў, якое таксама знаходзіцца ў Мінску.
– Якія перспектывы развіцця айчыннай службы абароны інтарэсаў спажыўцоў?
– Мы працуем на грамадскіх пачатках. Таму аб перспектывах развіцця нашай службы гаварыць цяжка. Беларускае таварыства абароны правоў спажыўцоў рэгулярна праводзіць тэматычныя сустрэчы, трэнінгі, круглыя сталы. Актыўна пераймаем вопыт у нашых замежных калег. Напрыклад, у Літве, Італіі, Францыі, Галандыі і многіх іншых еўрапейскіх краінах аналагічныя службы падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні.
Спецыялісты маюць права без папярэджання нанесці візіт з праверкай практычна на любое прадпрыемства ці ў арганізацыю. Для пакупнікоў заўсёды адкрыта інфармацыя пра пэўны тавар ці паслугу, якія іх цікавяць.
Больш таго, у развітых дзяржавах прытрымліваюцца меркавання, што спажывец заўсёды мае рацыю і няма нічога даражэйшага за аўтарытэт фірмы.
Паводле «Маладзечанскай газеты»