На Вілейшчыне маладыя згулялі вяселле ў сярэдневяковым стылі (ФОТА і ВІДЭА)
Вольга і Юры Палонскія ажаніліся два месяцы таму і абралі серэдневяковы стыль вяселля невыпадкова: ён захапляецца гісторыяй Беларусі часоў ВКЛ і ўдзельнічае ў вілейскім клубе гiстарычнай рэканструкцыi “Паходня”. Яго жонка Вольга цікавіцца народнай культурай.
– Мы пазнаёміліся банальна, праз інтэрнэт. Я знайшоў Вольгу на старонцы адной беларускай суполкі ў сацыяльнай сетцы. І так пачалі сябраваць. Самае цікавае, што потым мы спрабавалі знайсці тую суполку, дзякуючы якой пазнаёміліся, але так і не знайшлі.
У нас з Вольгай шмат агульнага. Яна цікавіцца народнай культурай, шые беларускую народную вопратку, тчэ паясы. А я захапляюся гісторыяй сярэднявечча. На мой погляд, тэма рыцарства і народнай культуры вельмі блізкія, – распавёў Край.бай Юры Палонскі.
– Чыя прапанова зрабіць такое незвычайнае вяселле?
– Гэта я прапанаваў. Бо пытанне стаяла так: ці зрабіць яго цікавым, ці проста распісацца і ўсё, – кажа суразмоўца. – Вольга не любіць белыя сукенкі, а я – пінжакі. Яшчэ думалі згуляць вяселле ў народным стылі ў вышыванках, але ўсё падрыхтаваць было вельмі цяжка, бо і там ёсць свае адметнасці. Напрыклад, мы не зусім ведалі, як правільна пашыць народную вопратку. У выніку спыніліся на стылі Cярэднявечча. Гэтую тэму я добра ведаю. Бацька адразу не згадзіўся, кажа: “Не дурыце галаву і жаніцеся як усе!”. А потом як убачыў, што з гэтага атрымалася, самому спадабалася.
Да такога вяселля госці падышлі сур’ёзна, расказвае Юры. Сябры актыўна рыхтаваліся, пачалі шыць вопратку: абутак, сукенкі, кашулі, галаўныя ўборы – усё, як у тыя часы. Некаторыя шыліся ўвогуле дэталёва.
– З вопраткай нам дапамог клуб “Паходня”, за гэта я вельмі ўдзячны кіраўніку і астатнім хлопцам. У выніку ў нас атрымалася такое маштабнае сярэдневяковае свята. Большасць з нас прадстаўляла заможных жыхароў Вялікага княства Літоўскага і памежных земляў. Гэта сярэдні статус жыхароў ВКЛ XIII-XV стагоддзя.
Вяселле адбылося 6-7 верасня і было прымеркавана да 8 верасня.
– Дата для нас была прынцыповая: якраз 8 верасня 1514 года ў бітве пад Воршай войска гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага перамагло войска Маскоўскага княства. Гэта вельмі значная дата ў гісторыі, – адзначыў Юры Палонскі.
Маладыя распісваліся ў ЗАГСе ў Куранцы, адразу вырашыўшы, што ў Вілейскі ЗАГС не паедуць: для такого вяселля патрэбны іншы антураж.
– Вельмі прыемна, што супрацоўнікі вясковага ЗАГСа паставіліся вельмі сур’ёзна да нашага вяселля: пераклалі сцэнар на беларускую мову, правялі для нас беларускія гульні. А мы станчылi першы шлюбны танец таксама ў сярэдневяковым стылі. Было вельмі цікава.
Сярэдневяковае вяселле Юрыя і Вольгі. Відэа
Юлія ЛАХВІЧ
Фота і відэа са старонкі Юрыя Палонскага ВКонтакте