Сцяпана-ўдальца выберуць у Вілейцы 24 жніўня (+ЛЕГЕНДА)
Конкурс сярод хлопчыкаў і юнакоў пройдзе ў межах раённага свята творчасці, талентаў і традыцый “Сцяпан-удалец”.
Пра гэта карэспандэнту Край.бай распавяла дырэктар Вілейскага Палаца культуры Вольга Шляпо.
“Такое свята мы ладзім другі год запар. Раней выбіралі “Міс Вілляну”, якая па паданні лічыцца сімвалам вернага кахання”, – расказала яна.
Плануецца, што за званне ўдальца сёлета паспаборнічаюць шасцёра хлопчыкаў і юнакоў ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў.
Акрамя таго, у праграме свята – гульні і конкурсы з падарункамі для самых маленькіх жыхароў горада. Будуць працаваць гандлёвыя рады і выставы-продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Артысты Палаца культуры будуць спяваць песні. Дзеці, па словах Вольгі Шляпо, змогуць пакатацца на пароме.
На свяце таксама падвядуць вынікі раённага конкурса па добраўпарадкаванні тэрыторый.
Мерапрыемства пачнецца на “Вілляніным хутары” а 17 гадзіне ў пятніцу.
Хто такія Сцяпан і Вілляна? (легенда)
Успамінаючы Вілляну, кожны з нас узгадвае раку Вілію і гісторыю роднага краю. Менавіта ад імя Вілляны атрымаў назву горад.
Паводле апрацаванай дырэктарам Вілейскага краязнаўчага музея Сяргеем Ганчаром легенды, даўным-даўно жыў звычайны хлопец, імя якога, магчыма, было Вараціша. І прыгожая дзяўчына Вілляна. Маладыя вельмі кахалі адно аднаго і збіраліся ажаніцца. Людзі кажуць, што яны ніколі не сварыліся. Але аднойчы ў злосці Вілляна сказала хлопцу: “Каб ты каменем з’явіўся!”. А ён ёй у адказ: “Каб ты ракою стала!”
Вось і стаіць з тых часоў у вёсцы Камена камень, які называюць "Варацішын камень". А побач з ім цячэ рака.
Юлія ЛАХВІЧ