Сын Якуба Коласа завітаў у Ільянскую школу на Вілейшчыне (ФОТА)
22 лістапада ў Ільянскую сярэднюю школу імя А.А. Грымаця завіталі шаноўныя госці: сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч і прафесар Віктар Зяленін.
Сёлета адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Пасля прэзентацыі, прысвечанай класіку беларускай літаратуры, у выкананні Яўгена Вараўкі прагучаў верш Міколы Маляўкі “Жыццёвы шлях бяжыць за небасхіл”, прысвечаны Міхасю Міцкевічу. Шасцікласнікі - актыў музея “Вілейшчына літаратурная” - падрыхтавалі літмантаж. Павел Шульгач прапанаваў перанесціся ў далёкі 1942 год, калі чулы бацька прысвяціў свайму Міхасю да шаснаццацігоддзя верш “Сыну”.
Міхась Міцкевіч падзяліўся сваімі ўспамінамі пра слыннага бацьку. Расказаў, на колькі ганарова і адказна было мець такога тату. Амаль гадзіну расказваў Міхась Міцкевіч, як кажуць, “на адным дыханні”, пра дзяцінства пад бацькоўскім дахам, пра станаўленне ў час юнацтва, пра цяжкасці ваеннага ліхалецця, пра неадольную цягу да кнігі і яе ролю ў выбары прафесіі, сяброў, захапленняў.
Сын Якуба Коласа - карыфей электразараднай апрацоўкі металаў, адзін з заснавальнікаў нетрадыцыйных высокаэфектыўных тэхналогій, доктар тэхнічных навук. У яго актыве больш 200 публікацый, вынаходніцтваў, патэнтаў. За вялікі ўклад у развіццё навукі і тэхнікі Міхась Міцкевіч узнагароджаны Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага савета БССР, Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, ён уладальнік бронзавага, срэбранага, залатога медалёў Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі.
На яго рахунку шмат вершаў, эпіграм, віншаванняў. Ён укладальнік кнігі на 600 старонак “Якуб Колас. У думках, у сэрцах, у песнях”, аўтар кнігі “Пад бацькоўскім дахам”. Шаноўны госць чытаў вершы ўласныя, бацькавы і іншых паэтаў, распавядаў, як Колас шчыраваў над кожным радком і як маці ашчаджала яго ў час працы, пра тое, як проста звярталіся родныя, знаёмыя і нават зусім незнаёмыя людзі за матэрыяльнай дапамогай, за парадай, з якім пачуццём дабрыні падтрымліваў масціты пісьменнік творчую моладзь.
Якуб Колас любіў лес, любіў хадзіць ў грыбы, быў беражлівы да прыроды і чуйны да яе хараства, і сын пераняў ад бацькі захапленне жывой прыродай. Магчыма, першым штуршком да гэтага захаплення стаў альбом з жывёламі свету, які падараваў Міхасю Янка Купала. Зносіны з прыродай, класічная музыка заўсёды мелі водгук у вучонага-фізіка (але лірыка ў душы). Таму, відаць, ён – добры імітатар, умее падрабляць галасы многіх птушак і жывёл. Калі закончылася пастаноўка казкі Я.Коласа “Як птушкі дуб ратавалі” (у выкананні вучняў 9 “А” класа), добразычлівы, але строгі і патрабавальны глядач паказаў, як трэба падаваць голас крумкачу. З цёплай усмешкай сачыў М.К. Міцкевіч за пастаноўкай “Новай зямлі” (сцэна, як бацька запрасіў “дарэктара”, Яську Базылёва).
Міхася Міцкевіча пазнаёміў з намі наш выпускнік Віктар Зяленін, які скончыў Ільянскую школу ў 1958 годзе, доктар тэхнічных навук, прафесар, загадчык лабараторыі раўнавесных сістэм Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Віктар Аляксеевіч часта наведвае школу і заўсёды прыязджае з падарункамі.
Кіраўнік музея “Вілейшчына літаратурная” Ільянскай школы імя Адама Грымаця Роза ШЭРАЯ для Кraj.by
Фота аўтара