На адкрыцці выставы фотаздымкаў «Спадчына Вілейшчыны» 17 верасня адзначылі аўтараў лепшых работ (ФОТА)
Выстава стала вынiкам фотаконкурсу з такой жа назвай. Мерапрыемства праходзіла ў офісе Таварыства аховы помнікаў і сабрала тых, хто неабыякавы да роднай культуры. У тым ліку і шмат моладзi.
Фотаконкурс ладзіла гісторыка-краязнаўчае выданне «Волат» сумесна з сайтам горада Вілейкі. Ён пачаўся ў канцы ліпеня і доўжыўся ўвесь жнівень. Па ўмовах трэба было даслаць здымкі, якія б адлюстроўвалі спадчыну Вілейшчыны. Гэта маглі быць не толькі выявы архітэктурных помнікаў, але і побыту, народных рамёстваў нашых продкаў.
Конкурс праводзіўся ў два этапы: спачатку фотаздымкі ацэньвалі карыстальнікі сацыяльных сетак, якія аддавалі за іх свае галасы, затым – журы, у склад якога ўвайшлі краязнаўцы Вілейшчыны Дзяніс Канецкі, Зміцер Хаценчык, Аляксей Лужынскі і Павел Хаванскі. Яны звярталі ўвагу на раскрыццё тэмы.
Такім чынам, народнае галасаванне і журы вызначылі 10 лепшых фотаздымкаў (усяго на конкурс было даслана каля 50). Менавіта яны дэманстраваліся на выставе і толькі яны ўвайшлі ў надрукаваныя камплекты паштовак.
Як паведаміў падчас мерапрыемства суарганізатар конкурсу краязнаўца Аляксей Лужынскі, сярод аўтараў былі не толькі жыхары Вілейшчыны, але і ўдзельнікі этнаграфічнай экспедыцыі па Вілейскім раёне, якая адбылася ў ліпені.
Усе прысутныя атрымалі ў падарунак набор паштовак. Аўтараў лепшых здымкаў (з першага па трэцяе месцы) адзначылі прызамі.
Вось лепшыя 10 здымкаў з выставы. Сем з іх сталі лепшымі па выніках абодвух галасаванняў.
Ільняны вышываны дыван, в. Каралеўцы
Рэшткі шляхецкага маёнтка, в. Лукавец
Брукаванка ў в. Клыні
Касцяневіцкі касцёл, пабудаваны ў 1763 годзе
Гарадзішча каля вёскі Хаценчыцы
Стаецкі двор, Бровар. Рэшткі маёнтка Багдановічаў, в. Старынкі
Вілейскі касцёл, пабудаваны ў 1913 годзе
Ліштвы з галубкамі, в. Шчучкі
Сакральны камень з ямкамі ля в. Канстанполле
Галоўнай мэтай фотаконкурсу была папулярызацыя культурнай спадчыны Вілейшчыны сярод моладзі, патлумачыў Край.бай Аляксей Лужынскі.
Тыя, хто прымаў удзел у галасаванні, але не змог прыйсці на выставу (сярод іх былі іншагароднія), таксама атрымаюць у падарунак паштоўку, якую арганізатары адправяць поштай.
Юлія ЛАХВІЧ
Фота аўтара і з групы «Волат» у сацыяльнай сетцы ВКонтакте