Кніга пра паўстанне 1863 года на Вілейшчыне днямі выйдзе з друку
Выдае кнігу "Падзеі паўстання 1863 г. на Вілейшчыне: гістарычныя нарысы" выдавецтва "Кнігазбор".
Як паведамляе сайт vialejka.info, у кнізе змешчана больш за 30 фотаздымкаў і гравюр. Некаторыя дакументы часоў паўстання публікуюцца ўпершыню.
У кнізе апісваюцца падзеі на Вілейшчыне напярэдадні, пад час паўстання і адразу пасля яго. Таксама распавядаецца і гісторыя ўшанавання памяці паўстанцаў: апісваюцца помнікі, якія ў розныя часы былі прысвечаныя гэтым падзеям.
Аўтары – вілейскія краязнаўцы Зміцер Хаценчык і Дзяніс Канецкі.
Вось што сказаў пра выхад кнігі Дзяніс Канецкі: "Кніга выходзіць вельмі своечасова. Бо менавіта ў траўні 150 гадоў таму праходзілі баявыя дзеянні на Вілейшчыне – 28 траўня адбылася бітва ля вёскі Уладыкі".
Усе ахвотныя атрымаць кнігу могуць звяртацца на емэйл вілейскіх сяброў Таварыства аховы помнікаў vilejka.tap@gmail.com.
Па матэрыялах vialejka.info
Фота з сайта vialejka.info