Вечарына памяці Уладзіслава Стржэмінскага
21 лістапада – 125 год з дня нараджэння Уладзіслава Стржэмінскага (1893-1952), мастака-авангардыста, Героя Першай сусветнай вайны, частка жыцця і творчасці якога звязаная і з Вілейкай.
Лёс звязаў жыццё вядомага мастака-авангардыста Уладзіслава Стржэмінскага з Расіяй, Літвой і Польшчай. Але большасць наватарскіх ідэй ён выпрабаваў тут, у Беларусі. У біяграфіі Стржэмінскага знакавыя месцы займаюць некалькі гарадоў: Мінск, дзе нарадзілася будучая зорка авангарда; Масква, дзе ён пазнаёміўся са сваёй жонкай і выдатным скульптарам Кацярынай Кобрай; Віцебск, дзе ён прайшоў школу аўтара “Чорнага квадрата” Казіміра Малевіча; Вільня, дзе мастак ладзіць сваю першую выставу; Лодзь, дзе Стржэмінскі стаўся і як творца, і як тэарэтык унізму і Вілейка, на якую прыпадаюць два не менш важныя перыяды яго жыцця.
У сярэдзіне 1922 года з Смаленску Уладзіслаў Стржэмінскі і Кацярына Кобра вырашылі пераехаць у Вілейку, дзе па вуліцы Арлоўскага (цяпер – Дзяржынскага) пражывалі родныя Уладзіслава: маці і малодшы брат Валер’ян. Тут, Стржэмінскі выкладае малюнак у мясцовай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча. Тут, у Вілейцы ён пачынае маляваць сінтэтызаваныя вобразы – гэта было станаўленне першага этапа мастацкай рэалізацыі ў творчасці тэорыі унізма.
У 1924 годзе Стржэмінскі пераязджае у Вільню, пасля ў Лодзь, дзе стварае музей сучаснага мастацтва, аб’яднаўшы вакол сябе аднадумцаў. Ён становіцца вядомым у еўрапейскіх мастацкіх колах, адкрывае мастацкія выставы ў Бельгіі, Галандыі, удзельнічае ў восеньскім салоне ў Парыжы.
1 верасня 1939 года пачалася Другая Сусветная вайна, Польшча акупіравана. Шукаючы паратунку, 10 верасня 1939 года Уладзіслаў Стржэмінскі зноў вяртаецца да сваіх родных ў Вілейку. Выкладае ў мясцовай гімназіі, пазней працуе мастаком-афарміцелем і актыўна ўключаецца ў культурнае жыццё горада. Тут, у Вілейцы ён стварае свой слынны графічны цыкл малюнкаў "Заходняя Беларусь".
Пражыўшы ў Вілейцы дзевяць месяцаў, у сярэдзіне мая 1940 года Стржэмінскія зноў вяртаюцца ў Лодзь. Тут, абапіраючыся на вілейскія дасягненні, мастак працягвае працу над новымі графічнымі цыкламі.
Сёння мастацтва Уладзіслава Стржэмінскага і Кацярыны Кобра шырока вядомае і прызнанае не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце. Іх мастацкія творы захоўваюцца і экспануюцца ў музеі сучаснага мастацтва ў Лодзі. Імя мастака прысвоена Польскай акадэміі мастацтваў. Аб ім напісаны кнігі, зняты дакументальныя і мастацкія фільмы. У 2009 годзе Нацыянальны банк Польшчы ў серыі выбітным польскім мастакам, выпусціў у абарачэнне дзве памятныя манеты, прысвечаныя Уладзіславу Стржэмінскаму.
Памятаюць і шануюць імя Уладзіслава Стржэмінскага і на Вілейшчыне. У 2013 годзе ў Вілейцы, каля кінатэатра устаноўлены памятны знак. “Крок ад вайны да мастацтва” – Герою Першай сусветнай вайны прысвяціў свой мастацкі твор і Барыс Цітовіч. Карціну можна пабачыць у часовай экспазіцыі Вілейскага краязнаўчага музея “Дзве вайны – памяць адна”. У чэрвені гэтага года прайшоў VII раённы дзіцячы пленэр, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння мастака. Сваю новую працу “Вобразы” падрыхтаваў і мастак Эдуард Мацюшонак.
Карціна будзе прадстаўлена падчас вечарыны памяці, якая адбудзецца ў выставачнай зале імя Н.Ю.Сілівановіча 21 лістапада а 17 гадзіне.
Запрашаем усіх жадаючых!
Вольга КОЛАСАВА,
старшы навуковы супрацоўнік
Вілейскага краязнаўчага музея.