Анлайн-фестываль дакументальнага кіно BelarusDocs
Трэці анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs пройдзе з 7 па 13 красавіка, паведамілі kraj.by арганізатары.
Кожны з фільмаў фестывалю будзе даступны для анлайн-прагляду на працягу 24 гадзін з англійскімі субтытрамі на сайце belarusdocs.com.
У праграме ёсць фільм "Перазімаваць", які здымаўся ў Вілейскім раёне.
Праграма
7 красавіка – “Трэнер” (2019; рэжысёр – Вольга Абрамчык)
Фільм-удзельнік фестываляў “Docudays UA” (Кіеў), “Артдокфэст” (Масква) і “Лістапад” (Мінск)
Алег Кірылаў – трэнер зборнай Беларусі па інтуітыўным футболе. Яго падапечныя – невідушчыя. У кожнага свая гісторыя, свой шлях у вялікі спорт, але сёння перад імі стаіць агульная задача – перамагчы.
8 красавіка – “Дэбют” (2017; рэжысёр – Настасся Мірашнічэнка)
Фільм-прэтэндэнт на Оскар-2019 ад Беларусі, удзельнік IDFA (Амстэрдам), лаўрэат Кракаўскага кінафестывалю
У папраўчай калоніі ў цэнтры Гомеля адбываюць пакаранне паўтары тысячы жанчын. Сюды трапляюць толькі тыя, хто парушыў закон ўпершыню. Не страціць сябе дапамагаюць толькі рэпетыцыі турэмнага тэатра...
9 красавіка – “Лебедзі” (2018; рэжысёр – Галіна Адамовіч)
Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік “Артдокфэста” (Масква)
“Лебедзі” - працоўны пазыўны хуткай дапамогі ў Светлагорску. Менавіта яны першымі сутыкаюцца з раптоўнымі захворваннямі, няшчаснымі выпадкамі і траўмамі...
10 красавіка – “Перазімаваць” (2017; рэжысёр – Ева-Кацярына Махава)
Фільм-удзельнік фестываляў “Артдокфэст”(Масква) і “Лістапад” (Мінск), намінант на прэмію “Лаўр”
Беларусь, Вілейскі раён Мінскай вобласці. Самотныя старыя вяскоўцы ад’язджаюць на зіму ў дом сезоннага пражывання. Кожны з іх мае свой уклад, свой жыццёвы вопыт, але зімаваць трэба разам. Дні цягнуцца ў хваробах, размовах, успамінах, сумесных тэлепраглядах… Пасярод зімы прыязджае новы жыхар, і атмасфера ў доме змяняецца.
11 красавіка – “Цар гары” (2017; рэжысёр – Андрэй Куціла)
Фільм-удзельнік фестываляў “Артдокфэст”(Масква) і “Лістапад” (Мінск), пераможца фестывалю “Golden Beggar” (Кошыцэ, Славакія)
Беларускі відэаблогер і малады селянін Сямён, праваслаўны вернік, заўсёды меў філасофскія думкі пра жыццё, захапляўся матухнай-прыродай ды дзяліўся гэтым з усім светам. Ужо пяць гадоў ён з жонкаю і двума сынамі жыве ў вёсцы, гадуе авечак. Здавалася б, радаснаму, гарманічнаму існаванню ў глушы нічога не можа перашкодзіць…
12 красавіка – “Фальклор і жыццё” (2020; рэжысёр – Юрый Цімафееў)
Нацыянальная прэм’ера фільма
Фальклор з’яўляецца адлюстраваннем чалавечага існавання, толькі ў вобразнай, метафарычнай форме. Не выключэнне тут і эратычны складнік жыцця. Абрады з эратычным падтэкстам у нашых продкаў былі падрыхтаваны да кожнага свята і цесна знітаваны з паняццем урадлівасці…
13 красавіка – “Полацкі вальс” (2019; рэжысёр – Вольга Дашук)
Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік міжнародных кінафестываляў
Васілю Граноўскаму 58 год. Ён жыве ў вёсцы і кіруе мясцовым хорам, усе спевакі ў якім старыя. Гармонік Васі таксама стары, у ім бракуе некалькі клавіш. Васева машына, у якой ён звычайна возіць сваіх артыстаў, не зусім спраўная і не заўсёды заводзіцца.