Адкрыццё выставы да 345-годдзя Піліпа Орліка

Выстава "ЗЯМЛЁЙ ВІЛЕЙШЧЫНЫ ЎЗГАДАВАНЫ", прымеркаваная да 345-годдзя з дня нараджэння ПІЛІПА ОРЛІКА (1672-1742), адкрываецца 11 кастрычніка а 15.00 гадзіне ў выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея.

Менавіта ў гэты дзень, 11 кастрычніка 1672 года ў маёнтку Касута Вілейскага староства Ашмянскага павета Віленскага ваяводства нарадзіўся будучы гетман Украіны і аўтар першай украінскай канстытуцыі.

На выставе прадстаўленыя матэрыялы з фондаў Вілейскага краязнаўчага музея, якія расказваюць пра жыццё і дзейнасць выбітнага дзеяча гісторыі і культуры Украіны. Асобны раздел прысвечаны гісторыі вёскі Касута, якая размешчана ў маляўнічай мясцовасці, на беразе Вілейскага вадасховішча і ніколі не была абдзеленая ні ўвагай, ні славай і здаўна славілася старажытнымі храмамі, знатнымі ўладальнікамі і сваімі жыхарамі. На выставе таксама прадстаўленыя малюнкі ўдзельнікаў VII раённага дзіцячага пленэра, прысвечанага юбілею знакамітага земляка.

Сёння Піліп Орлік вядомы не толькі як палітычны, дзяржаўны і ваенны дзеяч Украіны, але як і аўтар многіх паэтычных зборнікаў, кніг і публікацый. У апошнія гады выйшла шмат кніг, прысвечаных ушанаванню яго памяці, апублікаваныя шматлікія артыкулы ў беларускіх і ўкраінскіх часопісах і газетах. Некаторыя з гэтых выданняў можна пабачыць на кніжнай выставе, зладжанай сумесна з Вілейскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ганны Новік.