Опубликовано: 19 июля 2013, 20:31
101

23 ліпеня споўніцца 70 гадоў з дня нараджэння Артура Цяжкага (ФОТА)

Маё знаёмства з Артурам Цяжкім адбылося на могілках вёскі Нястанішкі, што ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці. Было гэта ўвосені, на каталіцкае свята – Дзень Усіх Святых.

У рэдакцыю Kraj.by прыйшоў ліст ад мінчаніна Віталя Чайкі, сям'я якога мае карані на Смаргоншчыне, з аповедам пра малавядомага шырокаму колу смаргонскага пісьменніка. "Паважаная рэдакцыя, 23 ліпеня 2013 года споўніцца 70 гадоў з дня нараджэння Артура Цяжкага, беларускага пісьменніка і сапраўднага сына нашай беларускай зямлі. Вельмі шкада, што яго імя амаль невядома ў нас у краіне, а яго творчасць амаль забыта, - напісаў ён. - Мне вельмі б хацелася ў дзень яго 70-годдзя праз Ваша выданне нагадаць нашым суайчыннікам пра гэтага выдатнага пісьменніка і чалавека. Я напісаў невялікі аповед пра яго і накіроўваю падборку фотаздымкаў пісьменніка. Спадзяюся праз вашы старонкі нагадаць беларусам пра нашага выдатнага земляка". Ніжэй змешчаны яго расповед.

У той дзень я прыехаў на могілкі наведаць сваіх памерлых продкаў. Ідучы ад касцёла Маці Божай Добрай Рады ўздоўж крыжоў і помнікаў, я натыкнуўся на помнік, які здаўся мне не зусім звычайным для гэтага старога вясковага могільніка. На вялікім надмагільным камені з чырвонага граніта вялікімі жалезнымі літарамі было напісана: «Цяжкi Артур. Беларускi пiсьменнiк, член Саюза пiсьменнiкаў СССР».

Для мяне гэта напатканне стала поўнай нечаканасцю. Я не зусім мог зразумець, як тут, на вясковых могілках, у лесе, у поўным выдаленні ад вялікіх гарадоў, пахаваны пісьменнік, тым больш член Саюза пiсьменнiкаў не то што БССР, а ўсяго СССР. І да мяне прыйшла думка, што нездарма ён тут пакоіцца, што мае ён нейкую сувязь з гэтымі выдатнымі мясцінамі Смаргоншчыны. І я вырашыў для сябе, што абавязкова павінен адшукаць інфармацыю пра Артура Цяжкага і пазнаёміцца з яго творчасццю.

Адразу скажу - гэты выдатны пісьменнік і чалавек не надта вядомы ў вялікім коле нашых суайчыннікаў. Крыху інфармацыі пра яго атрымалася адшукаць ў Лылойцінскай бібліятэцы Смаргонскага района, крыху ў інтэрнеце. А знайсці надрукаваныя кнігі пісьменніка дык зусім было складана, нават у такім вялікім горадзе, як Мінск, з яго вялікай колькасцю бібліятэк.

Першай кнігай, якую я адшукаў, стаў зборнік апавяданняў «Пара блакітных дажджоў». Тоненькая кніжачка, усяго 140 старонак. Але колькі цяпла, дабра і перажыванняў і нават болю месцяць яны ў сябе. 16 апавяданняў ўвайшлі ў гэты зборнік, і амаль усе яны пра вясковае жыццё, людзей беларускай вёскі, пра вясковыя карані. Калі я чытаў гэтыя апавяданні, асабіста мне стала ясна, што амаль усе вобразы з іх Артур пісаў з сябе, сваіх бацькоў і блізкіх людзей, а таксама сваіх землякоў – жыхароў вёскі Лылойці Смаргонскага раёна. Выдатны зборнік.

А вось што мне атрымалася даведацца пра самога пісьменніка. Артур Іосіфавіч Цяжкі нарадзіўся 23 ліпеня 1943 года на хутары каля вёскі Лылойці. Вучыўся ў Лылойцінскай пачатковай школе, Нястанішскай сямігодцы. Пасля школы працаваў трактарыстам, потым, калі прага да друкаванага слова перамагла сялянскую жылку, уладкаваўся літсупрацоўнікам у Смаргонскую раённую газету "Светлы шлях". Затым – армія. У 1974 годзе завочна скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у рэспубліканскіх газетах «Чырвоная змена», «Голас Радзімы», «Знамя юнацтва». Першыя досведы ў прозе журналіста Артура Цяжкага – кароткія апавяданні «Бульба», «Пралеска», «Маленькі эцюд», «Аднойчы ноччу» – друкуюцца ў 1966-м у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Сур'ёзная літаратурная праца пачынаецца з 1976 года. Прамежкавым вынікам яе стала кніжка апавяданняў «Сустрэча пасля вясны», выдадзеная ў 1980 годзе, калі аўтару было ўжо 37 гадоў. Затым – «Пара блакітных дажджоў» (1982 г.). А кніга «Дзе мой дом? ..» з'явілася праз два гады пасля смерці аўтара, у 1986 годзе. Аб яркасці зорачкі, якая мільганула на небасхіле беларускай прозы, кажа той факт, што ў 1989 годзе ў Маскве ў перакладзе на рускую мову выйшаў зборнік аповесцей і апавяданняў Артура Цяжкага «Смятение».

Артур Цяжкі ў арміі. Фота з сямейнага архіва яго сваякоў

Изображение 1

Артур Цяжкі. Фота з інтэрнэта. Аўтар невядомы

Изображение 3

Магіла Артура Цяжкага. Фота Віталя Чайкі

Изображение 6

З ўспамінаў пра Артура Цяжкага жанчыны, якая шмат гадоў была побач з пісьменнікам, але якая прасіла не называць сваё імя (запісала Ганна Чакур, матэрыял быў надрукаваны ў газеце "Астравецкая праўда"):

“Артур быў незвычайным чалавекам. Тонкім. Вельмі ўражлівым. Свет, само жыццё ён успрымаў неяк інакш, чым звычайныя людзі. Як бы на іншым узроўні. Ці ў іншым вымярэнні? Больш трапятліва. Душой… Людзей ён любіў. Моцна. Вельмі моцна. Асабліва цягнула яго да простых вясковых мужчын. Ледзь ні кожныя выхадныя мы праводзілі аднолькава: ехалі ў якую-небудзь выпадкова абраную вёску. Артур "абрастаў" сяльчанамі літаральна за хвіліны. Мужчыны прысядалі, хто дзе мог, запальвалі абавязковыя папяросы, і гутарка доўжылася па некалькі гадзін. У такія моманты Артур як бы ажываў, святлеў, станавіўся шчаслівым. Як правіла, пасля чарговай паездкі ў яго нараджаўся новы твор.

Артур вельмі любіў прыроду. Ён умеў размаўляць з дрэвамі. Як Ягор Пракудзін, шукшынаўскі герой. А ўжо да роднага закуточка, у якім нарадзіўся і вырас, ён ставіўся проста беззапаветна. Кожны раз, калі мы падыходзілі да ягонага хутара, ён станавіўся на калені і цалаваў зямлю: "Здаровай будзь, зямліца!" Кожны раз. І паверце, гэта не было позай. Гэта ішло з глыбіні. Проста ён так любіў, так разумеў, так адчуваў. З любоўю да роднай зямлі магла параўнацца хіба што любоў да бацькоў.”

Кнігі пісьменніка на парозе роднай хаты. Аўтар фота - Віталь Чайка

Изображение 7

Яго родная хата. Фота Віталя Чайкі

Изображение 5

Калаж Віталя Чайкі

Изображение 4

Калі б лёс распарадзіўся інакш, Артур Цяжкі сёння, 23 ліпеня, прымаў бы віншаванні з нагоды свайго юбілейнага сямідзесяцігоддзя. І кожнаму з гасцей узрушаны юбіляр, напэўна, падарыў б што-небудзь з "новенькага". З кніг, якім не суджана было з'явіцца на свет… Памёр Артур Цяжкі 5 красавіка 1984 года.

У адным з рукапісаў Артура Цяжкага пасля яго смерці знайшлі запіс: «Так хочацца жыць і тады, калі цябе не будзе на свеце…». Наш зямляк, пісьменнік і журналіст Артур Цяжкі пражыў няпоўны 41 год...

Віталь ЧАЙКА, Мінск
Аўтар каляровых фота - Віталь ЧАЙКА, чорна-белыя фота - з архіва сваякоў Артура ЦЯЖКАГА

У тэксце выкарыстаныя наступныя крыніцы:

1. Брашура-самвыдат "Знакамітыя людзі Смаргонскай зямлі. Артур Цяжкі". Смаргонь, 1999 г.
2. Артыкул Дануты Бічэль "Ноччу на хутары. Да 60-годдзя з дня нараджэння Артура Цяжкага".
3. Газета "Літаратура і мастацтва". 13.02.1987 г. Артыкул Аляксея Пяткевіча "Святло роднага дому".
4. Газета "Светлы шлях". 01.12.1993 г., №88. Артыкул Аркадзя Падгола "Далоні на цёплых старонках".
5. Часопіс "Культура". 16.08.2003 г. Артыкул Ніны Рыбік "Дарога да Артура Цяжкага".



Читайте также

Сегодня ГАИ проводит профилактику безопасного передвижения на средствах персональной мобильности
29 марта Госавтоинспекция Минской области проводит Единый день безопасности дорожного движения под девизом «Движение по правилам - основа безопасности!».
Дача горела ночью в Молодечненском районе – люди не пострадали
Сегодня ночью, 28 марта, в садоводческом товариществе недалеко от деревни Гай Молодечненского района загорелся дачный дом. Обошлось без жертв и пострадавших.
Права на 20 лет и техосмотр на 3 года. Какие изменения вносит новый указ?
Проведение более 200 административных процедур корректируется в Беларуси. Соответствующий указ №55 подписан 16 февраля.