У дзіцячай раённай бібліятэцы Смаргоні падвялі вынікі конкурсу летняга чытання
У ім прынялі ўдзел вучні пачатковых класаў. Гэты конкурс бібліятэкары праводзяць на працягу апошніх 12 гадоў. Такім чынам яны заахвочваюць дзяцей да чытання менавіта ў час летніх канікул.
Каб перамагчы ў конкурсе, трэба было выканаць некалькі ўмоў: актыўна наведваць бібліятэку, шмат чытаць, весці чытацкі дзённік, стаць кніжнымі лекарамі – адрамантаваць некалькі кніг, паведамляе сайт газеты “Светлы шлях”. Некаторыя дзеці малявалі ілюстрацыі да прачытаных твораў. Дзіцячыя малюнкі былі прадстаўлены на выставе.
Самым актыўным наведвальнікам бібліятэкі былі падрыхтаваны дыпломы і прызы. Таким чынам, дыплом І ступені атрымала Насця Шчасліўцава (4 “Б” клас, СШ №1), якая штогод удзельнічала ў конкурсе, атрымлівала дыпломы, а вось пераможцай стала ўпершыню.
Дыплом ІІ ступені ўручылі Паліне Івановай (4 “Б” клас, гімназія). Дыплом ІІІ ступені атрымаў Міша Нахамчык (2 “Б” клас, гімназія). Упершыню ён трапіў у прызёры яшчэ калі быў дашкольнікам. Ужо ў пяцігадовым узросце Міша цудоўна чытаў і рэгулярна наведваў бібліятэку.
Акрамя асноўных пераможцаў, журы выдзеліла і пераможцаў у намінацыях. “Самы захоплены чытач” – Дзяніс Яблонскі (4 “Б” клас, СШ №1) і Насця Мартусевіч (3 “А” клас, СШ №3). “Самы адданы чытач” – сёстры Ілона (3 “А” клас, СШ №1) і Юля (5 “Б”клас, СШ №1) Маўрышчавы. “Самы эрудыраваны чытач” – Аляксандра Дурэйка (4 “Б” клас, гімназія). Журы таксама вызначыла і самага актыўнага маленькага чытача – чатырохгадовая Ксенія Антонава таксама атрымала дыплом і прыз.
– Калі Ксюшы быў толькі годзік, мы прыйшлі ў бібліятэку і выбралі некалькі дзіцячых кніг, – кажа Галіна Антонава, маці дзяўчынкі. – Кнігі папрасілі аформіць на фармуляр сына-школьніка. Якое ж было здзіўленне, калі нам прапанавалі завесці асабісты фармуляр для Ксюшы. З таго часу мы часта бяром кнігі ў бібліятэцы, цікавых дзіцячых выданняў тут вельмі шмат.
Юныя чытачы ў той дзень атрымалі яшчэ адзін падарунак – цудоўныя музычныя кампазіцыі, якія выканалі Святлана Коваль і Віталія Кірмель, настаўніцы па класе скрыпкі школы мастацтваў імя Агінскага. А ўдзельнікі клуба “Кнігалюб” з СШ №1 паказалі сцэнку пра тое, як нельга абыходзіцца з кнігамі.
– У складзе нашага “Кнігалюба” – 45 вучняў пачатковай школы, – расказвае кіраўніца клуба Таццяна Дудко, настаўніца 4 “Б” класа СШ №1. – Штогод нашы выхаванцы атрымліваюць узнагароды ад работнікаў дзіцячай бібліятэкі за актыўнае наведванне іх установы ў летні час. Сёлета сярод дзевяці ўзнагароджаных чатыры чалавекі – члены нашага клуба.
Напрыканцы імпрэзы вядучыя правялі сярод дзяцей казачную віктарыну. Юныя чытачы паказалі бліскучае веданне казак.
Паводе сайта газеты “Светлы шлях”