Опубликовано: 22 сентября 2015, 18:23
90

Стала вядомая ПРАГРАМА святкавання 250-годдзя кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў Маладзечне

25 верасня, у дзень нараджэння М.-К. Агінскага, у Маладзечне адбудзецца пастаноўка оперы “М.-К. Агінскі. Невядомы партрэт”, мітынг з удзелам кіраўніцтва Маладзечанскага райвыканкама, выкладчыкаў і навучэнцаў музычнага каледжа імя Агінскага.

Пра гэта парталу Край.бай паведамілі ў музычным каледжы імя Агінскага.

Нагадаем, 2015 год ЮНЭСКА аб'явіла годам Міхала Клеафаса Агінскага.

Мерапрыемствы ў гонар 250-гадовага юбілею прадстаўніка старажытнага роду Вялікага княства Літоўскага, славутага кампазітара, грамадскага дзеяча, дыпламата былі падрыхтаваны і гарадскімі ўладамі, і Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжам, які вось ужо 20 гадоў ганарова нясе імя Міхала Клеафаса Агінскага.

Менавіта дзякуючы ініцыятыве Рыгора Сарокі – дырэктара ўстановы, ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна, Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна імя Ф. Скарыны, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “За ўклад у развіццё міжнародных сувязей Беларусі” – дзейнасць каледжа за два дзесяцігоддзі была скіравана на папулярызацыю асобы нашага земляка, яго дзейнасці і музычнай творчасці. Усе праекты Рыгора Сямёнавіча, якія б яны ні былі напачатку складаныя і нават фантастычныя, паспяхова ўвасоблены ў жыццё.

Нагадаем асноўныя падзеі, якія ўжо сталі старонкамі гісторыі Маладзечанскага музычнага каледжа.

Крыху гісторыі

1995 год – прысваенне навучальнай установе імя М.-К. Агінскага, усталяванне мемарыяльнай дошкі памяці кампазітара (аўтар – Валяр’ян Янушкевіч) на фасадзе будынка каледжа.

1995 год – добраўпарадкаванне тэрыторыі і адкрыццё ва ўнутраным дворыку каледжа музычнага падвор’я “Новыя Агінты”, якое актыўна выкарыстоўваецца для правядзення ўрачыстых сходаў, канцэртаў, творчых сустрэч у межах асветніцкай работы навучальнай установы. Акрамя таго, пляцоўка неаднаразова прымала шматлікія мерапрыемствы Нацыянальнага фестывалю “Маладзечна”, рэспубліканскага свята “Дажынкі-2011”, фестывалю-конкурсу маладзёжных творчых ініцыятыў “Час жыць!”.

1996 год – усталяванне мемарыяльнай дошкі памяці кампазітара (аўтар – Валяр’ян Янушкевіч) у Фларэнцыі, на доме, дзе кампазітар правёў апошнія 11 гадоў свайго жыцця.

1999 год – прэзентацыя кнігі нашчадка Агінскага Анджэя Залускага “Время и музыка Михала Клеофаса Огинского”, творчая сустрэча з аўтарам.

2002 год – адкрыццё на пляцоўцы перад каледжам першага ў Беларусі помніка М.-К. Агінскаму (аўтар – Валяр’ян Янушкевіч).

Изображение 2

2003 год – стварэнне гімна навучальнай установы (аўтары – кампазітар Алена Атрашкевіч, паэтэса Таіса Трафімава, Рыгор Сарока), у якім ўрачыста і лірычна згадваецца імя М.-К. Агінскага.

2006 год – стварэнне на базе каледжа Маладзечанскага маладзёжнага музычнага народнага тэатра. Творчая дзейнасць менавіта гэтага аб’яднання таленавітых музыкантаў, мастакоў, рэжысёраў паўплывала на з’яўленне думкі пра першую нацыянальную оперу, прысвечаную асобе М.-К. Агінскага.

2010 год – прэзентацыя дзейнасці дабрачыннага фонда “Спадчына М.-К. Агінскага”, які створаны з мэтай рэстаўрацыі сядзібы Агінскага “Паўночныя Афіны” ў вёсцы Залессе.

2010 год – сумесны праект Маладзечанскага музычнага каледжа (Беларусь) з музыкантамі Польшчы і Англіі "Музыка роду Агінскіх".

2010 год – урачыстыя святкаванні 245-годдзя з дня нараджэння М.-К. Агінскага.

2010 год – візіт у музычны каледж нашчадка М.-К. Агінскага – піяніста і кампазітара Іва Залускага, творчая сустрэча-гутарка і вялікі канцэрт з твораў сям’і Агінскіх і асабіста І. Залускага.

2010-2015 гады – шматлікія праекты з удзелам музыкантаў Маладзечанскага музычнага каледжа, прысвечаныя творчасці Агінскага: рэканструкцыя часоў Агінскага, якая дэманстравалася ў Расіі, Польшчы, Літве; сумесныя выступленні з творамі М.-К. Агінскага выканаўцаў каледжа з музыкантамі Расіі, Літвы, Польшчы, Англіі; канцэрты і стварэнне аўдыя-дыскаў “Музыка роду Агінскіх”, “Музыка Іва Залускага”; сумесныя праекты з музеем г. Рытавас (Літва) і яго дырэктарам Вітасам Руткаўскасам, з Вільнюскай акадэміяй музыкі, з музычнай школай імя М.-К. Агінскага ў Вільнюсе (Літва); выступленні ў прэсе з артыкуламі, прысвечанымі асобе і творчасці Агінскага.

2011 год – выданне навукова-папулярнага, даведачнага буклета “Вяртанне”, прысвечанага жыццю і творчасці М.-К. Агінскага, яго творчай спадчыне. Аўтары – выкладчыкі Маладзечанскага музычнага каледжа Вольга Царык і Вольга Корсак.

2013 год – прэм’ера новай беларускай нацыянальнай оперы “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт”, створанай па ініцыятыве Рыгора Сарокі спецыяльна для пастаноўкі Маладзечанскім маладзёжным музычным народным тэатрам. Аўтары: кампазітар – Алег Залётнеў, аўтар лібрэта – Сяргей Макарэй.

2014 год – прэзентацыя фільма рэжысёра Анастасіі Мірашнічэнкі “Рана ў сэрцы”, прысвечанага лёсу М.-К. Агінскага.

2015 год – пастаноўка оперы “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” у межах XXVII Міжнароднага фестывалю класічнай музыкі “Январские музыкальные вечера” ў Брэсце.

2015 год – у межах святкавання 250-годдзя з дня нараджэння Агінскага адбыўся канцэрт сімфанічнага аркестра ў канцэртнай зале г. Рэтаваса (Літва) з удзелам салістаў маладзёжнага музычнага тэатра А. Саўчанкі і А. Мацюшонка.

Маладзечанскі каледж імя Агінскага праводзіць вялікую асветніцкую працу ў горадзе, рэгіёне, вобласці і рэспубліцы. Вядучая роля ў асветніцкай дзейнасці на карысць творчасці М.-К. Агінскага – у канцэртах-лекцыях, якія складаюцца з музычных твораў кампазітара і літаратурных (паэтычных і музыказнаўчых) каментараў.

У 2015 годзе пачалася сумесная праца прадстаўнікоў Маладзечанскага музычнага каледжа і дабрачыннага фонда “Спадчына М.-К. Агінскага” па частковаму добраўпарадкаванню месца пахавання роду Ходзькаў-Дэдэркаў і тэрыторыі былога касцёла св. Роха ў вёсцы Аборак, месца, дзе нарадзіўся асабісты сакратар Міхала Клеафаса Агінскага – Леанард Ходзька.

Изображение 1

Сёлета ж адбыліся збор матэрыялаў і абсталяванне ў Маладзечанскім музычным каледжы пакоя імя М.-К. Агінскага, які адкрылі 1 верасня 2015 года. У пакоі змешчаны выявы кампазітара, зробленыя ў тым ліку і сіламі навучэнцаў аддзялення дэкаратыўна-прыкладного мастацтва, літаратурныя творы, роздумы і нататкі, нотныя выданні (у тым ліку – і клавір оперы “М.-К. Агінскі. Невядомы партрэт”). Плануецца актыўна папаўняць экспазіцыю пакою і праводзіць там экскурсіі, культурныя мерапрыемствы.

Восень будзе насычаная святочнымі мерапрыемствамі

Так, 12 верасня выкладчыкі музычнага каледжа далі канцэрт у касцёле а.г. Беразінскае Маладзечанскага раёна, прагучалі творы М.-К. Агінскага і яго сучаснікаў.

16 верасня адбылася мультымедыйная прэзентацыя творчага праекта Вольгі Царык і Аляксандра Еўдакімава “Музыка і спадчына М.-К. Агінскага”. Выкладчыкі нагадалі галоўныя факты жыцця і творчасці кампазітара, пазнаёмілі з яго музычнымі творамі, а для навучэнцаў Iпершага курса адбылася дэманстрацыя дакументальнага фільма пра Агінскага “Рана ў сэрцы” Анастасіі Мірашнічэнкі.

17 верасня пад назвай “Дзе ціхі мой прычал…” (радок аднаго з вакальных твораў М.-К. Агінскага) адбыўся канцэрт навучэнцаў і выкладчыкаў вакальнага аддзялення каледжа.

Што яшчэ можна наведаць

23 верасня ў музычным каледжы ў 15.00 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы творчых работ выкладчыкаў і навучэнцаў, а таксама мастакоў Маладзечна, прысвечанай мясцінам М.-К. Агінскага і ўласна асобе кампазітара.

Экспазіцыя абяцае быць вельмі насычанай і цікавай. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з выставай на адкрыцці, а таксама да лістапада ўключна.

23 верасня ў 15.30 прыхільнікаў музычнага мастацтва запрашаюць на літаратурна-музычную кампазіцыю “Час і музыка М.-К. Агінскага”.

Выканаўцы і калектывы каледжа прадставяць творы сучаснікаў і самога М.-К. Агінскага, сцэнар кампазіцыі пазнаёміць слухачоў з адметнымі фактамі з жыцця кампазітара.

Праграма святкавання 250-годдзя кампазітара 25 верасня

25 верасня, у дзень нараджэння М.-К. Агінскага, адбудуцца тры мерапрыемствы.

11.00 – урачысты сход-мітынг з удзелам кіраўніцтва Маладзечанскага райвыканкама, выкладчыкаў і навучэнцаў музычнага каледжа, жыхароў Маладзечна на пляцоўцы каля помніка М.-К. Агінскаму.

12.00 – плануецца паездка дэлегацыі музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага ў в. Аборак для ўрачыстага адкрыцця мемарыяльнага комплексу сям’і Ходзькаў і пасадка алеі.

19.00 – у вялікай зале Палаца культуры Маладзечна адбудзецца пастаноўка оперы “М.-К. Агінскі. Невядомы партрэт” кампазітара Алега Залётнева.

Іншыя навіны пра святкаванне 250-годдзя нараджэння Агінскага – у спецыяльнай рубрыцы партала Край.бай.

Яўгенія РУКЕВІЧ для Край.бай
Фотаздымкі прадастаўленыя Край.бай Вольгай ЦАРЫК



Читайте также

В Молодечно задержали нетрезвого водителя. Ему грозит штраф в размере 200 базовых величин
В Молодечно нарядом отдела ГАИ Молодечненского РОВД был задержан 41-летний мужчина с признаками алкогольного опьянения.
В Молодечно ООО не уплатило налог с суммы более 250 тысяч рублей
Инспекция Министерства по налогам и сборам Республики Беларусь по Молодечненскому району при проведении контрольных мероприятий выявила схему уклонения от уплаты подоходного налога.