Паэтка Ала Клемянок наведала Залессе Смаргонскага раёна (ФОТА)
У Дзень роднай мовы, які ва ўсім свеце адзначаецца 21 лютага, у Залессе прыехала паэтка і журналістка Ала Клемянок.
Як паведамляе zalesse.by, арганізатарамі сустрэчы сталі ГА "Сяльчанка", ініцыятыўная група ГА "Чырвонага Крыжа “Залясянка” ды мясцовыя бібліятэкаркі Вольга Пачыкоўская і Таццяна Горбач.
Імпрэза прайшла ў будынку Залескага сельскага Савета. Ала Клемянок чытала свае вершы, расказвала пра сябе і свае творы. Прыемным падарункам залескай бібліятэцы стала кніга з подпісам аўтаркі.
Па матэрыялах zalesse.by
Даведка alesyamag.by. Ала Клемянок – вядомая паэтэса, журналіст. Нарадзілася і вырасла ў Маладзечне. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучылася ў БДУ на факультэце журналістыкі. З 1985 года жыве ў Смаргоні, працуе загадчыкам аддзела культуры, маралі і права раённай газеты «Светлы шлях». У Саюзе пісьменнікаў Беларусі з 2003 года. Выдала кнігі вершаў «Яны не ведалі мяне» (1999 г.), «Бывай, Альба Рутэнія!» (2007 г.). У 2010 годзе выйшла трэцяя кніга паэтэсы «Рэфлексіі».