Народны ансамбль песні і танца імя М.-К. Агінскага ў Смаргоні адзначыў свой 50-гадовы юбілей (ФОТА)
30 сакавіка сваё 50-годдзе адзначыў народны ансамбль песні і танца імя М.-К. Агінскага ў Смаргоні пад кіраўніцтвам Аляксандра Ляха.
Са сцэны Смаргонскага цэнтра культуры харавая група калектыва выканала лепшыя свае творы: “Ластаўка пад вакном”, “Полечка-смаргоначка”, “Ясна зора”, “Добры вечар табе”,“Гары касцёр”, “Данко”, “Смаргонскія абаранкі”, “Мне Богам дадзена Радзіма”, Ave-Maria і іншыя.
Кіраўнік народнага ансамбля песні і танца імя М.-К. Агінскага Аляксандр Лях
Цікавымі і багатымі на вобразы былі харэаграфічныя нумары вечара: “Полька-завілейка”, вальс, паланэз і іншыя.
На свята быў запрошаны сябар Аляксандра Ляха – саліст вакальнага ансамбля выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта “Акавіта” Пётр Александровіч.
Саліст вакальнага ансамбля выкладчыкаў БДТУ “Акавіта” Пётр Александровіч
– Паважаны калектыў народнага ансамбля песні і танца імя М.-К. Агінскага, віншую вас з цудоўнай юбілейная датай – 50-годдзем творчай дзейнасці. За паўстагоддзя вы праспявалі шмат песень. У вашым выкананні яны заўсёды хвалююць сэрцы людзей, – павіншаваў ад імя кіраўніцтва БДТУ Пётр Александровіч.
Госць зазначыў, што смаргонскі калектыў добра вядомы ў Беларусі і за яе межамі. Напрыканцы свайго віншавання ён пажадаў калектыву здароўя і шчасця, удзячных слухачоў і шчодрых мецынатаў.
У суправаджэнні хора народнага ансамбля Пётр Александровіч выканаў рускую народную песню “Калинка”.
Асобна выступілі салісты народнага ансамбля Аксана Дагоцкая (“Господи, если тебе угодно”, “Молитва”) і Леанід Насекайла (“Жило 12 разбойников” і “Блажен муж”).
Песню “Посвящение”, прысвечаную сваёй жонцы, выканаў і сам Аляксандр Лях.
Павіншаваць і выказаць словы ўдзячнасці на свята прыйшлі ветэраны калектыву і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава.
Аляксандр Лях з ветэранам калектыву
Сяргей ЮРЭВІЧ
Фота аўтара