Дажыначны каравай прыбудзе на свята ў Солы Смаргонскага раёна на міні-трактары (ПРАГРАМА)
Раённыя “Дажынкі” адбудуцца на Смаргоншчыне 6 верасня.
У раённым метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Край.бай расказалі, што ўрачыстасць распачнецца ў 11.30 шэсцем пераможцаў спаборніцтва па ўборцы ўраджаю. Адкрыццё фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2014» і цырымонія ўшанавання пераможцаў запланаваны на 12.00.
Таксама адбудуцца:
- падвядзенне вынікаў жніва 2014 года;
- уручэнне падарункаў лепшым камбайнёрам, хлебаробам і іншым спецыялістам сельскай гаспадаркі 2014 года;
- святочны канцэрт;
- выстава сельскагаспадарчых падводаў са скарбамі восені ад раённых гаспадарак;
- шматлікія прысмакі і забаўляльныя праграмы для дарослых і дзяцей;
- выставы майстроў народнай творчасці.
Дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Галіна Крацянок зазначыла, што ў святочнай праграме возьмуць удзел калектывы ўстаноў культуры Смаргонскага раёна.
“З даўніх часоў канец жніва адзначалі дажынкамі – святам тых, хто служыць сваёй роднай зямлі і хлебу. Яго заўсёды ладзілі з песнямі, танцамі, нацыянальнымі стравамі і абавязковым шанаваннем лепшых працаўнікоў вёскі. I сёння традыцыі даўніны не забытыя”, – сказала яна.
Па словах Галіны Крацянок, тэатралізаванае адкрыццё свята «Дажынкавы карагод» наведае багіня Талака. Кожная гаспадарка рыхтуе свой каравай, які на сцэну будзе выносіць на ручніку гаспадыня-каравайніца. Агульны раённы каравай новага ўраджаю плануецца даставіць на свята на міні-трактары. А конкурс на лепшую ўраджайную падводу вызначыць не толькі самы багаты ўраджай, але і лепшае яе эстэтычнае і творчае афармленне.
Вольга НЯЎЗОРАВА