200-годдзе касцёла ў Вішневе

У нядзелю 28 чэрвеня вернікі парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе, што на Смаргоншчыне, з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча адзначаць 200-гадовы юбілей кансэкрацыі свайго парафіяльнага касцёла, паведамляе catholic.by.

Вядома, што ўжо ў XVIII ст. у мястэчку дзейнічаў драўляны касцёл Свірскага дэканата і місія езуітаў пры ім. Айцы Таварыства Езуса заснавалі ў Вішневе і так званую «факультэцкую школу».

Мураваная святыня ў стылі класіцызму на прыгожым пагорку была закладзена ў 1811 годзе, пра што сведчыць дата на закладным камені падмурку, які відаць злева ад уваходу ў сакрыстыю.

У гэты ж час быў створаны і абраз святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам пэндзля мастака Яна Дамеля. Велічная ікона і сёння знаходзіцца над галоўным алтаром вішнеўскага касцёла.

12 верасня 1820 года святыню пад тытулам святога апостала Юды Тадэвуша кансэкраваў біскуп Тадэвуш Кундзіч, суфраган Троцкі.

Урачыстую цэлебрацыю з нагоды 200-годдзя кансэкрацыі касцёла ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а партал catholic.by арганізуе анлайн-трансляцыю з Вішнева.

Яна распачнецца ў 11.30 з прадстаўлення новага выдання мастацка-дакументальнай аповесці Анатоля Шчучкі «Святыняў маўклівыя цені», прысвечанай гісторыі гэтых мясцін, адкуль паходзіць род аўтара. На вокладцы кнігі — абрыс вішнеўскага касцёла пад Укрыжаваным Хрыстом, з ранаў якога сцякае святая Кроў, а таксама алтарны абраз святога Юзафа.

Апоўдні адбудзецца цэлебрацыя святой Імшы, прымеркаванай да ўрачыстасці Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, якая ў вішнеўскай парафіі традыцыйна з’яўляецца адпустам.

Пробашч парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе кс. Антоній Казлоўскі ад імя мясцовых вернікаў шчыра запрашае ўсіх жадаючых падзяліць з імі радасць адпустовай урачыстасці і юбілею кансэкрацыі касцёла.

Фота: planetabelarus.by