Подарить эмоции со вкусом предлагает Татьяна Зейналова из Докшиц
Для сучаснай жанчыны адпачынак па доглядзе дзіцяці ўсё часцей становіцца часам для самарэалізацыі. У тым, што дэкрэтны перыяд – гэта не падстава сядзець на месцы, а магчымасць раскрыць свой патэнцыял, паверыць у сябе і зрабіць крок да выканання мары, упэўнена і дакшычанка Таццяна Зейналава.
Яе стартап па вырабе зефірных букетаў упэўнена набірае папулярнасць не толькі сярод жыхароў Докшыцкага раёна, піша dokshitsy.by. Заказы на салодкія падарункі бізнесвумен ужо атрымлівае і з іншых абласцей Беларусі.
– Лепшая рэклама – гэта задаволеныя кліенты, якія дзеляцца эмоцыямі ад маіх работ, – гаворыць Таццяна. – Напрыклад, летась да Дня маці ў адзін дзень прыйшлося вырабіць 750 зефірных цюльпанчыкаў. Амаль да паўночы адстаяла на кухні. На наступны дзень іх трэба было сабраць у букеты. Але мне ўсе гэтыя клопаты падабаюцца.
Па спецыяльнасці Таццяна – прадавец. Хаця, як сама ўспамінае, схільнасці да кулінарыі былі ў яе з дзяцінства. Аднойчы, дзесьці ў дванаццацігадовым узросце, вельмі хацела парадаваць матулю, якая трапіла ў бальніцу. Спякла для яе дражджавы макавы рулет.
– Праўда, цукар забыла пакласці, – смяецца суразмоўца. – І сёння ў сям’і прыгадваюць той эксперымент, вярнуцца да якога вырашыла толькі падчас свайго другога дэкрэтнага перыяду. Спрабавала выпякаць торты. Спачатку для сябе і родных. Потым таксама пайшлі заказы, сярод якіх былі і двух’ярусныя вясельныя. Калі ў Інтэрнэце шукала, як іх упрыгожыць, пастаянна натыкалася на кветкі з зефіру. Зацікавілася. Прадукты для вытворчасці ласункаў у прынцыпе нескладаныя: яблычны сок або пюрэ, яечны бялок, цукар і раслінны заменнік жэлаціну агар-агар. Самым складаным было правільна ўзбіць інгрэдыенты, бо з масы ніяк не атрымліваліся цюльпанчыкі, усё нейкія цыбуліны выходзілі. Як кажуць, “камяком” выйшла не толькі першая кветка, але і, мабыць, сто першая!
Нягледзячы на няўдалыя спробы, Таццяна не апусціла рукі, а давяла справу да канца. Метадам спроб і памылак скрупулёзна вывучала вытворчасць дамашняга зефіру. Цяпер яна ведае, што з яблычнага пюрэ зефір больш падобны на магазінны, а з соку – на пасцілу. Самавыцісканы сок, для вытворчасці якога нават спецыяльна набыла сокавыціскалку, не зусім падыходзіць для вырабаў, бо яго кіслата нейтралізуе якасці агар-агару. Вось пюрэ з запечаных у духоўцы яблыкаў з бацькоўскага саду, што ў вёсцы Дзедзіна, – самае тое.
Між іншым, зефір – гэта славянскае вынаходніцтва. Яго прабацька – руская пасціла. Яе варылі з яблыкаў і мёду. Застылую масу дзялілі на невялікія лустачкі і сушылі. Потым гаспадыні заўважылі, што калі ў яблычнае пюрэ ўвесці трохі яечнага бялку, то выгляд у яго не будзе рудавата-ржавым. Затым замянілі мёд на цукар. Менавіта гэты склад (яблыкі, цукар, узбіты яечны бялок) лічыцца класічным для зефіру. Крыху пазней французы дадалі ў яго ў якасці загушчальніка агар-агар.
Напэўна, самае клапатлівае ва ўсёй справе – гэта збор букетаў. Што трэба для гэтага? Спецыяльныя скрынкі, папера, плёнка, пенаплекс, зубачысткі і шпажкі, стужкі. Акрамя таго, на кожны гатовы выраб прымацоўваецца віншавальная паштоўка, на адваротным баку якой – тэрмін захоўвання прадукцыі. Дарэчы, ён складае два тыдні. І ў гэтым таксама вялікі плюс такіх букетаў.
Збіраць ядомыя падарункі Таццяне дапамагаюць сыны. Старэйшы, Даніла, ужо скончыў школу, але, калі прыязджае дадому, заўсёды рады выручыць матулю. Верны памочнік і чацвёртакласнік Дзяніс.
У бліжэйшых планах Таццяны Зейналавай – навучыцца ствараць, акрамя цюльпанаў, і іншыя кветкі, а таму запісалася на чарговыя курсы па зефірнай фларыстыцы.
Фота dokshitsy.by