Опубликовано: 02 декабря 2016, 15:46
33

Рынкавая плошча і дамы па праекце італьянскага архітэктара. Як раней выглядаў цэнтр Паставаў? (фота)

Падарожны, які трапляе першы раз у Паставы, не можа не адчуць асаблівы каларыт цэнтральнай плошчы. І гэтаму ёсць тлумачэнне: далёка не кожны беларускі горад можа пахваліцца тым, што ў ім захавалася забудова XVIII стагоддзя.

Росквіт Паставаў, як вядома, звязаны з імем вядомага рэфарматара і асветніка, падскарбія Вялікага Княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза, да якога мястэчка перайшло ва ўладанне ў зусім непрывабным выглядзе. Зразумела, што такі стан рэчаў яго не задавальняў, піша сайт газеты "Витебские вести".

Акрамя прамысловых прадпрыемстваў (іх было створана 35), ён пабудаваў тут і першыя каменныя жылыя будынкі. Але не проста дамы, а сапраўдны архітэктурны ансамбль, частку якога зараз можна ўбачыць у цэнтры населенага пункта. Усё будаўніцтва вялося ў адзін час па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ Сакі ў папулярным на той час стылю барока. Дойлід дакладна ведаў сваю справу, таму нават тое, што засталося, глядзіцца вельмі арганічна.

Дырэктар раённага краязнаўчага музея Раіса Курачэнка распавяла мне такую займальную гісторыю. У Паставы павінна была наведацца каралеўская камісія з інспекцыяй, каб на месцы разабрацца, як выкарыстоўваюцца выдаткаваныя з дзяржаўнай скарбонкі грошы. Але так сталася, як і сёння бывае, што будаўнікі не паспелі ўсё зрабіць як належыць. Да таго ж Антоній Тызенгаўз шмат грошай выдаткоўваў на навуковыя даследаванні і культуру, сярод яго сяброў быў вядомы французскі філосаф, асветнік, кампазітар Жан-Жак Русо, які нават збіраўся прыехаць у Паставы.

Як вынік, з-за фінансавых праблем у дамоў на плошчы каменнымі былі толькі фасады, а астатнія тры сцяны – з простых бярвёнаў. Выйсце знайшлося класічнае: гасцей спачатку добра пачаставалі, а потым пасадзілі на коней і шпарка пракацілі па плошчы. Захмялелыя кантралёры, натуральна, нічога не заўважылі, а недаробкі дбайным гаспадаром былі пазней ліквідаваны.

Шкада, што да нашага часу захавалася малая частка адметных домікаў з хвалістымі франтонамі. Многія з іх былі разбураны ў час Першай сусветнай вайны, калі Паставы апынуліся на лініі фронту. У цэнтры плошчы стаяў крыты каменны рынак, пашкоджаны пры абстрэле горада, яго разабралі ў савецкі час. Каб вызваліць месца для новабудаў, “ахвяравалі, і некаторыя іншыя будынкі. Наогул з 22 пабудоў да сёння захавалася толькі шэсць.

Рынкавая плошча вельмі доўга выконвала сваё першаснае прызначэнне, што бачна па здымку, зробленаму ў даваенны час, верагодна ў 1920-я гады, калі Паставы ўваходзілі ў склад Польшчы, згодна з Рыжскім мірным дагаворам. верагодна, у 1920-я гады. Дарэчы, плошча была адным з нямногіх брукаваных месцаў у паселішчы.

Кірмаш, па ўсім бачна, быў з размахам: у гандлёвыя рады не ўбіцца. Відаць, што народ прыбыў не толькі з горада, але і з навакольных вёсак ды хутароў. Тут жа праходзілі гандлёвыя шляхі на Друю і Мядзель. Гляньце, колькі аглобляў! Цікава толькі, на якой стаянцы пакідаў люд сваіх коней?

Изображение 2

Бліжэйшы да нас на фота дом не аўтэнтычны, а стылізаваны ўжо ў пазнейшы перыяд пад іншыя (у часы Тызенгаўза тут была аднапавярховая гасцініца-аўстэрыя). Сёння гэта раённы вузел паштовай сувязі.

Далей бачым дом для рамеснікаў, якіх Тызенгаўз запрашаў з-за мяжы для працы і навучання месцічаў. Тут зараз Пастаўскае падраздзяленне “Саюздруку”. Майстры жылі і ў наступным будынку. Сёння там пануюць гандляры: некалькі крамаў, дзе можна набыць патрэбныя рэчы ад абутку да сувеніраў.

Гэта толькі адзіны бок плошчы. Не ўвайшоў ў кадр будынак аптэкі, унікальнай тым, што на працягу стагоддзяў яна не змяніла сваёй першаснай спецыфікі. Варты ўвагі і цяперашні будынак краязнаўчага музея, дзе размяшчалася гасцініца.

Раіса Курачэнка адзначае: як выглядала плошча ў мінулым, можна пабачыць у навуковай працы Алены Квітніцкай “Будаўніцтва Тызенгаўза ў Паставах”. Канешне, пра аднаўленне гаворка не ідзе, але трэба захаваць тое, што маем сёння. Безумоўна, гісторыя Пастаў і колішняя Рынкавая плошча вабяць гасцей. Калісьці Тызенгаўзу ўдалося зрабіць гэтае месца прамысловым цэнтрам краю, зараз жа ёсць падстава стаць і турыстычным.

Читайте также

«В качестве безграничной благодарности…» Футбольный клуб «Молодечно» бесплатно свозит болельщиков в Островец на финальный матч сезона-2024
Футбольный клуб «Молодечно» объявил о том, что организует бесплатную поездку своих болельщиков из Молодечно в Островец на свою финальную игру сезона-2024 с местной командой города атомных энергетиков.
Владимир Яцынович: "Я аплодирую вам!" Молодечненской детской школе искусств 75 лет
22 ноября прошли торжественные мероприятия по случаю 75-летнего юбилея Молодечненской детской школы искусств.
ДТП в Лидском районе: четверо погибших
Сегодня, 23 ноября, около 15 часов на автодороге М6 «Минск-Гродно» в Лидском районе вблизи деревни Бискупцы водитель автомобиля Opel при движении со стороны Минска в сторону Гродно, по предварительной информации, не справился с управлением и совершил наезд на дорожное ограждение.