Амаль усе вядомыя беларускія арганісты прыехалі на фестываль у Паставы. Магчыма, ён пашырыцца і на Глыбокае
Фестываль арганнай музыкі «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны», арганізатарам якога з'яўляецца былы намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, прайшоў у Паставах. Зацікаўленасць у правядзенні мерапрыемстваў фестывалю выказала Глыбокае.
«Правядзенне фестывалю арганнай музыкі на Пастаўшчыне стала яшчэ адной добрай традыцыяй», – адзначыў падчас закрыцця IV музычнага фестывалю «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны» яго аўтар, ураджэнец Пастаўскага раёна, былы намеснік міністра культуры Беларусі, а цяпер намеснік старшыні Беларускага фонда культуры Тадэвуш Стружэцкі, піша сайт catholic.by.
Вядомы беларускі арганіст і саліст Белдзяржфілармоніі – пра пастаўскі фестываль
Фестываль праходзіў 10 і 11 снежня і быў арганізаваны Пастаўскім дэканатам Віцебскай дыяцэзіі сумесна з мясцовым райвыканкамам і Беларускім фондам культуры. За час яго правядзення ў канцэртах на Пастаўшчыне прынялі ўдзел практычна ўсе вядомыя беларускія арганісты.
Сёлета канцэрты адбыліся ў двух касцёлах – у Паставах і Камаях. Удзельнікам фестывалю другі год запар быў і Віктар Кісцень, журналіст канала «Культура» Беларускага радыё і арганіст касцёла Найсвяцейшай Тройцы і св. Роха ў Мінску (Залатая Горка).
Летась ён выступаў з праграмай камернай музыкі. Гэтым разам арганіст разам з Тамарай Рэмез, салісткай Белдзяржфілармоніі, прадставілі музычна-літаратурную кампазіцыю «Ave Maria», у час якой гучалі духоўныя вершы ў выкананні дыктара замежнай рэдакцыі «Радыё Беларусь» Маргарыты Зазарыя і музычныя творы, прысвечаныя Святой Дзеве Марыі.
«Кожны арган унікальны. Таму адна і тая ж праграма будзе гучаць у кожным касцёле па-іншаму», – лічыць музыка.
Адметнасць кожнага аргана адзначыў і вядомы выканаўца Канстанцін Шараў, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Маэстра, які гэтым разам прадставіў канцэртныя праграмы ў двух касцёлах – у Камаях і Паставах. Ён думае, што «арганы, як людзі, – кожны па-свойму адметны». У размове маэстра таксама падняў пытанне неабходнасці лячэння арганаў у касцёлах, гэта значыць прафесійнага догляду за імі.
А што думаюць пастаўчане?
Мясцовыя жыхары добра ведаюць пра гэты фестываль, таму і ахвотна наведваюць канцэрты. Прычым гэта не толькі вернікі, якія, дарэчы, масава заставаліся на канцэрты пасля святых імшаў. Дзверы касцёлаў былі адчыненыя для ўсіх, а канцэрты былі бясплатнымі.
Людміла Пліс, мясцовая жыхарка, адмыслова прыйшла паслухаць канцэрт на аргане ў пастаўскім касцёле. Жанчына адзначыла высокі ўзровень выканання музыкаў, эмацыйна адзначыўшы, што яна «проста ў захапленні». Людміла расказала, што любіць слухаць арган і часта бывае ў Мінску на канцэртах арганнай музыкі.
Жанчына адзначыла, што фестываль у Паставах – добрая нагода, каб паслухаць у прафесійным выкананні канцэрт арганнай музыкі на месцы.
Фестываль можа пашырыцца
Тадэвуш Стружэцкі, арганізатар і аўтар праекта, у каментарыі для сatholic.by распавёў пра перспектывы фестывалю, адзначыўшы, што месца для правядзення канцэрта арганнай музыкі абрана невыпадкова – з Пастаўшчыны паходзіць ён сам.
«Як прафесійны музыкант я бачыў добрыя ўмовы для правядзення фестывалю падобнага фармату. У касцёлах Пастаўскага дэканату ёсць чатыры арганы ў працоўным стане, чым можа пахваліцца не кожная мясцовасць. На працягу 25 гадоў у Паставах праводзіцца фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік», падчас яго склалася традыцыя правядзення шэрагу канцэртаў у касцёле, у тым ліку арганнай музыкі. У выніку некалькі гадоў таму ўзнікла ідэя правядзення фестывалю менавіта арганнай музыкі, бо тут была і падрыхтаваная аўдыторыя, і зацікаўленасць мясцовага духавенства», – расказаў Стружэцкі.
«Арган можа і павінен выкарыстоўвацца і як канцэртны інструмент», – дадаў Тадэвуш Стружэцкі, адзначыўшы, што ў планах – пашырэнне геаграфіі фестывалю.
Зацікаўленасць правядзеннем мерапрыемстваў фестывалю выказаў кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла на Беларусі біскуп Алег Буткевіч, а таксама парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім.