Фестываль эксперыментальнай керамікі «Дым»
Арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца Пастаўскі райвыканкам, Лынтупскі сельскі савеце, мясцовы культурны цэнтр «Культыватар», Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна, паведамляе «Пастаўскі край».
Напярэдадні фестывалю на базе «Культыватара» ладзіцца двухтыднёвы пленэр, падчас якога керамісты з Беларусі, Расіі і Балгарыі абменьваюцца вопытам, удзельнічаюць у майстар-класах і ствараюць шэраг новых вырабаў. Убачыць іх можна будзе падчас свята.
На фестывалі, які распачнецца на пляцоўцы ля сельскага Савета ў 15.00, госці змогуць паслухаць фальклорны калектыў з вёскі Гута, убачыць выставу «Беларускія дываны», набыць сувеніры на кірмашы рамеснікаў, пакаштаваць стравы беларускай кухні, паназіраць за правядзеннем народнай дзіцячай гульні «Яшчар», патанцаваць на этнадыскатэцы.
На пляцоўцы каля лынтупскага культурнага цэнтра (насупраць будынка сельскага Савета) керамісты будуць праводзіць майстар-класы для дзяцей і дарослых (іх пачатак у 12.30, 14.00, 15.00, 16.30, 17.30, 19.00) і экскурсіі па пляцоўцы (у 13.40 і 16.10). Майстры таксама прадэманструюць варыянты эксперыментальнага абпальвання гліны: у вогнішчы, яме, пілавінні і нават бананавых лупінах.
Праграма вячэрніх мерапрыемстваў:
19.00 Выступленне камернага аркестра «Европа-Центр» пад кіраўніцтвам
Раіля Садыкова (г. Полацк) у мясцовым касцёле.
20.30 Танцавальна-музычнае шоу этнастудыі «Кетры».
21.00 Канцэрт легендарнага беларускага гурта KRIWI.
22.00. Вогненнае шоу этнастудыі «Кетры».
22.15. Фінальнае шоу — раскрыццё вогненнай статуі.