Фэст Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі

Традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай пройдуць сёлета ў Гудагаі 17-18 ліпеня, паведамляе catholic.by.

Сёлетні Гудагайскі фэст – асаблівая нагода падзякаваць Богу за 30 гадоў з дня адраджэння структур Касцёла ў Беларусі, заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і служэння ў ёй біскупа Аляксандра Кашкевіча, за 40 гадоў святарскага служэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і 100-годдзе з дня заснавання Кангрэгацыі сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса, якія нясуць служэнне таксама ў Гудагаі.

Праграма ўрачыстасці

Субота, 17 ліпеня

18.00 – святая імша на заканчэнне навэнны
20.30 – Крыжовы шлях на Кальварыі (магчымасць споведзі)
23.15 – прэзентацыя сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса

Нядзеля, 18 ліпеня

00.00 – працэсія са свечкамі, святая імша, чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
8.30 – гадзінкі пра Найсвяцейшую Панну Марыю
10.00 – святая імша на польскай мове
12.00 – урачыстая адпустовая святая Імша

Інфармацыя для пілігрымаў

• Славуты ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай, як і ў мінулыя гады, будзе выстаўлены для асабістай малітвы перад ім вернікаў.

• У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй усе набажэнствы будуць праходзіць на адкрытым паветры з захаваннем неабходных санітарных мер.

• Арганізатары просяць удзельнікаў памятаць пра неабходнасць захоўваць сацыяльную дыстанцыю і рэкамендуюць выкарыстоўваць маскі.

• Касцёл будзе адчынены для індывідуальнай малітвы. Пры ўваходзе будуць усталяваны дазатары з антысептыкам.

• З прычыны пандэміі мясцовыя жыхары маюць абмежаваныя магчымасці прымаць людзей на начлег. Тыя, хто пілігрымуе ў Гудагай у індывідуальным парадку, змогуць паставіць намёты на тэрыторыі каля плябаніі.

• Да вернікаў, якія жадаюць падчас урачыстасцяў прыняць святую Камунію, просьба загадзя прыступіць да споведзі ў сваіх парафіях.

• Просьба да жадаючых загадзя падрыхтаваць інтэнцыі на святыя Імшы, а таксама малітоўныя падзякі і просьбы, якія можна будзе пакінуць у касцёле або ў намёце на прыкасцёльнай тэрыторыі.

Усіх, хто не будзе фізічна ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях у Гудагаі, айцы кармэліты босыя запрашаюць духоўна далучыцца да святкавання і малітвы ва ўсіх інтэнцыях, якія носім у сэрцы, у тым ліку аб спыненні пандэміі каранавірусу.