Спартыўныя сем’і з усёй Беларусі сабраліся на фестывалі ў Маладзечанскім раёне (фота)
Рэспубліканскі фестываль “Мама, тата, я – здаровая сям’я” праходзіў з 31 мая да 2 чэрвеня на Вялікай паляне каля спартыўнай базы “Вілія”.
Спартыўнае мерапрыемства было прысвечана Міжнароднаму дню абароны дзяцей.
На беразе Віліі спаборнічалі паміж сабой 25 сямейных каманд з Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і горада Мінска. Самаму малодшаму ўдзельніку фестывалю Марку Бараненку з Салігорска нядаўна споўнілася ўсяго шэсць гадоў.
У цырымоніі адкрыцця фестывалю прынялі ўдзел начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Мікалай Шрымф і галоўны спецыяліст Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алена Стэц.
Ад гаспадароў, маладзечанцаў, з канцэртным нумарам выступіў сямейны ансамбль “Раднічок” з вёскі Заскавічы. У складзе ансамбля – тры дзяўчынкі: сёстры Серафіма, Марыя і Еўфрасіння Давыдзенкі.
Арганізатары мерапрыемства – Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
Дзеці спаборнічалі ў трох узроставых катэгорыях: 6-8, 9-11 і 12-14 гадоў. У дзіцячай паласе перашкод перамаглі 6-гадовая Ангеліна Цэгалка з Мінска, 8-гадовы Даніла Леванюк з Брэсцкай вобласці, 11-гадовы Яўген Шыманскі з Верхнядзвінскага раёна, 13-гадовыя Крысціна Шкрэдава з Чавусаў і Антон Сірач з Брэсцкай вобласці.
Ладзілася і сямейная паласа перашкод, дзе разам са сваімі дзецьмі змагаліся таты і мамы: лазілі па нацягнутай вяроўцы, падпаўзалі пад “мышалоўку”. У гэтых спаборніцтвах перамаглі: сям’я Краўцовых з Бялыніцкага раёна, сям’я Шыманскіх з Верхнядзвінскага раёна і сям’я Сірач з Брэсцкай вобласці.
Потым таты арыентаваліся на мясцовасці. Некаторыя з іх збіліся з курса і нейкі час блукалі, але выйшлі на паляну. Па-за конкурсам у арыентаванні ўдзельнічала адна мама – Вольга Ляўчук з Мінска. Яна перамагла мужчын і першай прыйшла да фінішу.
Затым мамы скакалі праз скакалку. 43-гадовая Ганна Абраменка з Мінска скакала так, што суддзі ледзь паспявалі лічыць: атрымалася 82 скачкі за 30 секунд.
Удзельнікам фестывалю прыйшлося праявіць яшчэ і таленты ў выкананні турысцкай песні. З задорам прадставілі сваю каманду сем’і Паленных і Шыманскіх з Верхнядзвінскага раёна.
Прадстаўнікі гэтага раёна перамаглі і ў конкурсе на лепшае афармленне лагера. Тут прысутнічаў і герб горада, і сямейныя фотаздымкі, і нават майкі з прозвішчамі ўдзельнікаў. У нацыянальным беларускім стылі быў аформлены лагер каманд Брэсцкай вобласці.
“Фішкай” фестывалю сталі спаборніцтвы па экстрымальным бегу, дзе ўдзельнікам прыйшлося некаторы час перамяшчацца па балоцістай мясцовасці.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел 30 чалавек розных узроставых катэгорый, сярод іх і сем жанчын. Першым у мужчын быў Аляксандр Клюйко з Мінска, у жанчын – Таццяна Буракоўская з Магілёва.
Гэты від спаборніцтваў выклікаў шмат эмоцый і ва ўдзельнікаў, і ў балельшчыкаў. А арганізавалі яго Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, федэрацыя лёгкай атлетыкі і сталічны клуб аматараў бегу “Вікторыя”.
Увечары 1 чэрвеня дзяцей і іх бацькоў чакала святочная дыскатэка.
І вось прыйшоў час развітвацца. Некаторым, напэўна, спатрэбіліся дадатковыя заплечнікі для падарункаў і ўзнагарод. Напрыклад, сям’я Шыманскіх везла дадому пяць дыпломаў, кубак і грашовыя ўзнагароды. Сем’і Абраменкаў і Сірач – па чатыры дыпломы і таксама грашовыя ўзнагароды і кубкі.
Галоўны спецыяліст аддзела фізкультуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Таццяна ГАНІЧ для Kraj.by
Фота Kraj.by прадастаўленыя Таццянай ГАНІЧ