Вілейскі касцёл будзе адзначаць сваё стагоддзе на працягу ўсяго 2013 года (ФОТА)
14 верасня гэтага года святыня адзначае свае стагоддзе. З нагоды юбілейнай даты ў касцёле прайшлі парафіяльныя місіі, на яго тэрыторыі ўсталявалі дзесяціметровы місійны крыж, будуць выдадзеныя маркі з выявай святыні.
Пра ўсё гэта карэспандэнт Край.бай даведалася ў пробашча касцёла дэкана Вілейскага дэканата ксяндза Аляксандра Барылы.
- Як будзе святкавацца юбілей касцёла?
- Юбілейны год нашага касцела мы адзначаем з 1 студзеня і да канца 2013 года. На гэты год запланавана некалькі мерапрыемстваў, але асноўныя з іх адбудуцца 14 верасня пад час парафіяльнай урачыстасці, галоўнага дня касцёла, – Узвышэння Святога Крыжа. У ліку асноўных – парафіяльныя місіі. Гэта духоўныя практыкаванні, прапаведванне божага слова з мэтай узмацнення духоўнага жыцця католікаў горада, якія адбываюцца ў парафіі раз на шмат дзесяцігоддзяў. Яны прайшлі з 3 па 8 сакавіка. У час місій адбылося шмат набажэнстваў і сустрэч з рознымі групамі людзей, дзецьмі, дарослымі, сем’ямі – цэлы тыдзень напружанай духоўнай працы.
Як гэта прынята ў Рымска-Каталіцкім Касцёле, у памяць аб парафіяльных місіях на тэрыторыі касцёла ўсталявалі місійны дзесяціметровы металічны крыж. Ён стане знакам гэтых падзеяў, а парафіяне змогуць цалаваць яго, аддаючы такім чынам пашану Богу.
Вераснёўскае святкаванне адбудзецца ў касцёле і, магчыма, пасля мы арганізуем святочны канцэрт з удзелам мясцовага хора і іншых.
- Ужо вядома, хто прыедзе на свята 14 верасня?
- Плануецца запрасіць іерархаў. Напэўна, нас наведае арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, святары, мясцовыя парафіяне і госці. Магчыма, да нас прыедуць і іншыя іерархі, але сёння дакладна не скажу, бо яшчэ не дамоўлена з імі.
- Як менавіта праходзіла падрыхтоўка да 100-годдзя касцёла, штосьці аднаўлялася?
- За тры гады мы зрабілі частковы ўнутраны рамонт касцёла: замянілі праводку, правялі чыстку і рэстаўрацыю вітражоў. Таксама навялі парадак на тэрыторыі касцёла. Матэрыяльна мы рыхтаваліся да свята тры гады, каб у год адзначэння юбілею сканцэнтраваць сілы выключна на падрыхтоўцы да свята з духоўнага боку. Пакуль у гэтым годзе больш рамонтных работ не плануецца. Але не выключана, што штосьці, можа, і прыйдзецца аднавіць, калі будзе такая патрэба. Любы будынак мае патрэбу ў рамонце з часам. А для святыні гэта асабліва важна, бо сюды прыходзяць людзі, каб звярнуцца да Пана Бога.
- Вядома, што да стагоддзя касцёла планавалася выдаць кнігу. Ці атрымалася здзейсніць задуманае?
- На жаль, не хапіла фізічных сіл, каб падрыхтаваць яе менавіта да свята. Але гэта пытанне і сёння застаецца адкрытым.
- Пра што будзе кніга?
- У ёй мы раскажам пра гісторыю касцёла і яго сучаснасць: як будаваўся і чым жыве сёння. Звесткі, матэрыялы да тэкстаў узятыя з архіва касцёла. Таксама мы звярталіся да людзей: некаторыя з іх расказвалі новыя факты з часоў існавання касцёла, хтосьці даваў фотаздымкі. У гэтай справе абяцалі дапамагчы мясцовы музей і раённая газета.
Дарэчы, з нагоды стагоддзя касцёла напрыканцы лістапада выйшлі паштоўкі і першы каляндар, прысвечаны нашай парафіі, накладам у тысячу экзэмпляраў. Большасць з іх мы раздалі парафіянам. У выданні календара вельмі дапамагла мясцовая жыхарка, парафіянка Галіна Аляшкевіч. Яна прымала актыўны ўдзел у зборы інфармацыі і фотаздымкаў. Акрамя гэтага, прыкладна ў маі Белпошта плануе выдаць маркі з выявай касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.
- Цяперашні год сярод католікаў аб’яўлены Годам веры. Што з гэтай нагоды будзе праводзіцца ў вілейскім касцёле?
- Адразу адказаць, якія менавіта мерапремствы будуць праведзеныя, складана. У нашым парафіяльным асяроддзі адбыліся місіі, якія павінны ўмацаваць веру. Акрамя гэтага, як заўсёды, сёлета пройдзе пілігрымка ў Будслаў у сувязі з 400-годдзем прысутнасці там абраза Маці Божай Будслаўскай. Копія гэтага абраза таксама наведае і наш касцёл. Адзначу, што гэта будзе не проста будзённае спатканне абраза і развітанне з ім, а падзея. І спадзяёмся, што гэта таксама паўплывае на ўмацаванне веры.
- Чым яшчэ сёння жыве парафія?
- Вы, пэўна, памятаеце, што ў нас у 2010 годзе быў пабудаваны парафіяльны дом. Зараз у ім праводзяцца ўрокі для дзяцей пачынаючы ад чатырох год і заканчваючы моладдзю адзінаццатага класа. Былі спробы сустрэч з людзьмі, якія маюць праблемы, звязаныя з алкаголем, і тых, хто хоча маліцца за гэтых хворых і дапагчы ім. Менавіта для гэтага дом і будаваўся. Ладзяцца ў ім сустрэчы з дарослымі, пад час якіх кожны жадаючы мае магчымасць паглыбіць свае рэлігійныя веды, вывучыць Святое Пісанне. Таксама тут мы рыхтуем маладых да шлюбу.
- Колькі чалавек увогуле наведваюць касцёл у Вілейцы?
- Сярод насельніцтва горада 33% - католікі, з іх каля трох з паловай тысяч лічаць сябе католікамі, а наведваюць касцёл штотыдзень прыблізна 800 чалавек.
Юлія ЛАХВІЧ