Вілейскі касцёл адзначыў сто год канцэртам, святой імшой і крыжовым шляхам (ФОТА)
З віншавальнымі словамі да католікаў Вілейшчыны 14 верасня звярнуліся спецыяльныя госці – нунцый Клаўдыё Гуджэроцці і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, якія таксама прыехалі ў Вілейку.
14 верасня да святкавання далучыліся прадстаўнікі мясцовай улады, духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у тым ліку і святары, якія служылі ў святыні пасля яе вяртання вернікам (Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, Юры Касабуцкі, Алег Мурзіч), праваслаўныя святары Вілейскага раёна і яго жыхары.
Нагадаем, што святкаванне стагоддзя касцёла Узвышэння Святога Крыжа распачалося 12 верасня і працягвалася тры дні. У першы дзень вернікі маліліся за памерлых парафіянаў і ў памяць аб тых, хто будаваў і рамантаваў касцёл.
На другі дзень, 13 верасня, пасля святой імшы (гэта быў дзень, прысвечаны перапрашэнню парафіяльнай супольнасці за ўласныя грахі на працягу ўсяго часу існавання святыні) на цэнтральнай плошчы ў Вілейцы адбылося асвячэнне драўлянага крыжа – сімвала прашэння за грахі, як адзначыў у час крыжовага шляху ксёндз Аляксандр Барыла. Усяго было 14 прыпынкаў, і ўвесь гэты час парафіяне маліліся, разважалі над тым, каб не паўтарыць сваіх памылак у будучым.
У юбілейны дзень, 14 верасня, у Вілейку завіталі апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці вітае праваслаўных святароў Вілейскага раёна
Пасля заканчэння імшы святкаванне стагоддзя касцёла прадоўжылася ў Вілейскім Палацы культуры, дзе прайшоў святочны канцэрт з удзелам артыстаў раёна і мясцовага парафіяльнага хора «Angeli». Адначасова ў фае Палаца культуры працавала выстава «Гісторыя касцёла ў дакументах і фотаздымках» (копіі здымкаў і дакументаў Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы) з часоў будаўніцтва і рэстаўрацыі касцёла (напрыклад, момант закладкі каменя ў падмурак будучага касцёла, 1907 год). Выставу падрыхтавалі супрацоўнікі краязнаўчага музея.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Палацы культуры
Клаўдыё Гуджэроцці звяртаецца да віляйчан
Парафіяльны хор «Angeli»
Выстава «Гісторыя касцёла ў дакументах і фотаздымках»
У час канцэрта з віншаваннямі да віляйчан звярнуліся нунцый Клаўдыё Гуджэроцці і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. «Гэтае свята не толькі католікаў, але і ўсіх віляйчан, бо сярод нас ёсць і праваслаўныя браты. Нас яднае вера і Езус Хрыстус», – зазначыў у сваім слове мітрапаліт Кандрусевіч.
«Стагоддзе касцёла можна параўнаць з тысячай год, бо за гэты час адбылося шмат падзей», – удакладніў арцыбіскуп Клаудыё Гуджэроцці. Як нагадалі вядучыя, святыня адваёўвалася вернікамі ў бязбожныя часы, пацярпела ад абстрэлаў Першай і Другой сусветных войнаў, зачынялася, некалькі разоў рэстаўравалася.
На працягу канцэртнай праграмы гучалі спевы парафіяльнага хора «Angeli» і мясцовых выканаўцаў.
Больш фота можна ўбачыць ТУТ.
Юлія ЛАХВІЧ
Фота аўтара і Міхаіла МАРЖЭЎСКАГА