На закрыцці фестываля песні і паэзіі "Маладзечна-2012" гучалі песні на вершы беларускіх паэтаў (фота)
Адкрыла вечар Ірына Дарафеева радкамі твора Янкі Купалы “Спадчына”.
Песні на вершы Максіма Багдановіча “Па-над белым пухам вiшняў...”, “Слуцкія ткачыхі”, Аркадзя Куляшова “Бывай…” дарылі маладзечанскай публіцы Жанэт, Георгій Калдун, Аляксей Хлястоў. З хітамі “Залатой калекцыі беларускай песні” на сцэну выходзілі : группа “Чысты голас” ("Каля Чырвонага касцела"), Вікторыя Алешка (“Гора за гарой”), ВІА “Верасы” (“Заварожанная фея”), Алёна Ланская (“Малады і нежанаты”), Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская ( “Завіруха”, “Цыганка”), ансамбль “Бяседа (“Чарка на пасашок”) і інш. Вядучыя мерапрыемства Яўген Ермалковіч і Інга Кісялёва таксама праспявалі вядомыя "Полька беларуская" і "Чырвоная ружа".
Амаль усе месцы ў глядацкай зале амфітэатра былі занятыя. Народ увесь час падыходзіў. Некаторыя вырашылі не траціцца на квіткі і занялі месцы за агародджай, адкуль, дарэчы, выдатна была бачна і сцэна, і артысты. На праходах танцавалі дзеці, трымаючы ў руках гелевыя паветранныя шары. А дарослыя падпявалі сталічным спевакам, калі гучалі вядомыя песні “Цыганка”, “Чарка на пасашок”, “Бывайце здаровы, жывіце багата”.
Усе фота Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі "Маладзечна-2012" можна ўбачыць у ФОТАГАЛЕРЭІ, якая пастаянна папаўняецца.
Усе матэрыялы аб фестывалі можна прачытаць ТУТ.
Алёна СПІРЫДОН
Фота Михаіла МАРЖЭЎСКАГА