Літаратурна-музычная вечарына адбылася ў тэатры (ФОТА і ВІДЭА)
У ёй удзельнічалі артысты Мінскага абласнога драматычнага тэатра, а таксама народныя артысты Беларусі Генадзь Аўсянікаў і Марыя Захарэвіч.
Вечарына “Вобразы мілыя роднага краю” была прысвечаная 130-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сцэнічны рэдактар і пастаноўшык – Сяргей Карзей, пастаноўшчык пластыкі – Алена Рахмангулава. Край.бай анансаваў гэтую імпрэзу.
Падчас вечарыны прагучалі вершы Купалы і Коласа, песні, напісаныя на іх творы. Артысты падрыхтавалі пастаноўкі па матывах паэмаў “Адвечная песня” (Янка Купала) і “Сымон-музыка” (Якуб Колас).
На сцэну ў той вечар выйшлі Сяргей Карзей, Алена Рахмангулава, Барыс Донін, Алег Чэчанеў, Эмілія Ларыёнава і іншыя акцёры Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Іх выступленне суправаджаў відэашэраг на экране.
Пастаноўка паводле паэмы Янкі Купалы "Адвечная песня" (відэа)
Гледачоў было няшмат. Затое тыя, хто прыйшоў, былі падрыхтаваныя да вечарыны: ведалі і тэксты, і маладзечанскіх акцёраў, не кажучы ўжо пра зорак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. З’яўленне на сцэне народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Генадзя Аўсянікава віталі апладысментамі. Ён прачытаў вершы Янкі Купалы “Мужык” і “І як тут не смяяцца”. Ураджэнка Мядзельшчыны Марыя Захарэвіч – уступ да паэмы “Сымон-музыка” і “Споведзь” Янкі Купалы.
Верш Янкі Купалы "Мужык" у выкананні Генадзя Аўсянікава, урывак (відэа)
Завяршылася вечарына песняй “Малітва” на словы Янкі Купалы, музыка Алега Моўчана. Усе акцёры выйшлі на паклон. Гледачы дзякавалі ім апладысментамі і кветкамі.
Усе фота Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі "Маладзечна-2012" можна ўбачыць у ФОТАГАЛЕРЭІ, якая пастаянна папаўняецца.
Усе матэрыялы аб фестывалі можна прачытаць ТУТ.
Праграму фестывалю можна паглядзець ТУТ.
Святлана ЦІШКО
Фота Сяргея ЛЕСКЕЦЯ, Край.бай
Відэа Святланы ЦІШКО, Край.бай