Опубликовано: 08 ноября 2013, 13:13
30

Доўгажыхарка Любоў Козел з Маладзечаншчыны сустрэла 100-гадовы юбілей (ФОТА)

Любоў Антонаўна Козел з вёскі Канчаны адзіная ў Маладзечанскім раёне вяскоўка, якая дажыла да 100 гадоў.

Векавы юбілей яна адзначыла 27 кастрычніка, паведамляе «Маладзечанская газета».

Сын Леанід разважае:

– Падумаць толькі: мая мама нарадзілася ў 1913 годзе, перажыла імперыялістычную вайну, рэвалюцыю, замуж выходзіла пры Польшчы, гаравала ў час Вялікай Айчыннай вайны, працавала пры савецкай уладзе, стала сведкай перабудовы, развалу СССР – колькі пры яе жыцці эпох змянілася!

Ён паказвае унікальны здымак прыблізна 1915 года, дзе яго маці яшчэ зусім маленькая: у белай сукенцы, басаногая, сядзіць на каленях у сваёй матулі. У хаце яе бацькі Антона Дзмітрыевіча Харытона ў час Першай сусветнай вайны кватаравалі немцы, яны сфатаграфаваліся з гаспадарамі і іх дзецьмі, падарылі беларусам фота на памяць. З ім звязана сямейная легенда. Так сталася, што ў Вялікую Айчынную вайну зноў у хаце Харытонаў былі на пастоі немцы. Аднойчы гаспадары паказалі ім гэты здымак, і адзін з іх пазнаў свайго бацьку.

Фота 1915 года. Двухгадовая Люба на каленях у маці Изображение 1

У вялікай сям’і расла Люба: у бацькоў было дзевяць дзяцей, ды толькі не ўсе выжылі ў тыя суровыя часы. «Я дажываю гады сваіх братоў і сясцёр, якія памерлі маладымі», – неаднойчы гаварыла Любоў Антонаўна. У 25 гадоў яна выйшла замуж за аднавяскоўца Уладзіміра Козела, у 1940-м нарадзіла дачку Веру, у 1946-м – сына Лёню. Усяго дзесяць гадоў было хлопчыку, калі памёр ад туберкулёзу яго бацька. Пакінуў пасля сябе невялікую, акуратную хатку ды гаспадарку. Цяжка было маладой удаве падымаць дваіх дзяцей, цягнуць гаспадарку.

Па-рознаму ставіліся людзі: адны спачувалі, а некаторыя і пакрыўдзіць маглі. Была яна непісьменнай, за капейкі працавала ў паляводстве. Іншы раз вяскоўцы гаварылі ёй: «Будуць твае дзеці пастухамі!». Ды толькі яны памыляліся.

Дзеці вясковай жанчыны, якая нават не ўмела чытаць і пісаць, скончылі школу з залатымі медалямі, паступілі ў прэстыжныя інстытуты. Дачка стала ўрачом, сын – радыёфізікам-электроншчыкам.

У вялікай радні Харытонаў-Козелаў шмат урачоў, інжынераў, іншых спецыялістаў. Унікальны факт, што і дачка, і сын простай сялянкі скончылі Красненскую школу з залатым медалём, паступілі ў прэстыжныя ВНУ: Вера – у медыцынскі, Леанід – на аддзяленне радыёфізікі і электронікі фізічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Ніколі ў Любові Антонаўны не было праблем з дзецьмі, яны заўсёды радавалі яе поспехамі ў вучобе, падтрымлівалі, калі сталі на ногі. Яна старалася ім дапамагчы вясковымі прадуктамі, да старасці трымала кароўку. І ўнукаў дапамагала гадаваць.

«Мама заўсёды была найдабрэйшым чалавекам, ніколі нікога не пакрыўдзіла, да яе хінуліся людзі. У нас на Вялікдзень ці Каляды была поўная хата гасцей – усім хацелася зайсці, павіншаваць. Гаспадыня выдатная: вельмі смачныя дранікі, бліны пякла. А якую духмяную верашчаку варыла! Больш такой нідзе не каштаваў. Я на кожныя выхадныя спяшаўся да яе з Мінска. Памятаю, ад’язджаю ў сталіцу – мама ціхенька ўслед перахрысціць, каб усё ў мяне добра было…», – расказвае Леанід.

Дачка Вера жыве з сям’ёй у Латвіі. Леанід працаваў у навукова-даследчым інстытуце аўтаматызацыі, інстытуце тэхнічнай кібернетыкі Акадэміі навук. Калі пайшоў на пенсію, пераехаў з Мінска да маці, каб даглядаць яе. Яго жонка таксама прыязджае штотыдзень, у доме адчуваецца клапатлівая жаночая рука. Цёпла, чыста ў невялікай хаце, дзе сучаснасць суседнічае з мінуўшчынай. На пачэсным месцы тут стаіць старадаўняя драўляная шафа работы невядомага вясковага майстра. «Гэта мамін пасаг», – тлумачыць сын, які ўмее берагчы гісторыю сваёй сям’і. Ён нават радаслоўную са слоў матулі склаў.

Павіншаваць юбілярку са стагоддзем прыехалі спецыялісты па сацыяльнай рабоце раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, прывезлі гасцінцы, падарунак. Яны віншуюць таксама тых, хто адзначае 90, 95-годдзе. Акцыя праходзіць у рамках праекта «Пакаленні разам супраць адзіноты», які другі год дзейнічае пры падтрымцы германскага фонду «Памяць. Адказнасць. Будучыня» і Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемаразуменне».

Паводле «Маладзечанскай газеты»



Читайте также

Права на 20 лет и техосмотр на 3 года. Какие изменения вносит новый указ?
Проведение более 200 административных процедур корректируется в Беларуси. Соответствующий указ №55 подписан 16 февраля.
В Сморгони мужчина выращивал коноплю и получил уголовную статью
В 2023 году территориальными следственными подразделениями УСК по Гродненской области возбуждено 11 уголовных дел за незаконные посев и выращивание растений, содержащих наркотические средства или психотропные вещества, с начала текущего года – уже 6.
Собака, таскавшая в зубах по Молодечно предположительно бешеную крысу, оказалась здоровой – получен результат исследования
Стал известен результат исследования биологического материала дворовой собаки, которая 9 апреля в Молодечно таскала в пасти крысу с признаками бешенства. Результат – отрицательный.