Кукол мастерицы из Мядельского района показали на международной выставке в Гродно
Лялькі Зоі Серады з Мядзельскага раёна з'яўляюцца экспанатамі міжнароднай выставы лялек у Гродна. Майстрыца падзялілася гісторыяй сваёй новай калекцыі і ўражаннямі аб выставе.
Як расказала Kraj.by Зоя Серада, лялькамі яна займаецца ўжо сем гадоў, ніякай спецыяльнай адукацыі ў яе няма.
— Да ўсяго даходзіла сама. Як бачу, як адчуваю, так і раблю. Трэба сказаць, што да нядаўняга часу маёй любоўю была тэхніка «скульптурны тэкстыль», гэта калі лялька робіцца толькі з тканіны і тэкстыльных валокнаў, але апошнім часам пачала спрабаваць сябе ў камбінаванай тэхніцы, калі бачныя часткі — галава, рукі і ногі — лепяцца са спецыяльнай палімернай гліны, а тулава шыецца з тканіны, — дзеліцца майстрыца. — Менавіта ў гэтай тэхніцы выканана мая апошняя калекцыя лялек «Тры сястры», якая прымае ўдзел у выставе KUKLA што праходзіць цяпер у Гродна.
Ідэя калекцыі прыходзіла паступова, неяк павольна, у працэсе работы. Яна гаворыць, што спачатку хацела проста зрабіць трох дзяўчынак у народным стылі, нешта накшталт купальскага карагода. Пакуль рабіла целы, то асацыяцыя «тры дзяўчынкі — тры краіны» не давала спакою. І таму, калі справа дайшла да роспісу і касцюмаў, вырашыла ўвасобіць вобразы трох братніх народаў.
Перадаваць асаблівасці нацыянальных касцюмаў аўтар не імкнулася, не ставіла такой задачы, нават наадварот, дала волю сваім адчуванням і фантазіі. Агульнае ва ўсіх трох лялек — ніжнія сарочкі. Яны сшытыя з перадачай аўтэнтычнага народнага крою і тое, што аднолькавыя — гэта нібыта аб’ядноўваючы ўнутраны змест, увасабленне агульных славянскіх рысаў, адзінага кораня.
Усё астатняе — колер валасоў і вачэй, фасон і колеры адзення, вышыўка — гэта тое адметнае, непаўторнае, асаблівае, што ёсць у кожнага народа.
— Не была ўпэўнена, што ідэю калекцыі прымуць усе станоўча. Але калі правяла анлайн прэзентацыю, то зразумела, што хваляванні напрасныя, ідэя зайшла, а лялек купілі ў той жа дзень, калі я іх паказала, — кажа Зоя. — Таму на выставе яны не прадаюцца, чакаюць ад’езду да сваіх калекцыянераў.
Дарэчы, па словах майстрыцы, выставы такога маштабу — з’ява неардынарная. Колькі год таму Надзея Цыганоўская арганізоўвала ў Мінску міжнародную выставу лялек «Панна Doll’я», але потым яна пераехала ў Расію. «KUKLA» праводзілася спачатку ў Гомелі як выстава вузкага кола аўтараў, але паступова набірае папулярнасць і вось цяпер у ёй прымае ўдзел ужо больш за 200 майстроў з некалькі краін.
Субяседніца выказвае надзею, што мастацтва лялькі ў Беларусі стане такім жа папулярным, як у Расіі і іншых краінах свету.
Тым больш, што таленавітых майстроў у нас сапраўды шмат, ёсць кім ганарыцца і каго паказаць. І колькасць калекцыянераў таксама расце.
Уласная інфармацыя
Фота Зоя Серада