Опубликовано: 12 декабря 2013, 17:43
61

Зязюля стане птушкай 2014 года ў Беларусі

У межах кампаніі "Зязюля – птушка 2014 года" будзе арганізаваны шэраг конкурсаў і мерапрыемстваў, мэта якіх не толькі прыцягнуць увагу да праблем гэтага віду, але і змяніць ягоны адмоўны імідж.

Пра гэта парталу Край.бай паведаміла прэс-служба грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны".

“Зязюлю птушкай 2014 года выбралі невыпадкова. Мы стараемся акцэнтаваць увагу на тых птушках, якія вядомыя шырокаму колу людзей і маюць пэўныя прыродаахоўныя патрэбы. Тады кампанія ня толькі дасць магчымасць удзельнічаць у конкурсах і мерапрыемствах усім ахвотным, але і будзе спрыяць захаванню віда”, – адзначыла супрацоўніца па развіцці АПБ Ганна Трафімчук.

У 2013 годзе Беларусь далучылася да міжнароднай праграмы па спадарожнікавым сачэнні за звычайнай зязюляй. З дапамогай спецыяльных датчыкаў, якія замацоўваюцца на птушках, можна атрымаць інфармацыю пра іх месцазнаходжанне ў рэжыме рэальнага часу, што дазваляе вызначыць шляхі міграцыі і месца зімоўкі. Такі метад дазваляе даведацца больш пра гэты, здавалася б, звычайны від. На пяці беларускіх зязюлях ужо з’явіліся датчыкі, а у новым годзе плануецца далучыць да даследавання яшчэ 10 птушак.

“Лічыцца, што зязюлі – нашы птушкі, беларускія, але ў Беларусі яны праводзяць толькі тры месяцы ў год. Большую частку года яны мігруюць альбо знаходзяцца на зімоўцы ў Афрыцы. Таму праз зязюлю мы хочам яшчэ раз звярнуць увагу на значнасць міграцый і зімовак для птушак. На тое, што захаванне міграцыйных відаў магчыма толькі ў трансгранічным кантэксце”, – распавёў дырэктар АПБ Віктар Фянчук.

Колькасць зязюляў у Еўропе скарачаецца ў сувязі са зменай практык вядзення сельскай гаспадаркі. У Беларусі сітуацыя лепшая, таму дадзеныя з нашай краіны дазволяць лепш зразумець асаблівасці біялогіі гэтага віда і тыя фактары, што ўплываюць на яго дабрабыт.

9 студзеня адбудзецца заалагічны чацвер, на якім дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і каардынатар праграммы па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі Яўген Сліж раскажа пра зязюлю і аб праекце. Мерапрыемства пройдзе ў навукова-практычным цэнтры па біярэсурсах Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (вул. Акадэмічная, 27).

10 цікавых фактаў пра зязюлю:

1. Кукуе толькі самец. Голас самкі падобны да чалавечага рогату.
2. Самкі маюць дзве морфы – шэрую і рудую.
3. З-за завостраных крылаў і паласатага малюнка на жываце падчас палёту зязюля падобна да драпежнай птушкі. Дзякуючы гэтаму самец зязюлі палохае птушку-гаспадара гнязда, а ў гэты час самка падкідвае яйка.
4. Зязюлі хапае ўсяго 10-16 секунд, каб падкласці яйка ў гняздо.
5. Зязюля падкідвае яйкі ў гнёзды не любым відам птушак, але спіс "ахвяраў" налічвае больш за 100 відаў.
6. Падкінутыя яйкі амаль супадаюць па колеры з яйкамі гаспадароў гнязда. Самка зязюлі за адзін сезон можа адкласці ад 8 да 25 яек, праўда, на кожныя 5 падкінутых яек вырастае толькі адно птушаня.
7. Час ад адкладкі яек да вылуплення птушанят у зязюлі меншы, чым у тых, у чыіх гнёздах яны знаходзяцца.
8. Зязюля – дальні мігрант. Узімку яна ляціць у Афрыку. Прычым часцей за ўсё не чарадой, а паасобку.
9. Зязюлі ядуць вусеняў, пакрытых валаскамі, якіх іншыя птушкі не чапаюць.
10. У паданнях шматлікіх народаў зязюля з’яўляецца сімвалам дабрабыту.

Па матэрыялах, прадастаўленых Край.бай супрацоўніцай па развіцці АПБ Ганнай ТРАФІМЧУК

Читайте также

В Докшицком районе в ДТП пострадала пассажирка
6 декабря около 10 часов на 109-м километре автодороги Р-3 «Лагойск-Зембин-Глубокое», по предварительной информации, 39-летний водитель грузового автомобиля Jac при выезде со второстепенной дороги не уступил дорогу и совершил столкновение с автомобилем Chevrolet, движущимся по главной дороге.
Команда учащихся медколледжа из Молодечно стала победителем областного конкурса художественной самодеятельности
Областной конкурс самодеятельного художественного творчества среди учащихся медицинских колледжей Минской области проходил в Слуцке. Первое место заняли учащиеся из Молодечно.
Вратари летают, полевые игроки ложатся костьми, военные берут первые очки – мини-футбол в Молодечно достиг своего экватора
В спортивно-развлекательном центре Молодечно 1 декабря девятым туром завершился первый круг открытого чемпионата города по мини-футболу. На экваторе турнира первой финишировала вилейская «Мехатроника», а служивые воинской части МСКА набрали свои первые три очка.