У Беларусі пройдзе Другі фестываль беларускамоўнай рэкламы "AD.NAK!"
Застаюца апошнія дні на падачу заявак. Дэдлайн - 10 чэрвеня.
Другі Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! шукае таленты і аб'яўляе астатнюю конкурсную праграму, паведамляюць Kraj.by яго арганізатары. У конкурсах могуць узяць удзел аматары фатаграфіі, капірайтэры, таленавітыя перакладчыкі і ўсе, хто зацікаўленыя рабіць рэкламу і іншыя прадукты на беларускай мове.
"У адрозненне ад мінулагодняга фестывалю беларускай рэкламы, сёлета паспаборнічаць у межах Фестывалю могуць не толькі прафесіяналы ў галіне рэкламы і маркетынгу, але і аматары ды звычайныя спажыўцы рэкламы, якімі з'яўляемся мы ўсе", - гаворыцца ў прэс-рэлізе мерапрыемства.
У 2011 годзе акрамя намінацый, накіраваных у асноўным на прафесійных удзельнікаў, у межах Фестывалю AD.NAK! пройдзе шэраг конкурсаў. Гэта павінна заахвоціць крэатыўных людзей, якія маюць даволі пасрэднае дачыненне да рэкламы, праявіць актыўнасць і прапанаваць грамадскасці цікавыя рашэнні ў вельмі важных сферах. І, што самае галоўнае, яны могуць атрымаць каштоўныя і заслужаныя прызы за сваю ініцыятыву, смеласць і крэатыўнасць.
Конкурс фотаздымкаў AD.NAK ZНЯТА ТАК!
Аргкамітэт Другога Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! пры падтрымцы ZНЯТА STUDIO прапануе прыняць удзел у конкурсе фотаздымкаў AD.NAK ZНЯТА ТАК!. У межах гэтага конкурсу кожны прафесійны фатограф альбо фотааматар можа знайсці намінацыю на свой густ. Кампетэнтнае журы будзе ацэньваць фотаздымкі ежы і напояў (намінацыя AD.NAK СМАЧНА ТАК!), беларускіх прыгажуняў (AD.NAK ЛЮБА ТАК!), фотапраекты, складзеныя з 3-7 здымкаў, аб'яднаных адзінай тэмай і ідэяй (AD.NAK MOЦНА ТАК!), а таксама стужкавыя работы, дасланыя на конкурс у фармаце TIFF.
У межах кожнай намінацыі прадугледжаныя тры прызавыя месцы. Прызёры і пераможцы атрымаюць магчымасць стажыравацца ў вядучай фотастудыі Беларусі ZНЯТА STUDIO, удзел у рэальных рэкламных праектах, а таксама наведаванне майстар-класаў топавых фатографаў Беларусі і замежжа. А пераможца конкурсу ламаграфіі атрымае дадатковы прыз ‑ знакамітую ЛОМА-камеру DIANA!
Конкурс на найлепшы беларускамоўны слоган
Для тых удзельнікаў, якія могуць выразіць шырокую думку ў маленечкай фразе, складзенай з некалькіх словаў, Аргкамітэт Фестывалю AD.NAK! супольна з партнёрам Фестывалю кампаніяй "Альтэрнатыўная цыфравая сетка" (брэнды "Атлант Тэлеком" і "Шпаркі дамавік") запускае Конкурс на найлепшы беларускамоўны слоган. Мэта – прыдумаць найбольш вясёлы і драйвовы слоган для брэнду "Шпаркі дамавік". Ён павінен добра ўспрымацца маладой аўдыторыяй і выдатна адлюстроўваць тыя магчымасці, якія прапануе кампанія "Альтэрнатыўная цыфравая сетка" сваім кліентам.
Усе слоганы, дасланыя на конкурс, могуць быць выкарыстаныя кампаніяй "Альтэрнатыўная лічбавая сетка" ў мэтах прасоўвання сваіх прадуктаў. Прычым няважна, перамог слоган альбо не.
Пераможцу конкурсу чакае прыз ад "Шпаркага дамавіка" – бясплатны кантракт на безлімітны кругласутачны доступ у інтэрнэт, а таксама да ўнутраных рэсурсаў правайдара на хуткасці да 2 Мбіт/с па тарыфным плане "Мастхэв 1". Але калі вочы ў журы будуць разбягацца, то не выключана, што асобныя канкурсанты будуць уганараваныя адмысловымі прызамі і падарункамі.
Конкурс на найлепшае пераагучванне замежнага рэкламнага роліку
"Альтэрнатыўная цыфравая сетка" падтрымала яшчэ адзін, відаць, найбольш творчы конкурс нашага Фестывалю. Сёлета ў айчынных крэатараў з'явілася магчымасць наблізіць найлепшыя сусветныя ролікі да беларусаў – праз удзел у Конкурсе на найлепшае пераагучванне замежнага рэкламнага роліку. Ад іх патрабуецца перакласці два рэкламных відэа з англійскай і рускай мовы і даслаць іх у аргамітэт Фестывалю. Пераклады будуць ацэньвацца не столькі па літаральнай перадачы іх тэксту, колькі па дакладнасці перакладу асноўнага паведамлення, арыгінальнасці інтэрпрэтацыі сэнсу, правільнасці моўных канструкцый і багацці мовы, а таксама па дынамічнасці стылю.
Пераможца гэтага конкурсу атрымае прыз у выглядзе бясплатнага гадавога кантракту на карыстанне карыстанне пакетам "Прэміум", які забяспечвае безлімітны кругласутачны доступ да інтэрнэту на хуткасці да 10 Мбіт/с. Удзельнік, які зойме 2-е месца, атрымае права бясплатнага карыстання безлімітным інтэрнэтам па плане "Мастхэв 3", які забяспечвае хуткасць да 5 Мбіт/с. А бронзавы прызёр атрымае бясплатнае падключэнне да плану "Мастхэв 2" з безлімітным доступам да інтэрнэту на хуткасці да 3 Мбіт/с.
Нагадаем, што ў межах Другога Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! распачаты і Конкурс маладых беларускіх рэкламістаў, якія павінныя стварыць постэр ці серыю постэраў для SOS-дзіцячых вёсак па пытаннях, звязаных з праблемамі сіроцтва ў Беларусі.
Акрамя таго, Аргкамітэт заклікае ўсіх ахвочых дасылаць прыклады няўдалых рэкламных працаў на антыпрэмію "Каша сувораўская". "Магчыма, з дапамогай канкурсантаў у гэтай намінацыі атрымаецца падняць узровень беларускай рэкламы на новую прыступку", - лічаць арганізатары.
Kraj.by