Маладая дызайнерка з Мінску заваёўвае Еўропу моднымі торбамі і сукенкамі (ФОТА)
Брэнд Farbotka, створаны маладой беларускай Юляй Фарботкай, выпускае фэтравыя рэчы з матывамі з беларускага фальклёру. Цяпер модныя рэчы з беларускім арнаментам, валошкамі, пеўнямі можна купіць у буйнейшых польскіх гарадах і пабачыць на вуліцах Еўропы.
Маладая беларуска з Любліну кінула выклік буйным фірмам моды, паведамляе сайт generation.by, спасылаючыся на сайт “Польскага радыё”.
Паўгады таму Юлія Фарботка заснавала ўласную фірму па вырабе фэтравых сумачак. Галоўным матывам яе праектаў стаў беларускі фальклёр – арнамент, валошкі і пеўні. Потым Юля выпусьціла калекцыю сукенак. Сёння ў яе фірме працуюць памочнікі, а прадукцыю з маркай Farbotka можна купіць у буйнейшых польскіх гарадах і пабачыць на вуліцах еўрапейскіх гарадоў. Назва маркі Farbotka паходзіць ад прозвішча яе заснавальніцы. Пасля заканчэння школы ў Мінску Юля паступіла на факультэт педагогікі ў Люблінскім каталіцкім унівэрсітэце. Польскую мову вучыла сама. Аднак яна хутка зразумела, што педагогіка гэта не яе прызначэнне і паступіла на факультэт міжнародных стасункаў у Вышэйшай школе прадпрымальніцтва і адміністрацыі.
Юля Фарботка
Любоў да мастацтва прывілі Юлі бацькі. У таты ў свой час была мэблевая фірма, а маці працавала ў доме моды. З дзяцінства дзяўчына бачыла, як мама робіць чарцяжы, малюе, шые мноства самых розных рэчаў.
Аднак па-сапраўднаму і ўсур’ёз дызайнэрствам Юля занялася ў Польшчы. Усё атрымалася выпадкова, прызнаецца дзяўчына.
"Я пачала з ювэлірных вырабаў. Гэта былі ўпрыгожванні са штучных камянёў, срэбра, мэталу. Я пачала ездзіць у турыстычны гарадок Казімеж Дольны пад Люблінам, прадавала свае творы на рынку. І так усё лета. Шмат прадавала сярод знаёмых і неяк так атрымалася, што зацікавілася гэтай справай".
Падчас адпачынку ў Беларусі Юля наведала фабрыку абутку з фэтру. Ёй вельмі спадабаўся гэты матэрыял і пасля вяртання ў Люблін яна вырашыла выкарыстоўваць яго ў сваёй працы. Першыя вышыўкі Юля пачала рабіць на торбах год таму. Праца мела ашаламляльны посьпех і Юля хутка стварыла ўласную фірму. У снежні мінулага году выйшла першая калекцыя — 12 фэтравых сумачак.
"Знаёмым спадабалася. Усе казалі: давай яшчэ. І так атрымалася – сёння ў маёй фірме працуе тры асобы, а прадукцыя добра прадаецца".
Юля пачынала з нуля. Рэгістрацыя фірмы заняла адзін дзень. Сродкі на пачатак бізнэсу яна атрымала з бюджэту Эўразьвязу. Напісала праект, прайшла кваліфікацыю і атрымала 4,5 тысячы еўра на ўласную справу.
У асартыменце маркі Farbotka – сумачкі самых розных памераў і самага рознага фасону: элегантныя, спартыўныя, сумкі для ноўтбукаў, чахлы для мабільнікаў, нават падушкі. Нядаўна Юля выпусьціла і калекцыю сукенак. Галоўная адметнасць яе прадукцыі – гэта беларускія нацыянальныя арнаменты і матывы. Пазней Юля пачала дадаваць да сваіх праектаў украінскія, чэскія, польскія і расейскія акцэнты.
Прадукцыю маркі Farbotka можна купіць у буйнейшых польскіх гандлёвых цэнтрах і прыватных крамах. Вельмі часта пакупнікі самі знаходзяць Юлю. Шмат прадаецца праз Інтэрнэт. Часам людзі падыходзяць на вуліцы і пытаюцца, дзе яна набывала сукенку і сумачку.
Жанчын у сукенках альбо з торбамі маркі Farbotka неўзабаве можна будзе сустрэць і ў Бразыліі, куды Юля плануе наладзіць распаўсюд сваіх тавараў. У плянах таксама выраб сумачак са скуры. На восень Юля хоча выпусціць уласную калекцыі вопраткі Farbotka.
Па матэрыялах generation.by