Опубликовано: 13 июня 2012, 14:53
48

Хлопец з Лiды вырабіў на кроснах 200 ручнікоў, 20 дываноў i «метраў 120 палатна» (ФОТА)

Яўген Маркевіч з Лiды — студэнт 3-га курса Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта, сучасны малады чалавек. Ён не проста захапляецца ткацтвам, а займаецца ім на прафесіянальным узроўні.

Аб тым, з чаго ўсё пачалося, Яўген распавядае з запалам у вачах, паведамляе сайт «Рэспублікі»:

— Ткацтвам я пачаў займацца ў 9-м класе. Было мне тады 15 гадоў. Залез на гарышча, знайшоў станок, стала цікава. Пачаў бабулю сваю даймаць пытаннямі. Яна мала чаго мне тады расказала і адправіла да дзедавай сястры, бо тая старэйшая і ў свой час ткала вельмі шмат. А інтарэс з’явіўся неяк сам па сабе. Я проста доўга не мог уцяміць, як усе гэтыя ніткі рухаюцца і сплятаюцца паміж сабой. Распытваў усіх, каго мог, бабулі мае нешта блыталіся, успаміналі, казалі, што не памятаюць нічога, бо гадоў трыццаць ужо не ткалі.

— І як удалося асвоіць ткацкую грамату? Гэтаму ж у нас цяпер ніхто не вучыць?

— Сапраўды, было складана. Бабуля паказала мне, як лён апрацоўваць, як нітку на верацяне і калаўроце спрасці. Спачатку нічога не атрымоўвалася. Я тры месяцы вучыўся, каб хаця нітка роўнай выйшла! Ну, вось неяк з горам папалам напраў іх, частку ў магазіне купіў… І вырашыў кросны ставіць. Тут нічога не заставалася, як кніжак у бібліятэцы набраць. Але ў іх так заблытана ўсё аказалася, што прыйшлося проста хадзіць па суседзях і збіраць, хто што памятае. Урэшце рэшт, на вясновых канікулах пачаў снаваць аснову на два ручнікi (5 метраў). Аснаваў, навіў, заправіў у ніты, закінуў у бёрды, прывязаў понажы, нацягнуў ніткі і пачаў ткаць. Усё сам, ніхто не дапамагаў! За два дні выткаў свой першы ручнік. Бабуля дзіву далася!

— Што пра тваё новае захапленне сказалі бацькі, сябры?

— Бабуля адгаворвала, казала, што цяжка. Бацькі спалохаліся, бо думалі, што гэта будзе перашкаджаць маёй вучобе. А сябры… дык ніхто не ведаў нічога! Я ж не афішыраваў!

— Вось ты такі малады сучасны чалавек, студэнт, будучы медык. Няўжо ніколі не ўзнікала думка, што гэты занятак не модны і не маладзёжны?

— Старамодным я яго ніколі не лічыў. Ім цяпер, увогуле, адзінкі займаюцца, і тым гадоў па 80… Шкада, што гэтае рамяство паціху вымірае. Але ж з гэтым нічога не зробіш. Грамадства развіваецца, і ткацтва ўжо ніколі не зойме тое месца, што мела раней у жыцці беларускага селяніна.

— Але ўсё ж такі гэта больш жаночая справа…

— Я ніколі так не лічыў. Усё наадварот: не жаночы гэта занятак. Сучасныя дзяўчаты занадта далікатныя, каб ткаць. Гэтая справа патрабуе фізічнай напругі. Пасля некалькіх гадзін за станком вельмі баліць спіна. Я зрок свой сапсаваў, бо цяжка запраўляць і перабіраць узоры, а калі тчэш складаную тканіну, то ногі пухнуць ад болю, бо панажы пастаянна б’юць па костачках ступні…

— Скажы, калі ласка, колькі гатовых работ на тваім рахунку? І дзе яны захоўваюцца?

— У мяне цяпер работ… ой, нават сказаць складана! Зрабіў я вельмі шмат усяго: дзесьці каля 200 ручнікоў, 20 дываноў, метраў 50 палатна выткаў, яшчэ метраў 70 на нацыянальныя касцюмы… Дарэчы, з маёй тканіны ўжо 8 народных строяў пашыта. Усе яны прадстаўляюць розныя раёны Гродзенскай вобласці. А работы мае шмат дзе. Некаторыя падараваў, частку прадаў, адзін ручнік нават Папу Рымскаму адправіў… Астатнія ў хаце ляжаць.

— Сучасны чалавек шукае чагосьці новага і часта забывае, што яно — добра забытае старое. Ты даказаў гэта на ўласным прыкладзе. Што патрэбна, каб такіх людзей было як мага больш?

— Я лічу, каб культура беларусаў не знікла, абавязкова павінны быць людзі, якія захоўваюць веды аб традыцыях і рамёствах. Не трэба гэтага саромецца. Усё вельмі проста: неабходна любіць справу, якой займаешся, і ўсе праблемы адступяць самі. У мяне ёсць адна вучаніца. Яна старэйшая за мяне на пяць гадоў. Займаемся з ёй ужо больш як год. Яшчэ крышачку – і яна зможа ткаць усё, як і я.

Трэба цікавіцца тым, чым жылі нашыя продкі. Гэта наша гісторыя, яе трэба ведаць. Дарэчы, у маёй сям’і ткалі і прадзед, і прабаба, і бабулі мае. Выраблялi на заказ складаныя абрусы, ручнікі яшчэ пры Польшчы. Гэтым на жыццё і зараблялі.

Изображение 1Изображение 2Изображение 3Изображение 4Изображение 5Изображение 6Изображение 7Изображение 8Изображение 9

Па матэрыялах сайта “Рэспублікі”



Читайте также

В Молодечно возле детской поликлиники спилили 35-летнюю березу, остановили строительство автостоянки, но взялись за фасад поликлиники
Бригада рабочих предприятия «Спецстроймеханизация» сегодня, 26 сентября, снялась со строительства автомобильной стоянки на Виленской улице возле детской поликлиники.
Прокуратура Молодечненского района проверяет сельхозорганизации
Прокуратура Молодечненского района проводит мониторинги условий содержания крупного рогатого скота в селькохозяйственных организациях.
Доплаты медикам, новые лимиты на посылки и регистрация валютных договоров. Узнали об изменениях с 1 октября
Второй месяц осени принесет белорусам ряд важных изменений, которые каcаются как финансов, так и отдыха.