55 долараў і ты – Герой СССР
Карэспандэнт Края напярэдадні 9 Мая праверыў, ці можна набыць баявыя ўзнагароды.
Напярэдадні Дня Перамогі бадай кожны ўзгадвае знаёмых яму ветэранаў, у школах для дзяцей ладзяць сустрэчы з удзельнікамі вайны, да ветэранаў ходзяць у госці піянеры і дораць ім кветкі. На само святкаванне выходзяць старыя ўжо дзядулі і бабулі, грудзі якіх упрыгожаныя медалямі і ордэнамі.
Я ж напярэдадні свята Перамогі задумаўся: ці можна проста набыць медалі і ордэны, у тым ліку баявыя, часоў Вялікай Айчыннай ці афганскія?
У інтэрнэт-прасторы, а часам і на рынках буйных гарадоў можна набыць амаль любы медаль. Калі не арыгінал, то яго дакладную копію, якую адрозніць зможа толькі спецыяльная экспертыза. Каб даведацца, колькі каштуе “памяць пра мінулую вайну”, дастаткова пашукаць у інтэрнэце. Каб падлічыць кошт, возьмем набор медалёў, якімі ўзнагароджвалі амаль усіх, хто прайшоў вайну (у рублях):
20 гадоў Перамогі – 8000
30 гадоў Перамогі. Удзельніку вайны – 6000 (удзельніку працоўнага фронту – 40000)
40 гадоў Перамогі. Удзельніку вайны – 8000 (удзельніку працоўнага фронту – 40000)
50 гадоў Перамогі – 8000
60 гадоў Перамогі – 16000
65 гадоў Перамогі – 60000
100 год з дня нараджэння Леніна – 15000
100 год з дня нараджэння Жукава – 16000
Ветэран працы – 6000
За перамогу над Германіяй – 20000
За доблесную працу ў вайну – 30000
30 гадоў Савецкай Арміі і Флоту – 30000
40 гадоў Савецкай Арміі і Флоту – 30000
50 гадоў Савецкай Арміі і Флоту – 8000
60 гадоў Савецкай Арміі і Флоту – 6000
70 гадоў Савецкай Арміі і Флоту – 6000
Такім чынам, прыкладна за 400 тысяч рублёў можна набыць пералічаны вышэй спіс медалёў. За пасведчанне да кожнага з іх давядзецца аддаць па 15000, за пустое, незапоўненае пасведчанне – 25000.
Некаторыя ўкраінскія і расійскія фірмы ў інтэрнэт-крамах прапаноўваюць набыць дакладную копію ордэнаў.
Зорка Героя СССР – 55 долараў
Зорка Героя Сацыялістычнай Працы СССР – 55 долараў
Ордэн Славы – 45 долараў
Ордэн Айчыннай Вайны – 25 долараў
Ордэн Працоўнага Чырвонага Знамені – 55 долараў
Ордэн Чырвонай Зоркі – 40 долараў
Ордэн Працоўнай Славы – 53 долары
Ордэн Знак Пашаны – 40 долараў
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі – 58 долараў
Ордэн Кутузава – 70 долараў
Ордэн Хмяльніцкага – 70 долараў
Вышэйпералічаныя ордэны абыдуцца ў 4,5-4,6 мільёна рублёў.
На рынках і ў інтэрнэт-прасторы можна набыць і афганскія ўзнагароды.
Медаль “Ад удзячнага афганскага народа” – 15 долараў
Медаль “Воіну-інтэрнацыяналісту” – 23 долараў
Знак “Воіну-інтэрнацыяналісту” – 10 долараў
Медаль “10 год вываду войскаў з Афганістана” – 10 долараў
Медаль “20 год вываду войскаў з Афганістана” – 10 долараў
Камплект афганскіх узнагарод абыдзецца ў 550 тысяч рублёў.
І гэта не проста прапановы: мяркуючы па хуткасці, з якой статусы аўкцыёнаў змяняюцца на "завершаны ўдала", гандаль ідзе добра.
Не ведаю, каму і навошта трэба купляць медалі… Хіба толькі калекцыянерам. Але ж іх нехта зарабляў потам і крывёй... Факт застаецца фактам: медалі можна купіць адкрыта. Адзіны ордэн, які купіць немагчыма, – Ордэн Перамогі. Не прадаецца таму, што па законе пасля смерці таго, каго ўзнагародзілі, ордэн вяртаецца ў Алмазны фонд Расійскай Федэрацыі. Агульная вага брыльянтаў, што ўпрыгожваюць ордэн, – 16 карат. Усяго гэтым ордэнам было ўзнагароджана 12 чалавек.
Валянцін ЦІШКО