Опубликовано: 31 марта 2016, 17:10
190

Вілейская паэтка Зінаіда Крупская пра смерць Ніла Гілевіча: Мы згубілі падмурак беларускасці

29 сакавіка пайшоў з жыцця Ніл Гілевіч – апошні народны паэт Беларусі. Ён памёр на 85-м годзе жыцця. Сваімі ўспамінамі пра Ніла Гілевіча, думкамі пра яго ролю ў беларускай паэзіі і жыцці цэлай краіны з Край.бай падзяліліся паэты і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі нашага краю.

Нагадаем, развітанне з паэтам адбудзецца 1 красавіка ў Мінску ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы.

Паэт з Мядзельскага раёна Рагнед Малахоўскі: “На такіх людзей хацелася раўняцца і вучыцца ў іх жыццёвай мудрасці”

Рагнед Малахоўскі да сённяшнега часу памятае сваю першую сустрэчу з Нілам Гілевічам. Пагутарыць з аксакалам, атрымаць ад яго парады было, як прызнаецца сам паэт, вялікім гонарам. Вось, што ён расказвае:

– У 2006 годзе, калі ўступаў у Саюз пісьменнікаў Беларусі, мне ўпершыню пашчасціла ўбачыць Ніла Гілевіча. Ад яго зыходзіла нейкая таемная ўраўнаважанасць і глыбінная мудрасць. Калі вырашаліся спрэчныя пытанні, і зала пачынала шумець, Ніл Сымонавіч уставаў – і імгненна наступала цішыня. Яго словы і выраз твару заўсёды былі ўпэўненыя і пераканаўчыя. Адразу ж звяртала на сябе ўвагу тое, наколькі моцна паважаюць гэтага аксакала калегі. На такіх людзей хочацца раўняцца і вучыцца ў іх жыццёвай мудрасці. Пасля ў дворыку Дома літаратара ад радасці, што далучыўся да прафесійнага творчага аб’яднання, я асмеліўся прадставіцца Нілу Сымонавічу. Вядома, са школьнай праграмы я памятаў яго творы, але, каб вось так пагаварыць з жывым класікам, які не пагрэбаваў, знайшоў час на пачаткоўца – найвялікшы гонар для мяне. Мы размаўлялі пра маю творчасць і літаратурны шлях, пра бацькоў і Нарач, пра адказнасць перад словам і патрэбу самаўдасканалення. Я адчуваў, што Ніл Сымонавіч вельмі перажывае за будучыню маладых пісьменнікаў, але чамусьці здалося, што яму самому крыху не хапае ўвагі з боку маладых. Размова была вельмі шчырая, і я атрымаў некалькі каштоўных творчых і жыццёвых парад, якіх прытрымліваюся і па сённяшні дзень. Вядома, мы перасякаліся і пазней на некаторых літаратурных мерапрыемствах, але найбольш запамінальнай была менавіта першая сустрэча, калі волат роднай літаратуры дабраславіў на літаратурную працу і натхніў маладога зялёнага паэта.

Рагнед Малахоўскі

Изображение 1

Вілейская паэтка Зінаіда Крупская: “Мы згубілі падмурак беларускасці”

Настаўнік фальклорна-побытавых танцаў вілейскай гімназіі №2 Зінаіда Крупская зазначае, што сустракалася з Нілам Гілевічам аднойчы. Аднак яна назаўсёды запомніла яго галоўны прынцып.

– Памятаю, як аднойчы на творчай сустрэчы ён сказаў: “Перш, чым слова напісаць, прагаварыце яго ўслых. Бо гэтае слова трэба вынасіць, можа, і з тыдзень, а, можа, і з два”. Ён запытаўся ў аўдыторыі: “Вы думаеце, у мяне адразу ж вершы сыпяцца? Я кожнае слоўца выношваю ў душы сваёй.

Зінаіда Крупская

Изображение 2

Для беларусаў смерць Гілевіча – гэта вельмі вялікая страта. Я ў вялікім смутку. Я вельмі сумую, бо мы згубілі падмурак беларускасці. Гілевіч быў змагаром за родную мову. І думаю, што не хутка такі чалавек, як Ніл Гілевіч, з’явіцца, а можа і ўвогуле не з’явіцца. Мы, беларусы, не гатовы да таго, каб абараніць родную мову, а тым больш, каб нарадзіўся такі сапраўдны беларус, як Ніл Гілевіч.

Краязнаўца Міхась Казлоўскі: “Я не ведаю, што будзе цяпер з намі, з нацыяй…”

Ніл Гілевіч быў публічны і камунікатыўны. Яго творчасць адыграла асноўную ролю ў фармаванні мяне як чалавека. Я яго паэзію люблю яшчэ са школы. Памятаю верш, які запаў мне ў душу: «Спявайце, юныя паэты...». Верш гэты заканчваецца радкамі:
Спявайце, помнячы нязменна:
Пакуль паэты будуць пець
– Не быць Радзіме безыменнай,
Зямлі бацькоў – не анямець!

Верш гэты я тады ўспрыняў у свой адрас.

Міхась Казлоўскі

Изображение 3

Першы раз я яго сустрэў у 85-86 гадах. Ён тады прыехаў у Цэнтральную бібліятэку Маладзечна. Вось там я яго першы раз і ўбачыў. Памятаю выразныя вочы Гілевіча: уважлівыя і чалавечныя.

Аднавілі адносіны мы ў 2000 годзе. Я перадаў яму першы нумар часопіса “Куфэрак Віленшчыны”. А праз пэўны час атрымаў ад яго ліст на 10 аркушаў. Той першы нумар нават даваў чытаць Янку Брылю. Ён для мяне быў найвялікшым маральным і літаратурным аўтарытэтам.

Кожны твор Гілевіча – змаганне

Да яго 80-годдзя многія пісалі пра яго артыкулы. Напісаў і я. Пасля ўсе гэтыя артыкулы чытаў сам Гілевіч. Адабраў з іх самыя лепшыя на яго думку і выдаў іх кнігай. У той кнізе “Узрост вышыні” ёсць і мой пра яго артыкул – “Напачатку было слова”, ён чацьвёртым стаіць. Я вельмі рады, што Ніл Сымонавіч прачытаў тое, што я думаю пра яго. Рады, што я змог яму гэта сказаць. Рады, што не спазніўся. Не кожнаму шанцуе сказать патрэбныя словы патрэбным людзям. Я паспеў.

Калі ў мяне спыталіся: “Скажыце адным словам, што такое “Гілевіч”? Я адказаў: “Усё! Бо Гілевіч – гэта і беларуская праўда, і беларуская вера, і беларуская перспектыва. Пакуль Гілевіч жыў – была вера ў сёння і заўтра Беларусі”.

Пакуль не пабачу яго ў труне, не магу і не хачу верыць, што яго больш няма

Я быў у яго ў гасцях за тыдзень да смерці. Я прывёз яму кніжку сваю. Мы разам з ім прачыталі прамову. Ён чытаў вельмі ўважліва, а пасля сказаў “Дзякуй, браток”. Апошнія дні яму было цяжка, пячатка смерці ўжо прысутнічала. Яго смерць – страшэнны ўдар, другі для мяне пасля смерці Брыля. Гэта быў апошні аўтарытэт. Ніл Сымонавіч апошнія гады амаль не выходзіў на вуліцу, але мы ведалі: Гілевіч тут, з намі. Яму няма роўных… Няма каго паставіць побач з Быкавым, Гілевічам, Брылём і Караткевічам.

Гілевіч да апошняга заставаўся праваслаўным

Гэта быў сапраўдны дзяржаўны муж, якому балела сэрца за Беларусь. 30 сакавіка Свет асірацеў і здрабнеў… У Маладзечне памерла з дзясятак мужоў – горад заціх. Памёр адзін Гілевіч – асірацеў цэлы Свет. Смерць забірае лепшых. Я рады, я шчаслівы, што Гілевіч быў у маім жыцці. Не кожнаму так шанцуе. Да апошняга Ніл Сымонавіч верыў у Бога і маліўся. Ён быў праваслаўным і не хаваў гэтага. Што будзе з намі пасля смерці Гілевіча? Што будзе з нацыяй? Не ведаю. Я пытаюся ў сябе, а адказу няма.

Пісьменнік Віктар Шніп: "Адчуванне, што літаратурнае неба Беларусі падае!"

Калі памёр Рыгор Барадулін, а потым Генадзь Бураўкін, было вельмі балюча і сумна, але ў душы гучалі словы: “Яшчэ ёсць Гілевіч!”. А цяпер, калі не стала Ніла Сымонавіча, здаецца, што з хвіліны ягонага сыходу ў лепшы свет пачало падаць беларускае літаратурнае неба, якое доўгі час трымалася і на Быкаву, і на Барадуліну, і на Бураўкіну, і на Гілевічу. Неба падае на пакаленне пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў 40-я гады мінулага стагоддзя… Яно падае на іх плечы, ці утрымаюць яны яго?

Віктар Шніп

Изображение 4

Гілевіч быў як бацька

З Нілам Сымонавічам было добра і лёгка. Ён запомніцца сардэчным і спакойным. Пасля размовы з ім у сэрцы заставалася адчуванне, што ўсё будзе добра, адчуванне спакою і ўпэўненасці за будучыню як літаратурнага, так і грамадскага жыцця.

Ніл Сымонавіч нарадзіўся ў верасні 1931-га, як і мой бацька, таму пры сустрэчы з ім я часам лавіў сябе на думцы: “Размаўляю, як з бацькам…” Апошнімі гадамі ён пры сустрэчах распытваўся пра маіх бацькоў. З ім не было адчування, што ты гаворыш з мэтрам ці аксакалам, не было нейкай адчужанасці… Гілевіч ніколі ў простым жыцці не быў ваявітым “рэвалюцыянерам”, ён гаварыў проста і ціха, уважліва слухаў… Так, калі было трэба, на трыбуне падчас выступаў – ён быў грамадскім дзеячам, трыбунам і паэтам. Але ў жыцці я запомню яго ціхім, уважлівым і спакойным.

Гілевіч не баяўся смерці

Апошні раз я сустракаўся з Гілевічам паўгода таму. Мы размаўлялі з ім, і ў размове прагучалі словы: “Я не баюся смерці…”. Так! Ён смерці не баяўся, бо ён ведаў, хто ён і што зрабіў. Другога такога пісьменніка няма і не будзе.

Для мяне Гілевіч – вяршыня творчай Беларусі. На ім трымалася літаратурнае неба. З ім адыйшла цэлая эпоха. Але, калі б не было Гілевіча, не было б сённяшняй Беларусі.

Навуковец Барыс Бароўскі: “Без яго мы – не нацыя!”

Мне цяжка падабраць словы. Гэта не проста страта для мяне, гэта страта для усёй краіны. Ніл Сымонавіч – волат, беларускі стоўп, на якім трымалася ўсё. Я ведаў яго з 1998 года, калі ён прыязджаў у Маладзечна. Ніяк не магу ўсвядоміць, што яго больш няма. Пэўна ж ёсць і тыя, хто не сумуе па ім, а, можа, нават радуецца. Не будзем іх судзіць. Бог ім суддзя.

30 сакавіка памерлі годнасць і гонар Беларусі. Няма больш надзеі, што ўсё будзе добра. Памёр апошні народны паэт, нічога добрага ад гэтага не чакаю. Памёр носьбіт мовы, памрэ мова, а без мовы мы – не нацыя. Мы так, насельніцтва. Мы ад 30 сакавіка перасталі быць нацыяй.

Любы з нас – нішто ў параўнанні з Гілевічам. Царства яму нябеснага. Хай Бог яго прыме.

Валянцін ЦІШКО, Кацярына СУШКО
Фотаздымкі з архіва Край.бай

Читайте также

Единственный гол с игры. ФК «Молодечно» дебютирует в элите и пропускает либо с пенальти, либо на флажке
Футбольный клуб «Молодечно» 15 марта в Гродно сыграл первую игру в высшей лиге чемпионата Беларуси после своего 22-летнего отсутствия в ней.
От тракториста до начальника производства. Нашли актуальные вакансии в Вилейском районе с зарплатой от 2 тысяч рублей
На официальном портале государственной службы занятости опубликован ряд вакансий с высокой зарплатой. По состоянию на 12 марта на сайте мы нашли несколько десятков организаций и предприятий, где есть предложения с заработной платой от 2 тысяч белорусских рублей и выше.
В Вилейке водитель совершил наезд на пешехода. Пострадавшему потребовалась помощь медиков
Дорожно-транспортное происшествие произошло в Вилейке 15 марта около 8 часов 55 минут.