У Маладзечне адбылася прэзентацыя выданняў да юбілею Купалы і Коласа (ФОТА)
“Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас”, – адзначыў на прэзентацыі галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп.
У цэнтральнай раённай бібліятэцы 9 чэрвеня прадставілі факсіміле зборніка “Шляхам жыцця”, паэмы “Сымон-музыка” і іншыя кнігі, выдадзеныя да 130-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа.
На прэзентацыі выступіў галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп. Ён расказаў, што першыя кнігі, прымеркаваныя да юбілею, выйшлі ў 2009. Гэта быў “Янкаў вянок: Дзецям пра Янку Купалу” Уладзіміра Ліпскага. А таксама “Коласаў абярэг: Дзецям пра Якуба Коласа” (2011 год) Міколы Маляўкі.
Віктар Шніп расказаў таксама, што факсіміле “Сымона-музыкі” і “Шляхам жыцця” выдадзеныя ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
Па словах Віктара Шніпа, праз месяц з’явіцца кніга Галіны Шаблінскай, якая ўтрымлівае каля 100 артыкулаў-успамінаў пра Янку Купалу людзей, якія асабіста ведалі песняра, працавалі з ім.
Рыхтуецца да друку і кніга ўспамінаў пра Якуба Коласа. “На публікацыю некаторых тэкстаў сын пісьменніка, Міхаіл Канстацінавіч, пакуль не дае дазволу. А нам, выдавецтву, хочацца, каб увайшло як мага больш, каб ствараўся найбольш поўны вобраз Якуба Коласа”, – сказаў Віктар Шніп.
Супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі беларусі Людміла Сільнова расказала пра даваенныя выданні кніг Купалы і Коласа, якія ёсць у бібліятэцы.
Маладзечанскі краязнаўца Міхась Казлоўскі пазнаёміў прысутных з кнігай Рыгора Семашкевіча “Янка Купала і беларускае адраджэнне” (2012 год), укладальнікам якой ён з’яўляецца. Па словах Міхася Казлоўскага, у кнігу увайшла ўся навуковая спадчына Рыгора Семашкевіча. Пачынаючы ад нарыса “Янка Купала і Наша Ніва” і заканчваючы манаграфіяй “Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.)”. Кніга выйшла пры фінансавай падтрымцы Маладзечанскага райвыканкама.
Па словах укладальніка, захаваныя ўсе асаблівасці тэксту тых часоў. “Там шмат напісана пра КПСС і з’езды партыі. Але я не ўпаўнаважаны іх скарачаць, нешта выкідаць”, – патлумачыў Міхась Казлоўскі.
Міхась Казлоўскі выказаўся і пра факсіміле “Сымона-музыкі”. “Гэта не факсіміле, не дакладнае ўзнаўленне кнігі. Гэта самароб: у той кнігі вокладка была іншая. І гэта памылка Нацыянальнай бібліятэкі”, – сказаў ён.
Да юбілею былі надрукаваныя зборнік дакументаў і матэрыялаў “Купала і Колас, вы нас гадавалі” у дзвюх кнігах (2010 і 2011 гады), другое выданне кнігі Уладзіміра Гніламёдава “Янка Купала. Жыццё і творчасць” (2012 год), іншыя.
Напрыканцы прэзентацыі быў прадэманстраваны фільм пра Якуба Коласа “Я – часавы вандроўнік”.
Усе матэрыялы аб фестывалі можна прачытаць ТУТ.
Святлана ЦІШКО
Фота аўтара