Опубликовано: 09 апреля 2012, 20:13
104

Рыгор Сарока: Сцэна – вельмі капрызная дама. Ты мог учора мець імя, а сёння будзеш асмяяным

Яго музычны інструмент – сімфанічны аркестр, а лепшы сябра – жонка. Ён 10 разоў падцягваецца на турніку і цытуе паэму «Новая зямля» Якуба Коласа.

Але навечна жыццё Рыгора Сарокі звязана з музыкай.

Карэспандэнт Край.by пагутарыла з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам маладзечанскага сімфанічнага аркестра, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь і дырэктарам музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага пра яго жыццё, працу і захапленні.

- Рыгор Сямёнавіч, калі Вы зразумелі, што Ваша жыццё непарыўна звязана з музыкай?

– Я быў простым вясковым хлапчуком. Але назавіце мне іншага такога хлапчука, які б слухаў у вёсцы оперу: «Царскую нявесту», «Пікавую даму». Імкненне было ад нараджэння. Таму ніякіх ваганняў з нагоды сваёй будучыні ў мяне не было. Я ведаў, што яна будзе звязана з музыкай.

- Бацькі падтрымалі Вас у музычным захапленні?

– Мой бацька – Сямён Сарока – адчуў гэта адразу. Ён быў выдатным краўцом, вельмі таленавітым, шыў гарнітуры Юрыю Антонаву і шматлікім гарадскім стылягам. Ён сам граў на некаторых музычных інструментах. Перыядычна дарыў мне то домру, то балалайку, то гармонік, то баян. Па сутнасці, ён з-за мяне пабудаваў дом у Маладзечне. Мама з сястрой не хацелі пераязджаць у горад з Турэц-Баяраў, яны былі вясковыя. Мама – звеннявая па вырошчванні льну, у Маскве атрымлівала залатыя медалі. Ёй вясковае жыццё было бліжэй. А я ў горад рваўся. І ўдзячны бацьку за падтрымку.

- Ваш першы прафесійны музычны інструмент?

– Я быў баяністам. Скончыў музычную школу, потым вучылішча ў Маладзечне, затым займаўся ў акадэміі музыкі. Калі там вучыўся, мне было дадзена права займацца дадаткова аркестровым дырыжыраваннем. Аказалася, што гэта і было маё шчасце. Я быў моцным баяністам, лаўрэатам конкурсаў, але я выбраў прафесію дырыжора. Мой інструмент, на якім я іграю сёння, – гэта сімфанічны аркестр.

– Што Вы адчуваеце, калі кіруеце сімфанічным аркестрам?

– Пачуцці складаныя. Вы ведаеце, я больш люблю рэпетыцыйны працэс. Мяне не хвалюе тады, што ў маю спіну «страляюць» тысячы вачэй, сочаць за кожным маім рухам. На рэпетыцыі ёсць я, музыка і музыканты. Мы купаемся ў геніяльных творах. А на сцэне з’яўляецца пачуццё адказнасці за аркестрантаў. У людзей проста могуць здаць нервы. Бо на канцэртах ёсць шмат сольных момантаў. Паверце, гэта вельмі стрэсавыя сітуацыі.

– Як Вы думаеце, што павінны бачыць у Вас музыканты?

– У мяне ў аркестры сядзяць 30 музыкаў з вышэйшай кансерваторскай адукацыяй. Для іх і астатніх я павінен быць цікавым. Інтэлект і эмоцыі – гэта першачарговае ў дырыжору. Таксама я павінен мець талент арганізатара. Гэта трэба для таго, каб калектыў жыў у радасці, адчуваў, што кожны ўдзельнік тут патрэбны. У маіх сілах арганізаваць для аркестра найцікавейшыя праграмы. Калі мы выходзім у залу, музыкі бачаць, што яна «ўпакавана» людзьмі. А гэта і ёсць прызнанне таго, што наша праца не марная.

– Як выглядае Ваш дзень перад прэм'ерным канцэртам?

– Мне вельмі цяжка яго пражыць. Я еду ў лес, на дачу і сяку там дровы... Я ні пра што не магу думаць. А апошнія хвіліны для любога артыста асабліва цяжкія. Наша прафесія вельмі прыгожая: прыхільнікі, кветкі. Але ўсё жыццё ты павінен даказваць, што трымаеш узровень, што увесь час расцеш. Сцэна - вельмі капрызная дама. Ты мог учора мець імя, а сёння будзеш асмяяным.

– Рыгор Сямёнавіч, як Вы паводзіце сябе ў адносінах да зайздросных людзей?

– Самае галоўнае, што я сам нікому не зайздрошчу. А тых, хто глядзіць з зайздрасцю на таленавітага чалавека, я шкадую, бо гэта вельмі цяжкае пачуццё. У мяне есць некалькі пастулатаў, якімі я карыстаюся ў жыцці. Па-першае, калі ты хочаш дайсці да мэты, ідучы па дарозе, ніколі не нахіляйся за каменем, каб ударыць ім сабаку, што на цябе брэша. Бо ты ніколі не дойдзеш. Другі мой пастулат: калі чалавек будзе рабіць мне дрэнна, я зраблю яму ў адказ добра. Хай калі-небудзь яму стане сорамна за самога сябе.

– А як ставіцеся да таленавітых людзей?

– Да ўсіх роўна і з павагай. Я рады за таленавітых людзей. Калі б я іх, напрыклад, баяўся, то не было б майго аркестра. Вось я такі адзін – дуб, а вакол кусцікі. Гэта абсалютна няправільна. І тое, што ля мяне столькі таленавітых, таксама пацверджанне таго, што я жыву без зайздрасці.

– У Вас шмат сяброў?

– Сяброў шмат быць не можа. Добрых знаёмых – так. Але сябра – гэта складаная рэч, гэта той чалавек, які парадуецца твайму поспеху, а не паспачувае ў горы. Раздзяліць шчыра тваю радасць зможа толькі сапраўдны сябра. І дзякуй Богу, што некалькі такіх чалавек ёсць у маім жыцці. Я ганаруся тымі сяброўскімі адносінамі, якія захаваліся у нас праз многія гады.

– Ваша жонка ўваходзіць у гэты лік?

– Вось гэта – так. Лічу, што многія ў сямейным жыцці пражываюць у адзіноце. Адзінота побач з другім чалавекам больш цяжкая, чым проста быць аднаму. А мець у сваёй жонцы сябра, чалавека, які разумее і падтрымлівае ў складаных пытаннях і праектах, – гэта дарагога каштуе. І ў сваёй жонцы я маю такога сябра. Калі б не наш з ёй сямейны саюз, то я, напэўна, і оперы б не паставіў.

– Рыгор Сямёнавіч, Вы амаль заўсёды размаўляеце па-беларуску. Для Вас гэта важна?

– Гэта ж мая мова. Я ж не гуляю. Я проста валодаю ёй аднолькава, як і рускай. Але у мяне, як у беларуса, першая дзяржаўная мова – беларуская. На жаль, многія здраджваюць роднай мове. Яны ўхапіліся за тое, што ў нас дзве мовы, і абралі для сябе толькі рускую. Дык я не той чалавек. Руская мова – мова вялікага суседа, на яе не трэба забывацца, на ёй размаўляюць мільёны. Але першая дзяржаўная мова – гэта беларуская. Я павінен сказаць, што не трэба ківаць на ўладу, якая быццам забараняе гаварыць па-беларуску. Мне ніхто не забараняў выступаць на тэлебачанні на беларускай мове. Многія сустрэчы, дзе я быў, завяршаліся тым, што ўсе пачыналі гаварыць на ёй. Гэта факт. Мая мова ўражвае, бо я ёй валодаю. Я думаю на ёй не размаўляюць ад нашай беларускай ляноты, бо трэба прыкласці намаганні, каб гаварыць прыгожа і правільна, а не на «трасянцы». Бо трэба вучыць правілы, разгортваць слоўнікі, чытаць беларускія творы. Паверце, калі не чытаць нашых класікаў, авалодаць беларускай мовай немагчыма.

– А які беларускі аўтар Вам падабаецца больш за іншых?

– Уладзімір Караткевіч. Ніхто не можа з ім цягацца ў майстэрстве прозы. Я вельмі люблю Коласа, нядаўна перачытваў «Новую зямлю» і магу хоць зараз прачытаць з яе ўрыўкі на памяць. А Караткевіч – гэта глыбіня, гэта гісторыя краіны, пачатак нашай беларускасці. Наколькі гэта інтэлектуальны чалавек, гэта пісьменнік міравога класу!

– Вы заняты чалавек, але я ведаю, знаходзіце час і на літаратуру. Якую ролю у Вашым жыцці адыгрывае кніга?

– Я вялікі кнігалюб. З дзяцінства чытаў. Я не пражываю дня без кніг. Гэта мае настаўнікі. Я і моладзі кажу, што ніякі камп’ютар вам не дасць таго вопыту, які знойдзецца ў літаратурных творах. Усе памылкі, праблемныя сітуацыі назапашаныя стагоддзямі ў кнігах. Нездарма кажуць, што разумны чалавек вучыцца на чужых памылках. Вось у кнігах можна знайсці адказы на многія пытанні.

– Якую кнігу Вы прачыталі апошняй?

– У мяне была стрэсавая сітуацыя па праекце «Кармэн», хваляванні, перажыванні. У такі момант я чытаю што-небудзь лёгкае, тыпу дэтэктыва. Канешне, не Данскую ці штосьці падобнае, а больш сур’ёзнае. У гэты час я чытаў Чэйза.

– Я так разумею, што Вашы асноўныя «сябры» – музыка і кнігі. А што яшчэ крочыць з Вамі неадрыўна па жыцці?

– Спорт. Кожны дзень. Усё жыцце – зарадка, хадзьба, турнік… Я сёння магу на турніку падцягнуцца 10 разоў. А дырыжорства. Гэта вялікая фізічная праца. Незагартаваны чалавек не вытрымае нагрузкі опернай пастаноўкі.

– Ці ёсць у Вас хобі?

- У мяне на дачы ёсць сад, і даглядаць яго для мяне асалода. Я умею правесці абрэзку дрэўцаў, іх апырскаць. Я аматар більярда. На дачы перш-наперш я зрабіў другі паверх і ўсталяваў там прафесійнае абсталяванне. Калі прыязджае хтосьці з сяброў, мы можам вельмі сур’ёзна пагуляць у більярд. Раз на тыдзень я хаджу з сябрамі ў гарадскі басейн і саўну. Без выпіўкі, толькі для здароўя.

- На колькі Вы самастойны чалавек у бытавым плане?

- Я думаю, што змог бы пражыць адзін, калі б давялося. Я умею варыць кашу, кампот. Магу сам выбраць сабе адзенне і абутак. Як правіла, заўсёды ўдала.

- І ў якія крамы Вы заходзіце часцей?

- Я стараюся заўжды выглядаць элегантна. Абутак - беларускі, адзенне купляю у крамах Мінска, Маладзечна. Калі быў жывы бацька, я хадзіў толькі ў тым, што ён мне шыў. Мы бралі часопіс і выбіралі мадэлі. Я хадзіў у горадзе, як ніхто. Мая вопратка была эксклюзіўнай. Тады я не купляў нічога. Мой бацька кожны год да Вялікадня шыў сыну новы касцюм. Увогуле, ён не мала зрабіў для таго, каб я сёння стаў тым, хто я ёсць. І ў музычным плане таксама.

- Тады напрыканцы хочацца зноў спытаць пра музыку. Вы ўжо дасягнулі тых вышынь, калі можна сказаць, што Вам як дырыжору няма куды расці?

- Калі б я не рос, я б ўсё кінуў. Гэта для мяне прынцыпова.

Алёна СПІРЫДОН

Читайте также

Доктор Ядвига Войцеховская: «Футболисты знают друг друга и травм стараются не наносить». 11 мини-футбольный тур состоялся в Молодечно
В Молодечно на паркете зала игровых видов спорта Ледового дворца 15 декабря прошел 11 тур открытого чемпионата города по мини-футболу. В центральном матче тура вилейская «Мехатроника» выиграла у «Молодечногаза» со счетом 2:0.
«Лес растет независимо от доллара». На региональной ярмарке узнали, что елки в Молодечно не дорожают третий год, и глянули, чем еще торговали
В Молодечно на пешеходной улице Притыцкого 21 декабря прошла региональная Рождественская ярмарка. Молодечненский лесхоз продавал елки по цене трехлетней давности, Голиб торговал пятирублевым шашлыком и пловом, а продавец меда Олег сетовал, что ярмарке не хватило рекламы.
Пенсионер приехал из Нарочи на дачу в Поставский район и увидел, что его дачный дом выгорел изнутри
Дачный дом выгорел внутри в деревне Рамейки Поставского района. 69-летний хозяин обнаружил это 21 декабря, когда приехал к себе на дачу. В момент его приезда в доме уже ничего не горело.