Двухсотгадовыя экспанаты можна ўбачыць у прыватным музеі Паўла Каўрыгі каля Краснага на Маладзечыншчыне
Беларускамоўны выкладчык, дацэнт кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Павел Каўрыга арганізаваў на сваім лецішчы этнаграфічны музей.
З Паўлам Каўрыгам я знаёмы даўно, яшчэ са студэнцкіх гадоў. Ён нарадзіўся на Маладзечыншчыне ў 1946 годзе, у працавітай сялянскай сям’і, у якой усе карысталіся ў побыце нашай цудоўнай беларускай мовай. І калі на пачатку 90-х гадоў была прынята Дэкларацыя аб незалежнасці краіны, а беларуская мова абвешчана адзінай дзяржаўнай, ён усе свае прадметы пачаў выкладаць студэнтам геаграфічнага факультэта БДУ толькі на роднай беларускай мове. Не адмовіўся ад гэтага і сёння. І зусім не выпадкова, што за сваю адданасць роднай мове Павел Каўрыга быў узнагароджаны дыпломам і медалём Аркадзя Смоліча “За шанаванне роднага краю”, дыпломам Таварыства беларускай школы, прэміяй акадэміка Вацлава Ластоўскага і іншымі ўзнагародамі.
....Неяк Павел Антонавіч расказаў мне пра свайго дзядулю, Аляксандра Вікенцьевіча Ярмалковіча, якога ён ласкава называў дзед Саша. Гэта быў чалавек выдатных здольнасцяў. Ён, як той тульскі Ляўша, мог і блыху падкаваць. Дзед Саша быў глыбока веруючым чалавекам. Аднойчы, у час вайны, да яго ўварваўся раз’юшаны немец з аўтаматам, хацеў, мабыць, выгнаць усіх з хаты. Але ўбачыў на сцяне шмат абразоў, пастаяў моўчкі і выйшаў. Пасля вайны дзед Саша многім аднавяскоўцам пабудаваў хаты, бо ўмеў зладзіць вуглы дома на розны манер: і па-беларуску, і па-нямецку. Умеў ён скласці і печы: гэтае майстэрства перадавалася ў яго сям’і з пакалення ў пакаленне. Пасля вайны дзядуля выконваў у калгасе розную працу: сталярнічаў, шыў хамуты для коней, рабіў збрую, майстраваў калёсы. Нават сам старшыня калгаса лічыў за гонар праехаць на брычцы, зробленай яго рукамі. Рабіў дзед Саша таксама і бразготкі, ці шархуны, якія прымацоўваліся да хамута, і не злічыць, колькі пар маладых, што браліся шлюбам, імчаліся на вясельных брычках пад звон бразготак, зробленых яго ўмелымі рукамі. Вырабляў дзядуля таксама прасы, шыў боты, бандарнічаў, вырошчваў у сваім садзе ружы. Гэта быў сапраўдны народны майстар! А калі дзеду Сашу споўнілася 97 год, ён пераехаў жыць да сваёй дачкі ў вёску Куранец, што на Вілейшчыне. Пражыў Аляксандр Вікенцьевіч доўгі век — 102 гады. А перад сконам усе зробленыя ім рэчы і рабочыя інструменты ён пакінуў у спадчыну свайму любімаму ўнуку Паўлу. Дзядуля меў рацыю, бо ён бачыў, як ягоны ўнук прыглядаецца да сакрэтаў майстэрства, дапамагае яму.
Я не ведаў, як Павел Антонавіч распарадзіўся гэтай спадчынай. Але сёлета я сустрэўся з Паўлам Каўрыгам і яго жонкай Людмілай Васільеўнай на Ракуцёўскім свяце, прысвечаным 120-годдзю Максіма Багдановіча, і яны прапанавалі мне азнаёміцца з іхнім этнаграфічным музеем, які яны стварылі на сваім лецішчы, недалёка ад вёскі Краснае.
Тое, што мне давялося пабачыць, глыбока ўразіла мяне. За сваё жыццё мне даводзілася наведаць шмат краязнаўчых музеяў, але такой колькасці прылад сялянскага побыту XIX — XX і нават XVII стагоддзя, мне рэдка даводзілася сустракаць. Амаль усе экспанаты музея — спадчына дзеда Сашы.
Пры самым уваходзе ў дом, ля ганка — жорны, якім каля 100 год і на якіх можна яшчэ змалоць муку. На першым паверсе дома — па-майстэрску вырабленыя кошыкі з каранёў яліны, у якіх захоўвалася вяндліна, тут жа ўсялякія драўляныя дзежачкі, лубкі. На другім паверсе ўвагу прыцягваюць рознай канфігурацыі прасы, якія зрабіў дзед Саша. Тут жа і шматлікія бразготкі, вупраж, хамут, боты, якія ён пашыў з цялячай скуры. Ля сцяны стаіць драўляны ложак, які некалі зрабіў майстар. Не пакідала ўражанне, што дзед Саша недзе побач, што ён толькі ўстаў з ложка, выйшаў на двор, і нешта там майстэрыць. А колькі ў музеі рубанкаў, розных станкоў: і ткацкі, і прадзільны, і такарны. Ёсць тут і калаўроты. Трэба бачыць, з якой вялікай любоўю і павагай Павел Каўрыга паказвае кожны экспанат музея. А іх больш за сто.
Самы старажытны экспанат музея - сячкарня — знаходзіцца ў садзе. Павел звяртае нашу ўвагу на дату вырабу сячкарні. Як сведчыць літы надпіс на яе корпусе, сячкарня была выраблена ў Лондане ў 1675-м годзе. На працягу больш як 300 год яна служыла продкам дзеда і яму самому. Сячкарня і зараз знаходзіцца ў выдатнам рабочым стане: Павел Каўрыга бярэ пук саломы і дэманструе яе работу. Сапраўды, рэжа салому быццам новая.
...Экскурсія наша працягваецца. Позірк падае на прыгожую брычку — таксама работу дзеда Сашы. Дзве драбіны яе аздоблены палосачкамі. А на сядзенні фурманкі — чучалы амаль сапраўдных, у натуральную велічыню дзеда і бабы ў беларускіх строях. Здаецца, заржуць запрэжаныя коні, адчыняцца вароты і пад звон бразготак дзед з бабай адправяцца ў Маладзечна на кірмаш.
Павел Каўрыга прыгадаў мне амаль анекдатычны выпадак. Неяк суседка па лецішчы, ведаючы, што гаспадароў няма дома, зазірнула ў іхні агарод. Выпадкова ўбачыла гэтых дзеда з бабай на возе, і ёй здалося, што яны жывыя. Жанчына страціла прытомнасць.
Кірмашовых дзеда з бабаю з вялікай любоўю выканала жонка Паўла Людміла Васільеўна. Лёс паслаў Паўлу жонку з вялікім густам і ўмелымі рукамі. Усе пакоі хаты багата ўпрыгожаны яе пано з саломкі, вышытымі пейзажамі, дарожкамі і сурвэткамі. З высокім майстэрствам Людмілай Васільеўнай выкананы абраз Маці Божай “Замілаванне”. На пачэсным месцы месціцца выкананы ёю з саломкі герб “Пагоня”. Калі ў 1991 годзе была абвешчана незалежнасць Беларусі, Людміла Васільеўна пад глыбокім уздзеяннем гэтай падзеі за адну ноч вырабіла гэты сімвал незалежнай Беларусі.
— Людміла нарадзілася ў Пінску, — у вачах Паўла Антонавіча з’яўляецца асаблівы бляск, калі ён расказвае пра жонку. — Цікавасць да розных відаў народнага мастацтва перадалася ёй ад маці, якая і прала, і вязала, і вышывала.
Але ж і сам гаспадар лецішча атрымаў у спадчыну не толькі дзедавы рэчы, але і яго майстэрства. У народзе кажуць: “Якое семя, такое і племя”. Гэтая мудрая народная прымаўка добра пасуецца да Паўла і яго жонкі Людмілы.
Павел Каўрыга сам змайстраваў дзве газонакасілкі, свае працавітыя рукі ён прыклаў і падчас будаўніцтва дачнага дома, ва ўсіх пакоях без дапамогі электрыкаў зрабіў электраправодку. Добра дагледжаны і агарод, паўсюль шмат кветак, высаджаны розных гатункаў пладовыя дрэвы. У іхняй сям’і двое сыноў, Аляксандр і Юрый, ёсць і ўнукі — Максім і Мікіта. Ёсць глыбокая ўпэўненасць, што нашчадкі Каўрыгаў не будуць адчуваць сябе Іванамі, што не памятаюць свайго роду, што яны зберагуць і нашу цудоўную беларускую мову, і гэтую музейную спадчыну.
Лявон ЦЕЛЕШ
Павел Антонавіч і Людміла Васільеўна з унукам.