Каманда Гродзенскай дыяцэзіі выйграла чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў, што прайшоў у Маладзечне (ФОТА)
У Трэцім чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў 24 лістапада ўдзельнічалі і прадстаўнікі нашага рэгіёна.
На полі былі заўважаныя ксёндз Раман Суша родам з Вілейшчыны, які гуляў за каманду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і ксёндз Юры Бараўнёў, што родам з Маладзечна, а служыць у Порплішчы і Крулеўшчыне Докшыцкага раёна. Ён выступаў у складзе каманды Віцебскай дыяцэзіі.
Партал Край.бай анансаваў гэтую падзею.
Як піша сайт Catholic.by, галоўная інтрыга спаборніцтваў заключалася ў тым, ці здолеюць каманды скласці годную канкурэнцыю гродзенцам і перарваць іх бяспройгрышную серыю на двух чэмпіянатах запар.
Найбольш рэальнымі прэтэндэнтамі на замяшчэнне лідара былі каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі – заваяваць кубак у папярэднія гады ім перашкаджалі толькі паразы ад гродзенцаў.
Кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч размінаецца перад гульнёй. Ён выступаў за дружыну Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Гульня праходзіла па схеме два таймы па 12 хвілін. У спаборніцтвах бралі ўдзел чатыры каманды – па адной дружыне ад дыяцэзіі, таму кожная згуляла па тры матчы.
На адкрыцці спаборніцтваў выступіў кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
Адкрываў чэмпіянат матч святароў з Гродна і Віцебска. З першых хвілін абедзве каманды рынуліся ў атаку, задаўшы высокі тэмп гульні. У выніку ўжо на чацвёртай хвіліне «бліцкрыг» гродзенцаў прынёс плён – 1:0.
Каманда Віцебскай дыяцэзіі старалася не адставаць, але больш тэхнічныя гродзенцы літаральна праз хвіліну зноў пакарылі брамы супернікаў – голам завяршылася імклівая контратака кс. Ян Кузюка.
Браму Гродзенскай дыяцэзіі супернікам удалося ўзяць толькі ў дададзены час першага тайма. Але больш лік не змяняўся – 2:1 на карысць гродзенцаў.
Як завяршыліся іншыя матчы і размеркаваліся месцы, можна паглядзець у турнірнай табліцы
Моманты гульняў
Дзяўчаты з парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне – Святлана Cарока, Марыйка Лубнеўская і Марыя Скапец –
група падтрымкі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
ІІІ Чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў паказаў, што трывалымі лідарамі сёння з’яўляюцца прадстаўнікі Гродзенскай дыяцэзіі. І барацьба за першы радок калі і магчыма, то найбольшыя шансы адваяваць першае месца – у каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Пераможцы – святары Гродзенскай дыяцэзіі
Каманда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заняла другое месца
«Асноўная праблема святароў-футбалістаў Беларусі – фактычна поўная адсутнасць базавай футбольнай падрыхтоўкі», – адзначыў у размове з карэспандэнтам Catholic.by трэнер футбольнай каманды Гродзенскай дыяцэзіі Яўген Сакалоўскі, які трэніруе і зборную Беларусі святароў па міні-футболе.
Па матэрыялах Catholic.by
Фота Валерыя ТРАЦЯКА і з сайта Catholic.by