Опубликовано: 26 июня 2014, 14:42
34

У ЗАГСе распавялі, па якіх прычынах часцей за ўсё разводзяцца маладзечанцы

У чым прычына краху сем’яў маладзечанцаў? Пры якім стажы сумеснага жыцця разводзяцца найчасцей? Аб чым трэба задумацца сучасным бацькам? Над гэтым разважала намеснік начальніка аддзела ЗАГС райвыканкама Эліна Платановіч.

Два візіты ў ЗАГС, чатыры подпісы на дакументах, 600 тысяч рублёў дзяржпошліны, не больш за два месяцы чакання. І вось ён – штамп аб разводзе на 27-й старонцы пашпарта. Даволі простая працэдура, але колькі за ёю хаваецца сямейных трагедый, зламаных лёсаў, страчаных надзей, піша «Маладзечанская газета».

Намеснік начальніка аддзела ЗАГС Маладзечанскага райвыканкама Эліна Платановіч

Изображение 3

– Пасля ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і з 1 студзеня 2013 года пары прыходзяць у ЗАГС не толькі каб зарэгістраваць шлюб, але і каб скасаваць яго ў адміністрацыйным парадку.

– Адразу адзначу, што гэта тычыцца пар, якія не маюць непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак. Акрамя таго, іх жаданне развесціся павінна быць узаемным. У такім выпадку муж і жонка прыходзяць да нас з пашпартамі і падаюць сумесную заяву аб скасаванні шлюбу. Мы разглядаем яе не менш за месяц, але не больш за два. Гэты тэрмін даецца для таго, каб людзі маглі яшчэ раз узважыць сваё рашэнне.

– Вы 13 гадоў працуеце ў ЗАГСе, больш за год займаецеся скасаваннем шлюбаў у адміністрацыйным парадку. У вас, безумоўна, ёсць свае назіранні, меркаванні.

– Летась у раёне былі заключаны 1 292 шлюбы, а скасаваны 491 (380 – у судзе, 111 – у аддзеле ЗАГС). Між тым, у апошнія гады колькасць разводаў знізілася – комплексная работа па ўмацаванні сям’і дае плён. На гэта паўплывала і павелічэнне сумы дзяржпошліны за скасаванне шлюбу, якая складае 4 базавыя велічыні.

– Скажыце, з якім стажам сумеснага жыцця найчасцей распадаюцца сем’і?

– Пераважная большасць – да пяці гадоў. Нават па статыстыцы гэтага года такая тэндэнцыя праглядаецца: за 4 месяцы зарэгістравана 39 разводаў, у 22 выпадках муж і жонка не пражылі разам і пяці гадоў. На другім месцы – сем’і са стажам ад 6 да 10 гадоў, на трэцім, як ні дзіўна, – 25 гадоў і больш. Дзеці выраслі, сталі самастойнымі, і аказваецца, што мужа з жонкай больш нічога не звязвае.

Изображение 4

– Ці заўважылі вы «крызісныя» месяцы, калі разводаў афармляецца найбольш?

– У мінулым годзе лідзіраваў снежань: напэўна, людзям хацелася да Новага года падвесці рысу і ўсё пачаць з чыстага ліста. Больш, чым у іншыя месяцы, разводаў было ў кастрычніку і сакавіку. А вось канец вясны, лета дастаткова спакойныя – дачныя клопаты, адпачынак адцягваюць людзей ад высвятлення адносін. Мы заўважылі і такую заканамернасць: прайшла чарада свят – чакай візіцёраў, якія вырашылі развесціся ці даведацца, што для гэтага трэба.

– Памятаеце, некалі барон Мюнхгаўзен назваў развод найвышэйшым дасягненнем чалавецтва. Вы згодны з гэтым?

– Катэгарычна не. Гэта хутчэй найвышэйшая загана чалавецтва. Я пераканана, што калі двое людзей сустракаюцца і паміж імі прабягае іскрынка кахання, значыць, гэта знак лёсу, вышэйшая воля. Як жа можна гэтым грэбаваць? Магу яшчэ зразумець, калі чалавек памыліўся ў выбары мужа ці жонкі раз у жыцці: бывае, не пашанцавала. Але ж здараецца і па тры, чатыры разы жэняцца-разводзяцца. Некаторыя людзі ставяцца да стварэння сям’і вельмі легкадумна, і гэта мяне вельмі засмучае.

– Раней пры скасаванні шлюбу муж і жонка часцей за ўсё ўказвалі прычыну «не сышліся характарамі». А што цяпер?

– Пры падачы сумеснай заявы, якую супрацоўнік ЗАГСа набірае на камп’ютары, прычына не ўказваецца – над гэтым нават думаць не трэба. На мой погляд, асноўная прычына распаду сем’яў – страта сямейных каштоўнасцей, падзенне маралі. Калі ў мінулыя дзесяцігоддзі ініцыятарамі разводу часцей былі жанчыны, якія пакутавалі з-за п’янства, здрады сваіх мужоў, іх дармаедства, то цяпер, на вялікі жаль, жаночы алкагалізм, амаральнасць усё часцей разбураюць сем’і. Яшчэ адна прычына разводаў – нежаданне, няўменне браць на сябе адказнасць у вырашэнні бытавых ці іншых праблем ды ўвогуле працаваць. Нярэдка бацькі празмерна апякаюць сваіх дзяцей, падносяць ім усё на талерачцы – кватэру, машыну, спраўляюць пышнае вяселле. Асобныя прадстаўнікі сучаснай моладзі і жэняцца, і разводзяцца са смехам. Не перабольшваю: прыходзяць падаваць заяву аб разводзе і смяюцца. Ці не адрываюць вачэй ад мабільнікаў. Дзяцей нараджаць не хочуць – зноў жа баяцца адказнасці. Коціка ці сабачку ім завесці лягчэй. А хіба можа быць сапраўднай сям’я без дзяцей? Прычым лепш, калі іх будзе двое, трое. Адзінае дзіця нават пры выдатным выхаванні вырастае эгаістам.

Изображение 1

– І ўсё ж, вам удаецца пераканаць некаторыя пары не спяшацца з разводам, яшчэ раз абдумаць сваё рашэнне?

– Калі адчуваю іх нерашучасць, бачу, што перажываюць, а іншы раз нават плачуць, раблю спробу з імі пагаварыць. Прафесійны вопыт дапамагае зразумець праблемы і знайсці патрэбныя словы, падтрымаць парадай у няпростай сітуацыі.

– Такія шчырыя размовы маюць плён?

– За чатыры месяцы гэтага года два чалавекі напісалі заявы аб адмове ад скасавання шлюбу, тры пары не з’явіліся на развод. Аднойчы прыйшла жанчына, каб падзякаваць за размову з яе мужам, які адумаўся і вярнуўся ў сям’ю.

– А як вы ставіцеся да так званых «грамадзянскіх» шлюбаў?

– Адмоўна. Знаходжанне ў пазашлюбнай сувязі – гэта нібы жыццё, напісанае на чарнавік. Ды толькі яно такое кароткае. Ці хопіць часу перапісаць начыста? Нездарма ж для нашых дзядоў, бацькоў шлюб быў святым, скасаваць яго лічылася грэхам. І сем’і былі моцныя, бо людзі ўмелі берагчы тое, што дадзена лёсам, маглі і пацярпець, і прымірыцца. Добра, калі ў дзяцей ёсць станоўчы прыклад бацькоў.

Изображение 2

– Статыстыка сведчыць, што ў апошнія гады шлюбы сталеюць. Моладзь не спяшаецца ісці да шлюбу, стараецца спачатку атрымаць адукацыю, абзавесціся жыллём. Які, на вашу думку, аптымальны ўзрост для стварэння сям’і?

– Тут цяжка даць нейкія парады, бо адзін і ў 18 гадоў можа быць абсалютна самастойным і гатовым да сямейнага жыцця чалавекам, а іншы і ў 30 без мамінай парады кроку не ступіць, і ў 50 не ўмее выстройваць адносіны з людзьмі. І ўсё ж, лічу, што ў маладым узросце пачуцці больш шчырыя і людзі жэняцца сапраўды па каханні: іх не цікавіць статус бацькоў жаніха ці нявесты, наяўнасць машыны ці кватэры. На разліку, меркантыльнасці, пераборлівасці сапраўдную сям’ю не пабудуеш. Адна мудрая настаўніца некалі мне сказала: «Лёс павінен напаткаць чалавека тры разы: у каго нарадзіцца, у каго вучыцца і з кім ажаніцца». Калі ў двух першых выпадках ад нас мала што залежыць, то будучага мужа ці жонку мы выбіраем самі, і да гэтага трэба ставіцца вельмі сур’ёзна. І калі вам пашчасціла знайсці сваю палавінку, беражыце яе як самы дарагі падарунак лёсу.

Паводле «Маладзечанскай газеты»
Фота ўзяты з розных сайтаў

Читайте также

Дом загорелся у 79-летней бабушки в Ошмянском районе – она растерялась и позвонила дочери
В деревне Загорняты Ошмянского района перед обедом 25 декабря горел жилой дом, в котором живет 79-летняя бабушка. Хозяйка почувствовала запах дыма и позвонила своей дочери.
Узнали в ГАИ, когда ограничат движение на улицах в Молодечно
В отделе ГАИ Молодечненского РОВД рассказали об ограничении движения в период проведения Рождества и Нового года.
Шестилетняя Вика на подтанцовке и четыре разгрома в пяти играх – 12-й мини-футбольный тур состоялся в Молодечно
Три команды из первой пятерки в таблице открытого чемпионата Молодечно по мини-футболу 22 декабря в 12 туре разгромили своих соперников. Еще два лидера встречались между собой. «Импульс» одержал волевую победу над «Клубом болельщиков ФК «Молодечно» со счетом 4:2.